Вы тут

Леанід Кантаровіч — «невядомы» нобелеўскі лаўрэат


Як «эканаміст з дурдома» перавярнуў планавую эканоміку

Леанід Кантаровіч быў геніем. Сапсаваная штампамі свядомасць так і падказвае працяг фразы — «на якіх быў такі багаты пачатак ХХ стагоддзя». Але ж — не. Усё ж такі, як ні круці, а нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры Савецкі Саюз даў некалькі, гэтак жа, як і фізікаў. А па эканоміцы — аднаго-адзінага. Кантаровіча. Моцарт ад навукі, які нарадзіўся ў самую чужую для эканомікі эпоху ў самай антыэканамічнай краіне таго часу, якая, тым не менш, вяла свой эканамічны радавод ад нямецкага эканаміста Маркса.

Яго ўзнагароджвалі, песцілі — Кантаровіч быў ганаровым членам 15 навуковых таварыстваў і ўніверсітэтаў свету: сапраўдны член Акадэміі навук СССР, акадэмік Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Венгерскай, Чэхаславацкай, Югаслаўскай, Мексіканскай акадэмій навук; доктар Маскоўскага, Ленінградскага, Новасібірскага ўніверсітэтаў, а таксама самых вядомых універсітэтаў свету: Ельскага (ЗША), Кембрыджскага і Глазга (Вялікабрытанія), Мюнхенскага (Германія), Парыжскага, Грэнобльскага і Ніцы (Францыя), Хельсінскага (Фінляндыя), Калькуты (Індыя), Вышэйшай школы планавання і статыстыкі ў Варшаве... Вучонага-эканаміста, прызнанага ў многіх краінах планеты на ўсіх кантынентах, лаўрэата Нобелеўскай прэміі 1975 года, на радзіме выпіхвалі, выштурхоўвалі з эканомікі (якая, як вядома, у нас цесна была звязана з палітыкай) у бясшкодную матэматыку.

Амаль немагчыма паверыць у тое, што Леанід Вітальевіч Кантаровіч быў нашым сучаснікам. Ён пайшоў з жыцця ў 1986 годзе, калі краіна балансавала на зломе эпох.

Цяпер яго лічаць стваральнікам так званай матэматычнай эканомікі. А пры жыцці ў навуковых колах ён быў больш вядомы як чалавек, які паставіў «матэматыку на службу сацыялістычнага будаўніцтва». Менавіта так было запісана ў праграмных дакументах рэарганізаванага ім у пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя Ленінградскага фізіка-матэматычнага таварыства. Грымаса лёсу заключалася ў тым, што створаныя ім метады планавання вытворчасці аказаліся больш прыстасаваныя да краін, якія сацыялістычным будаўніцтвам ніколі не займаліся. Адным словам, ён прайшоў па жыцці прызнаным, але не пачутым. Увянчаным, але непатрэбным. Прычым непатрэбным менавіта там, дзе ён мог бы быць запатрабаваны больш за ўсё — у будні вялікіх будоўляў. Чаму ж, маючы ўсё для сусветнай славы, ён стаў самым «невядомым» нобелеўскім лаўрэатам Савецкага Саюза? Гэтаму чалавека і будзе прысвечаны наш расказ.

18-2

Дагнаць і перагнаць

Ленінскі артыкул «Як арганізаваць сацспаборніцтва» быў апублікаваны толькі праз пяць гадоў пасля смерці правадыра Кастрычніцкай рэвалюцыі. Але менавіта ён і даў штуршок так званай індустрыялізацыі, якая азначала пераход савецкай эканомікі да мабілізацыйнай мадэлі. «Даеш савецкі дырыжабль!», «Наперад, сацыялістычная індустрыялізацыя!», «Механізуем Данбас!» — плакаты з такімі лозунгамі красаваліся ва ўсіх савецкіх гарадах і пасёлках. Іх апафеозам было сцвярджэнне: «Будучая вайна стане механізаванай да апошняй шрубкі». Такія дэкарацыі той эпохі.

