Вы тут

Статыстыка ў жаночым абліччы


Старшыня Белстата жадае зрабіць шчаслівымі 2 тысячы чалавек

Каля чатырох месяцаў таму старшынёй Нацыянальнага статыстычнага камітэта стала Іна Мядзведзева. У інтэрв'ю «Звяздзе» яна расказала пра тое, як змянялася праца ў Белстаце з савецкіх часоў да нашых дзён, як ствараюць новыя вымярэнні, як яна змагаецца са стрэсам і як вопыт працы ў Адміністрацыі Прэзідэнта дапамагае спраўляцца з самымі складанымі задачамі.

18-37

18-37

 

— Іна Віктараўна, сёння статыстыка — адна з самых дынамічных і аператыўных галін. А якім чынам збіраліся звесткі ў Савецкім Саюзе, калі не было інтэрнэту? Наколькі складаней было працаваць у той час?

— Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне пры Савеце Міністраў БССР з'яўлялася саюзна-рэспубліканскім органам, які падпарадкоўваўся Савету Міністраў БССР і ЦСУ СССР. Адной з найважнейшых задач апошняй структуры было ажыццяўленне мерапрыемстваў па цэнтралізацыі ўліку і статыстыкі, улік выканання дзяржаўных планаў. Асноўны інструментарый — статыстычная справаздачнасць, якая доўгія гады падавалася ў органы дзяржаўнай статыстыкі на папяровым носьбіце, а дакладней, на папяровым бланку, кур'ерам альбо па пошце. Апрацоўка першасных статыстычных звестак выраблялася спачатку пры дапамозе звычайных драўляных лічыльнікаў, затым — падліковых лагарыфмічных лінеек, яшчэ пазней — механічных вылічальных машын тыпу «Фелікс». Гэтыя прыборы можна ўбачыць у музеі статыстыкі, размешчаным у будынку нашага камітэта.

— Якія змены адбыліся ў статыстыцы за перыяд суверэннага развіцця Беларусі?

— У першае дзесяцігоддзе стаяла задача арганізаваць працу сістэмы органаў дзяржаўнай статыстыкі ў першую чаргу для забеспячэння дзяржаўных органаў аператыўнай і актуальнай інфармацыяй. Органы дзяржаўнай статыстыкі з ёй справіліся. У ходзе паслядоўнай рэалізацыі трох стратэгічных праграм развіцця дзяржаўнай статыстыкі забяспечана прававая база, практычна нанова створана макраэканамічная статыстыка, статыстыка ўзроўню жыцця, працы, коштаў, заснаваныя на міжнародных стандартах і правілах. У далейшым паўстала пытанне масавай інфарматызацыі органаў дзяржаўнай статыстыкі і ўдасканалення сістэмы збору звестак. З ёй Белстат таксама паспяхова справіўся, у тым ліку шляхам стварэння Адзінай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай статыстыкі. Прамысловая эксплуатацыя (АІСДС) пачала працаваць у ліпені 2013 года. У выніку выканання дзяржаўнай праграмы рэалізацыі гэтай сістэмы створаны і функцыянуюць сем цэнтраў апрацоўкі звестак ва ўсіх абласцях і ў Мінску; створаны лакальныя вылічальныя сеткі ва ўсіх тэрытарыяльных органах дзяржаўнай статыстыкі, у тым ліку ў 114 раённых аддзелах статыстыкі; створана і запушчана ў эксплуатацыю карпаратыўная тэлекамунікацыйная сетка. З дапамогай АІСДС у 2014 годзе забяспечаны збор статыстычнай справаздачнасці ў электронным фармаце па 87 формах. У 2015 годзе ў электронным выглядзе будзе збірацца справаздачнасць ужо па 95 формах цэнтралізаваных дзяржаўных статыстычных назіранняў, што складае 87,2% ад іх агульнай колькасці. Цяпер найбольш актуальнае пытанне — распаўсюджванне інфармацыі і праца з карыстальнікамі.

— Як ствараюцца новыя паказчыкі, па якіх праводзяцца вымярэнні і даследаванні?

— У першую чаргу гэта наяўнасць запытаў органаў дзяржаўнага кіравання аб мэтазгоднасці вывучэння якога-небудзь эканамічнага ці сацыяльнага працэсу. Па-другое, гэта сумесная праца з міжнароднымі арганізацыямі. Мы запаўняем вялікую колькасць міжнародных апытальнікаў, якія патрабуюць вялікай дакладнасці і глыбокага вывучэння некаторых працэсаў. Пры неабходнасці прымаецца рашэнне аб пашырэнні паказчыкаў. Акрамя таго, мы самі можам прыняць рашэнне аб пашырэнні паказчыкаў, калі разумеем, напрыклад, што пэўныя разлікі патрабуюць дадатковага вывучэння. Для нас важна разумець глыбіню неабходнасці выкарыстання гэтай лічбы.

