Вы тут

Не супраць кагосьці, а за супрацоўніцтва


Наша краіна вельмі зацікаўлена ў тым, каб больш цесна супрацоўнічаць з Захадам па шэрагу напрамкаў

Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам, паведамляе БЕЛТА.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі і ЕС апошнім часам разгарнуўся інтэнсіўны дыялог, з'явіліся новыя напрамкі і інтарэсы двухбаковага ўзаемадзеяння.

У прыватнасці, паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь зацікаўлена ў больш цесным супрацоўніцтве з Еўрапейскім саюзам у галіне тэхналогій, перш за ўсё грамадзянскага прызначэння, у развіцці эканамічных кантактаў. На думку беларускага лідара, эканоміка павінна быць фундаментам любых адносін і супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вельмі актуалізаваны апошнім часам такі напрамак, як бяспека, асабліва ва ўсходнім рэгіёне Еўропы. Акрамя таго, важным з'яўляецца ўзаемадзеянне па спыненні трансгранічнай злачыннасці. Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь уносіць значны ўклад у барацьбу з пранікненнем наркотыкаў, ядзерных рэчываў на тэрыторыю Еўропы. «Думаю, што гэты напрамак ужо ў бліжэйшы час будзе ўсё больш і больш актуальным», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, Еўрасаюзу трэба вызначыць некалькі напрамкаў супрацоўніцтва з Еўразійскім эканамічным саюзам. «Думаю, што Еўрапейскаму саюзу трэба было б ведаць аб асноўных тэндэнцыях, якія адбываюцца ў Еўразійскім эканамічным саюзе, а магчыма, і выстройваць ужо сёння адносіны з гэтым глабальным рынкам», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што трэба рэалізаваць ініцыятыву аб глабальным супрацоўніцтве ад Лісабона да Уладзівастока. «Думаю, што мы прыйдзем да таго, што і нашы ваенна-палітычныя блокі будуць неяк падтрымліваць кантакты, а магчыма, і супрацоўнічаць», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы, маючы на ўвазе НАТА і АДКБ.

Гаворачы пра перспектывы «Усходняга партнёрства», Прэзідэнт заўважыў: «Хацелася б, каб яно было перафарматавана са звычайнай палітыкі (напэўна, гэты этап пройдзены ўжо, ён быў, можа, і неабходны) да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на вырашэнні эканамічных праблем».

«І трэба ўсяляк пазбягаць, хоць нам апошнім часам гэта ўдаецца, развіваць партнёрства не супраць каго б там ні было, а за супрацоўніцтва», — адзначыў Прэзідэнт, растлумачыўшы, што мае на ўвазе адносіны з Расіяй, Кітайскай Народнай Рэспублікай.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.