Унутраны змест быў больш складаным. Пяцігадовы план, прыняты ў 1929 годзе, прадугледжваў тэмпы развіцця эканомікі на ўзроўні 20 працэнтаў. Прамысловая вытворчасць павінна была расці тэмпамі 20-25 працэнтаў за год. Знешне здавалася, што развіццё краіны паскорылася. На справе ж палітычнае пражэкцёрства сталінскага кіраўніцтва парушала нармальнае развіццё эканомікі, навязваючы авантурыстычныя рашэнні і задачы. Гэта вяло да распылення фінансаў, матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, рабочай сілы. Будоўлі ператвараліся ў даўгабуды, якія не здаваліся ў тэрмін і не давалі аддачы, калі іх удавалася запусціць.

Звышпатрабаванні прывялі да ломкі ўсёй сістэмы кіравання, планавання і забеспячэння. Працоўны парыў рабочага класа не мог прадухіліць падзення тэмпаў росту. Калі ў першыя гады пяцігодкі прамысловасць расла на 23 працэнты, то ў 1933-м — усяго на 5,5 працэнта. Падобны сцэнарый, нягледзячы на яго відавочную недасканаласць, паўтараўся і ў наступныя пяцігодкі.

Патрабаваліся зусім новыя ідэі, новая рухаючая сіла, новыя выканаўцы...

[caption id="attachment_80025" align="alignnone" width="600"]18-3 Працы Л. Кантаровіча не змаглі зрабіць «пераварот» у савецкай эканоміцы. Яны спатрэбіліся ў іншых умовах.[/caption]

Рыцар матэматыкі

Леанід Вітальевіч нарадзіўся ў Пецярбургу 19 лютага 1912 года ў сям'і выхадцаў з Беларусі — урачоў Віталя Майсеевіча Кантаровіча і яго жонкі Паўліны Рыгораўны Закс. Бацька паходзіў з мястэчка Наднёман на Уздзеншчыне, а маці нарадзілася ў Мінску. Пажаніўшыся, бацькі перабраліся ў сталіцу імперыі — тут лягчэй было ўладкавацца ў жыцці, асабліва калі меліся здольнасці да якой-небудзь навукі ці справы. Да рэвалюцыі сям'я не гаравала: Віталь Майсеевіч меў сваю клініку ў тры паверхі на адным з цэнтральных праспектаў, калекцыянаваў жывапіс. Захаваўся яго партрэт, напісаны І.І. Бродскім.

У сем гадоў Леанід усур'ёз захапіўся хіміяй. Брат Мікалай, старэйшы за Леаніда на 11 гадоў, паступіў у медыцынскі інстытут, і малодшы зацікавіўся яго падручнікамі хіміі і матэматыкі. Хімію ён неўзабаве ведаў ужо настолькі добра, што Мікалай і яго сябры, адправіўшыся здаваць экзамен, бралі яго ў якасці «хадзячай шпаргалкі». Яго старэйшаму брату, доктару медыцынскіх навук, урачу-псіхіятру, праз шмат гадоў прыйшлося адыграць значную ролю ў лёсе Леаніда. У іх таксама была сястра Лідзія.

Тут здарылася рэвалюцыя і ўсё, што ёй звычайна спадарожнічае: разруха, голад, хваробы. Жыць у Петраградзе стала немагчыма, і сям'я, ад бяды падалей, перабралася ў Мінск, дзе і пражыла некалькі самых неспакойных гадоў. У 1922-м Кантаровічы зноў едуць у Піцер. Тут 9-гадовы Леанід, выконваючы школьнае заданне, нечакана (?) знайшоў нетрадыцыйнае рашэнне складанай матэматычнай задачы. Гэта настолькі ўразіла школьных педагогаў, што пра вучня загаварылі па ўсім горадзе, і Цэнтральная камісія па паляпшэнні побыту вучоных пры Саўнаркаме выдзеліла яму спецыяльную стыпендыю. Праўда, рукамі нічога ён рабіць не ўмеў. Яго маці расказвала такі эпізод: неяк яны прыйшлі да яго настаўніка, прафесара Г.М. Фіхтэнгольца, і яна паскардзілася, што ў побыце многія рэчы ёй даводзіцца рабіць самой, таму што Леанід «нават цвіка ў сценку забіць не можа». На што прафесар спытаў у яе, ці стала б яна забіваць цвікі залатым гадзіннікам?..

У 14 ён ужо паступіў на матэматычнае аддзяленне Ленінградскага ўніверсітэта, а ўжо ў 15 напісаў свае першыя навуковыя работы. Цыкл даследаванняў па дэскрыптыўных тэорыях мностваў і функцый, зробленых у студэнцкія гады, прынёс яму ўжо сусветную вядомасць.

У 20 гадоў Леанід Вітальевіч стаў прафесарам: яго вучні былі старэйшыя за яго.

У 23 гады ён становіцца доктарам навук — без абароны дысертацыі. Калі Кантаровічу было 27, яго вылучылі ў акадэмікі. Праўда, ён палічыў, што занадта для гэтага малады, і адмовіўся ад удзелу ў выбарах.

Захаваўся ліст патрыярха савецкай матэматыкі, акадэміка Мікалая Мікалаевіча Лузіна, адрасаваны 22-гадоваму Леаніду Вітальевічу: «Вас усяго, як чалавека, я не ведаю яшчэ, але тое, што я дакладна ведаю, — гэта памер Вашых духоўных сіл, якія, наколькі я прывык адгадваць людзей, уяўляюць у навуцы неабмежаваныя магчымасці. Гэта больш, чым проста талент».

Работы Кантаровіча ў галіне функцыянальнага аналізу і развітая ім тэорыя паўупарадкаваных прастор (прасторы Кантаровіча) прыцягнулі ўвагу вядомых матэматыкаў. А ў 1938 годзе Леанід Вітальевіч быў удастоены першай прэміі на Усесаюзным конкурсе работ маладых навукоўцаў. Узнагарода гэтая была вельмі прэстыжнай: у той час прэміі імя Леніна былі скасаваныя, а Сталінскія яшчэ не заснаваны. Пра Кантаровіча сталі пісаць газеты, знакаміты мастак Пятроў-Водкін удастоіў маладога вучонага свайго пяра...

Зрэшты, пра яго ведалі не толькі матэматыкі і мастакі. Леанід Вітальевіч, як чалавек грамадска актыўны, уваходзіў у групу так званых матэматыкаў-матэрыялістаў (яе ўзначальваў акадэмік Іван Вінаградаў). Барацьбу з уласнымі калегамі яны вялі жорсткую. Як і было прынята ў той суровы час. І спрэчкі паміж матэматыкамі былі не навуковымі, а хутчэй палітычнымі. Апанентаў, паслядоўнікаў Якава Бярнулі, Леанарда Эйлера, якія выкладалі на кафедры матэматыкі Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта, называлі няйначай як «рэакцыянерамі». Патрабавалі выгнаць іх з матэматычнага таварыства, забараніць выкладанне студэнтам.

«Планавасць і калектыўнасць у рабоце, прымяненне сацыялістычных формаў працы (ударніцтва, сацспаборніцтва і г.д.) — вось у чым залог поспеху матэматычнай працы», — гаворыцца ў зборніку дакументаў, выдадзеным «матэматыкамі-матэрыялістамі» ў 1931 годзе. Ён так і называецца: «На Ленінградскім матэматычным фронце».

[caption id="attachment_80026" align="alignnone" width="600"]18-5 К. С. Пятроў-Водкін «Партрэт Л. В. Кантаровіча», 1938.[/caption]

Культурна жыць — прадуктыўна працаваць

Гэта таксама адзін з лозунгаў эпохі індустрыялізацыі. Бо тады ўсё, што адбывалася ў Савецкім Саюзе, афіцыйна ў друку называлася «культурнай рэвалюцыяй». Так што тыя, хто лічыць, што гэты эўфемізм належыць Маа Цзэдуну, глыбока памыляюцца. Леанід Вітальевіч вельмі хацеў прымяніць свае тэарэтычныя распрацоўкі ў галіне матэматыкі ў практыцы савецкай эканомікі.

Як жа здарылася, што прызнаны матэматык Кантаровіч зацікавіўся эканамічнымі праблемамі? Досыць выпадкова, хоць пэўная цікавасць да эканомікі ў яго была яшчэ ў студэнцкія гады. Ён нават нейкі час працаваў эканамістам, быўшы ў Ташкенце на практыцы пасля 3-га курса. Цікава, што яго кіраўніком тады была вядомая ў мінулым тэрарыстка-эсэрка Марыя Спірыдонава, якая ў канцы 20-х знаходзілася там у ссылцы. Але непасрэднай падставай паслужыла адна з кансультацый. У 1939 годзе да яго звярнулася кіраўніцтва фанернага трэста з просьбай разлічыць найлепшае размеркаванне заданняў паміж рознымі тыпамі лушчыльных станкоў. Абдумваючы гэтую задачу, Леанід Вітальевіч выявіў, што існуе цэлы шэраг аналагічных планава-эканамічных задач, якія таксама маюць праблему ў стварэнні эфектыўных алгарытмаў для свайго вырашэння: найлепшае выкарыстанне пасяўных плошчаў, выбар загрузкі абсталявання, рацыянальны раскрой матэрыялу, выкарыстанне сыравіны, размеркаванне транспартных грузапатокаў, выкарыстанне рэсурсаў для будаўнічай праграмы. Леанід Вітальевіч адразу ўсвядоміў, наколькі важная гэтая задача для эканомікі краіны. Настойлівы пошук рашэння прывёў да адкрыцця лінейнага праграмавання як метаду аптымізацыі выкарыстання абмежаваных рэсурсаў.

Атрыманыя вынікі Кантаровіч апісаў у 1939 годзе ў працы «Матэматычныя метады арганізацыі і планавання вытворчасці». У ёй ён разгледзеў задачы эканомікі, якія паддаюцца адкрытаму ім матэматычнаму метаду. І такім чынам заклаў асновы лінейнага праграмавання затрат. А гэта ў сваю чаргу дазволіла планаваць вытворчасць на працяглыя перыяды.

Цікава, што адначасова з ім, але нічога не ведаючы пра яго працу, такое ж даследаванне праводзіў амерыканскі эканаміст Цьялінг Купманс. І прыйшоў дакладна да такіх жа вынікаў.

І, як гэта часта бывала ў нашай краіне, ідэю Леаніда Кантаровіча ацанілі ў яго ўласнай краіне толькі пасля таго, як яе пачалі актыўна ўжываць за мяжой. У пачатку 40-х гадоў вучоны стаў загадчыкам кафедры матэматыкі Ваеннага інжынерна-тэхнічнага ўніверсітэта. А з пачаткам вайны Кантаровічу прысвоілі званне маёра, і, знаходзячыся ў эвакуацыі ў Яраслаўлі, ён заняўся прыкладнымі ваеннымі даследаваннямі, напісаў падручнік па тэорыі верагоднасцяў для ваенных інжынераў.

Галоўную працу ўсяго свайго жыцця, кнігу «Эканамічны разлік найлепшага выкарыстання рэсурсаў», будучы нобелеўскі лаўрэат скончыў пісаць ў 1942 годзе ў тым жа Яраслаўлі. З 1942-га ён пачаў выходзіць са сваімі прапановамі ў Дзяржплан. А ў 1943 годзе яго даклад абмеркавалі на нарадзе ў старшыні Дзяржплана Мікалая Вазнясенскага. І тут яго бумерангам ударыла яго ўласнае мінулае. Раней за неадпаведнасць «марксісцка-ленінскай ідэалогіі» ён крытыкаваў работы калег-матэматыкаў. Цяпер за тое ж самае яго падверглі абструкцыі калегі-эканамісты. Бяда ў тым, што матэматычная школа ў эканоміцы лічылася тады ў СССР «антымарксісцкай школай», і выкарыстанне матэматыкі ў эканоміцы разглядалася як сродак апалагетыкі капіталізму. Пра гэта пісаў сам Кантаровіч, тлумачачы цяжкасці ўкаранення свайго метаду ў народную гаспадарку. Падчас пасяджэння сёй-той з прысутных нават прапанаваў арыштаваць Кантаровіча. Пасля гэтага некаторыя эканамісты пачалі разважліва пазбягаць сустрэч з навукоўцам, баючыся негатыўных наступстваў. Так што артыкулы, напісаныя вучоным, праляжалі ў рэдакцыях не адзін год.

Адразу ж пасля вайны, не маючы магчымасці займацца эканомікай, Леанід Вітальевіч вяртаецца ў матэматыку. Ён працуе ў Ленінградскім матэматычным інстытуце, і яго асноўныя інтарэсы ляжаць у галіне вылічальнай матэматыкі. Ён стварае агульную тэорыю так званых набліжаных метадаў, якая ператварыла вылічальную матэматыку са збору асобных рэцэптаў у строгую навуку. Гэтая праца была адзначана Сталінскай прэміяй ў 1948 годзе. Акрамя таго, яго прыцягваюць да шэрагу канкрэтных вылічальных работ, у прыватнасці, звязаных з атамнай бомбай (за што ў 1949 годзе ён атрымлівае спецыяльную Урадавую прэмію). Да эканамічнай праблематыкі ён вярнуўся толькі праз гады, калі і сітуацыя ў краіне змянілася, і яго самога запрасілі на працу ў толькі што створанае Сібірскае аддзяленне Акадэміі навук і выбралі членам-карэспандэнтам па спецыяльнасці «эканоміка і статыстыка».

Тады ж раннія працы Кантаровіча пачалі перакладаць на Захадзе, і да Леаніда Вітальевіча прыйшла сусветная слава.

Здавалася, пасля Сталінскай прэміі яго пазіцыі ў савецкім навуковым свеце ўмацаваліся, але на самой справе барацьба працягвалася. У 1957 годзе Кантаровіч спрабуе апублікаваць вялікі рукапіс, напісаны яшчэ ў сорак другім, але прарэктар Ленінградскага ўніверсітэта адмаўляе ў публікацыі, баючыся пазбавіцца з-за яе членства ў партыі. Гэта яшчэ раз паказвае становішча ў навуковым асяроддзі — мала што змянілася нават у перыяд так званай «адлігі».

27 сакавіка 1959 года Л. Кантаровіч выступае на агульным сходзе Акадэміі навук СССР з бліскучым і адважным дакладам пра адставанне эканамічнай навукі ў краіне, яго прычынах і шляхах іх ліквідацыі. На жаль, для многіх эканамістаў тэрмін «эканаметрыка» працягвае заставацца такім жа небяспечным, якім быў за некалькі гадоў да таго тэрмін «кібернетыка». Кантаровіч заўважыў, што ў выніку яўнага або глухога супраціўлення прымяненню матэматычных метадаў эканоміка СССР цяпер значна адстае ў гэтай вобласці ад замежных краін.

Партакраты не даравалі яму гэтага: ужо ў 1960 годзе, пасля даносу, у якім яго абвінавачвалі ў вар'яцтве, маніі велічы, прапагандзе лжэнавуковай ідэі «італьянскага фашыста Парэта, любімца Мусаліні», Кантаровіча змясцілі ў... псіхлячэбніцу. Выпісаўся ён адтуль толькі дзякуючы свайму брату — вядомаму і аўтарытэтнаму тады ў Саюзе псіхіятру Мікалаю Вітальевічу Кантаровічу. Ён адзін змог дапамагчы «хадзячай шпаргалцы».

У сярэдзіне 1960-х радзіма, нарэшце, згаджаецца прызнаць заслугі Кантаровіча ў галіне эканомікі: у 1965 годзе вучонаму прысуджаецца Ленінская прэмія. Праўда, Леаніда Вітальевіча вылучаюць на прэмію яшчэ ў 1962-м, але з-за абвінавачванняў у «злачынствах» супраць «марксісцкай працоўнай тэорыі вартасці» прысуджэнне не адбылося. Затым, у 1964 годзе, вылучаюць траіх — Кантаровіча, Нямчынава, Наважылава за «прымяненне матэматычных метадаў у эканоміцы». І тут жа ў «Правде» з'яўляецца разгромны артыкул «У палоне тэарэтычных памылак», накіраваны менавіта супраць Кантаровіча. Яго падпісваюць чатырнаццаць вядучых савецкіх эканамістаў, абаронцаў адзіна дакладнай эканамічнай тэорыі. Аднак да 1965 года, калі старшыня Савета Міністраў Касыгін азначыў праграму эканамічных рэформаў, сітуацыя змянілася — работы Кантаровіча маглі быць у ёй выкарыстаны...

З 1971 года і да канца жыцця акадэмік Кантаровіч кіруе ў Маскве лабараторыямі ў Інстытуце кіравання народнай гаспадаркай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхніцы і ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў Дзяржплана СССР і АН СССР. Да таго часу ён ужо заваяваў сусветнае прызнанне, стаў ганаровым доктарам многіх замежных універсітэтаў і членам вядучых замежных акадэмій.

Нобелеўскую прэмію Леаніду Кантаровічу далі за «ўклад у тэорыю аптымальнага размеркавання рэсурсаў». Праца, якая прынесла аўтару сусветную славу, была апублікавана ў 1959 годзе. А напісана ў 1942-м. Тая самая праца, за якую аўтара прапаноўвалі паставіць да сценкі. «Да сценкі» тады, дарэчы, паставілі старшыню Дзяржплана Вазнясенскага, які граміў маладога вучонага, але гэта іншая гісторыя. Дык вось, Леанід Вітальевіч павінен быў атрымаць Нобелеўскую прэмію яшчэ ў 1973 годзе, разам з амерыканскім эканамістам расійскага паходжання Васілём Васільевічам Лявонцьевым. Але Лявонцьеў быў эмігрантам, і Нобелеўскі камітэт вырашыў паасцярожнічаць, правесці разведку — як у Савецкім Саюзе адрэагуюць на такое прысуджэнне? Нашы чыноўнікі адказалі, што лепш разам з эмігрантам не прысуджаць. Так што сваю ўзнагароду — Нобелеўскую прэмію «За ўклад у тэорыю аптымальнага размеркавання рэсурсаў» — Леанід Вітальевіч атрымаў толькі 14 кастрычніка 1975-га — разам з узгаданым ужо Цьялінгам Купмансам. Праўда, паведамленне было апублікавана ў савецкіх газетах толькі 18-га — маленькая нататка ў тры радкі. Дарэчы, на цырымоніі ўручэння прадстаўнік Шведскай каралеўскай акадэміі навук адзначыў: «Асноўныя эканамічныя праблемы могуць вывучацца ў навуковым плане, незалежна ад палітычнай арганізацыі грамадства, у якім яны даследуюцца». І гэта было праўдай.

Так, даводзілася цяжка, але ён быў вельмі настойлівым чалавекам. Калі ў чымсьці быў упэўнены, то заўсёды спрабаваў гэтага дабіцца, хай і не заўсёды ўдавалася. І не баяўся дамагацца, не шкадаваў сіл для гэтага. Калі было небяспечна — адкладваў, на ражон не лез, але ніколі не адмаўляўся ад сваіх перакананняў. Вядома, напрыклад, што ён атрымаў Нобелеўскую прэмію адначасова з Сахаравым. А група савецкіх акадэмікаў павінна была падпісаць ліст з пратэстам супраць прысуджэння прэміі Андрэю Сахараву. Сказалі і Леаніду Вітальевічу, прыстрашыўшы, што калі ён не падпіша, у Стакгольм не паедзе. А ён адмовіўся: не адпусцяць — значыць, не паеду. І ўсё ж паехаў, хоць не падпісаў...

Дык ці дачакаўся Леанід Вітальевіч прымянення сваіх ідэй на практыцы? І так, і не. Першае ў свеце рэальнае прымяненне лінейнага праграмавання, згодна з яго навуковым даследаваннем, было ажыццёўлена на ленінградскім вагонабудаўнічым заводзе імя Ягорава яшчэ ў 1949-1950 гадах. Трэба сказаць, завод пры гэтым нечакана пацярпеў... За год у іх на 5% павялічылася карыснае выкарыстанне матэрыялаў — з 91 да 96%, адпаведна, адходы зменшыліся больш чым удвая — з 9 да 4%. Плануючы «па дасягнутым узроўні», заводу загадалі павялічыць на наступны год карысны выхад яшчэ на 5%, гэта значыць у памеры 101%. Тады Леанід Вітальевіч узяў у Акадэміі навук афіцыйную даведку для Дзяржплана пра тое, што карысна выкарыстоўваць метал больш, чым на 100%, немагчыма! Але завод да таго моманту ўжо пазбавілі прэміі за невыкананне плана па... здачы металалому. Вядома, Леаніду Кантаровічу даводзілася прыкладаць вялізныя намаганні для ўкаранення сваіх ідэй і метадаў у эканамічную практыку.

Геній у асабістым жыцці

Вось як успамінае пра Леаніда Вітальевіча яго сын, эканаміст Усевалад Леанідавіч Кантаровіч:

— Бацькам ён быў вельмі мяккім. Ён наогул мяккі чалавек быў па жыцці, вельмі спакойны і зусім бясстрашны. Успамінаю такі эпізод — гэта было ў 1956 годзе. Мы ехалі на «Победе» з Прыбалтыкі: за рулём сястра, бацька побач з ёй, а ззаду я з мамай. Мама спала, я загледзеўся ў бакавое акно. І тут сястра, а яна толькі нядаўна навучылася вадзіць, убачыла, што ў яе дрэнна зачынены дзверцы. Стала іх зачыняць, а тым часам дарога крута павярнула... і машына апынулася на левай узбочыне. Што і казаць — сітуацыя даволі небяспечная. А тата мой, гледзячы, як насустрач нясецца аўтапоезд, зусім спакойным голасам, з характэрным вымаўленнем, кажа: «Ирочка, мне кажется, мы немножко не туда едем...».

А наогул з ранняга дзяцінства я памятаю, што ён заўсёды быў заняты, вельмі многа працаваў. Але і сям'ёй займаўся. Плаваць вельмі любіў і мяне рана навучыў. Плаваў ён не хутка, але вельмі падоўгу і мог адплысці далёка ў мора. У 1981 годзе, падчас міжнароднай канферэнцыі ў Афінах, група яе ўдзельнікаў пайшла на пляж, і Леанід Вітальевіч паплыў. Прайшло ўжо некалькі гадзін, а ён усё не вяртаўся. Нарэшце прыехаў на машыне. Аказалася, што, плывучы да берага, ён прамахнуўся з выбарам напрамку і выплыў за некалькі кіламетраў ад месца, дзе размясцілася група. А ў 1976 годзе ён з мамай адпачываў на Рыжскім узмор'і і, плывучы удалечыні ад берага, ледзь не сутыкнуўся з... кітом. Кіт пранёсся на вялікай хуткасці за два метры ад яго. Праўда, бацька спачатку выказаў здагадку, што гэта была падводная лодка, але праз пару дзён у газеце з'явілася паведамленне пра кіта, які выкінуўся на бераг Рыжскага заліва.

Бацька вельмі любіў кампаніі, бяседы і выпіць не грэбаваў... Сам гатаваць не ўмеў, але выдатна ў ежы разбіраўся. У яго быў вельмі шырокі круг зносін — калегі, паплечнікі, блізкія сябры, якія засталіся з юнацтва, — Д.К. Фадзееў, І.П. Натансон, С.Л. Собалеў... Калі я быў маленькім, у нас збіралася кампанія ўніверсітэцкіх прафесараў. Дзмітрый Канстанцінавіч Фадзееў, вядомы матэматык, музыцыраваў — ён скончыў і матэматычны факультэт, і кансерваторыю. Вершы чыталі. Леанід Вітальевіч шмат вершаў ведаў, у тым ліку і на англійскай мове, Кіплінга любіў. Англійскую ён ва ўніверсітэце вучыў, ведаў французскую — ад маці. Але лепш за ўсё гаварыў па-нямецку — пасля «ўшчыльнення» ў 1920-я гады ў іх кватэры з'явіліся суседзі, адзін з іх быў немцам.

Леанід Вітальевіч бачыў, што краіна, дзеля якой ён працаваў доўгія гады, не можа ці не хоча годна ацаніць яго працы... Дзе ён знаходзіў сілы, каб не падаць духам? Адказ просты: чалавек ён быў упарты і, нягледзячы ні на што, працягваў працаваць і верыць, што ўсё будзе добра, што не ён, дык нехта ў будучыні абавязкова даб'ецца поспеху. Леанід Вітальевіч памёр у 1986 годзе ад раку. Я ўспамінаю яго апошні дзень нараджэння. Ён тады сказаў тост і, у прыватнасці, сказаў: галоўнае ў жыцці — гэта не навуковыя дасягненні, галоўнае — пастарацца рабіць дабро людзям. Гэта значыць, на самой справе, наколькі я яго разумею, да гэтага і зводзілася ўся яго дзейнасць як эканаміста. Бо калі ён пачаў займацца гэтым, адразу было зразумела, што ніякія лаўры яму не свяцілі, а адны кухталі. Але ён лічыў, што калі-небудзь яго праца павінна дапамагчы людзям жыць нармальна.

Ён быў вельмі цэльны чалавек і... ёмісты.

У сваім апошнім інтэрв'ю газеце «Неделя», апублікаваным у пачатку жніўня 1986 года, Кантаровіч сумным жартам падсумаваў шматгадовую гісторыю сваіх прац: «Вядома, навука ідзе наперад, нейкія рэчы ўдакладняюцца, становяцца больш зразумелымі. Але нават у працах паўвекавой даўнасці няма амаль нічога, ад чаго б я цяпер адмовіўся... Аднойчы ў часы, калі матэматычныя метады і звязаныя з імі ідэі ў эканоміцы не былі гэтак прызнанымі, я звярнуўся да рэдактара акадэмічнага часопіса з пытаннем пра лёс аднаго свайго артыкула. Яго доўга не прапускалі ў друк. Рэдактар, просячы прабачэння, так патлумачыў мне прычыну затрымкі: «Мне трэба прапусціць цэлую кучу артыкулаў, якія заўтра ўжо будуць нікому не патрэбнымі, да іх аўтараў трэба быць паблажлівымі... А вашыя артыкулы, Леанід Вітальевіч, можна будзе надрукаваць і праз 10 гадоў, і праз 20, яны ўсё роўна не састарэюць...».

Анатоль СЛАНЕЎСКІ.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.