— Ці маглі б вы назваць некалькі паказчыкаў, якія ўвядуць неўзабаве, альбо тыя, у якіх няма неабходнасці?

— У найбліжэйшы час новых паказчыкаў уводзіць мы не маем намеру. Наадварот плануем скарачаць іх колькасць. У першую чаргу разглядаецца пытанне скарачэння спецыфічных паказчыкаў, якія ўяўляюць цікавасць толькі для асобных органаў дзяржаўнай улады, такія як, напрыклад, тэхналагічнасць вытворчасці.

— Ці ёсць у Белстата эксклюзіўная інфармацыя, акрамя той, што публікуецца адкрыта?

— Такая інфармацыя ёсць. Гэта ў першую чаргу першасныя статыстычныя звесткі. Яны вельмі цікавыя для карыстальнікаў. Але мы ў адпаведнасці з заканадаўствам захоўваем іх канфідэнцыяльнасць. Яны могуць быць прадастаўлены толькі са згоды рэспандэнта — удзельніка статыстычнага назірання. Цікавая інфармацыя таксама збіраецца пры правядзенні перапісаў, калі людзям задаюцца пытанні больш асабістага характару, а таксама пры правядзенні выбарачных абследаванняў хатніх гаспадарак. Пад хатняй гаспадаркай мы разумеем адзінку грамадства, якая можа складацца з аднаго чалавека, сям'і з дзецьмі або без дзяцей. У ходзе іх абследавання вывучаем забяспечанасць, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій, узровень занятасці, стаўленне да беспрацоўя, на што збіраюць грошы. Дарэчы, зараз завяршаецца абследаванне хатніх гаспадарак па бюджэце часу, пачалася падрыхтоўка да перапісу насельніцтва 2020 года. Я лічу, вынікі гэтых назіранняў таксама будуць цікавамі для ўсіх.

— Працэсы інтэграцыі на постсавецкай прасторы, бясспрэчна, маюць патрэбу ў адпаведным лічбавым апісанні. Ці з'явілася ў Белстаце больш працы ў сувязі з інтэграцыяй у ЕАЭС?

— Вядома. У Еўразійскай эканамічнай камісіі ёсць асобны дэпартамент, які займаецца статыстыкай. Гэты дэпартамент выконвае вялікі аб'ём работ і займаецца, у тым ліку, макраэканамічнымі пытаннямі. Цяпер ідзе «стыкоўка» статыстык у знешнім гандлі, разліках нацыянальных рахункаў. Асноўнае пытанне — збліжэнне падыходаў нацыянальных статыстычных службаў дзяржаў-удзельніц па разліку гэтых паказчыкаў у мэтах забеспячэння іх супастаўнасці. Каб пашырыць супрацоўніцтва з боку дэпартамента статыстыкі ЕЭК, ёсць запыты на даследаванні і ў іншых галінах статыстыкі.

— Пасля гэтай публікацыі, праца ў органах дзяржаўнай статыстыкі можа зацікавіць некаторых нашых чытачоў. Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць прэтэндэнт, каб яго прынялі на працу?

— Праца ў органах статыстыкі з'яўляецца дзяржаўнай службай. Агульныя патрабаванні да кандыдатаў на пасаду дзяржаўнага служачага вядомы ўсім. Гэта наяўнасць вышэйшай адукацыі, стаж працы па спецыяльнасці, а таксама веданне заканадаўства Рэспублікі Беларусь, агульнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і сітуацыі ў краіне, структуры дзяржаўных органаў у рэспубліцы і рэгіёнах. Аднак варта адзначыць, што на сучасным этапе развіцця эканомікі патрабаванні да дзяржаўных служачых значна ўзраслі. Бо ад прафесіяналізму і кампетэнтнасці шмат у чым залежыць эфектыўнасць тых рэформаў, якія праводзяцца ў краіне. Аснова прафесіяналізму — наяўнасць практычнага вопыту і жаданне яго рэалізаваць, здольнасць да пастаяннага самаўдасканалення і прафесійнага росту, у тым ліку ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. І апошняе, але не менш важнае — наяўнасць пэўнага набору дзелавых, асабістых і маральных якасцяў, да якіх адносяцца арганізаванасць, адказнасць, стараннасць, уменне працаваць з інфармацыяй, ініцыятыўнасць, камунікабельнасць, арыентацыя на вынік.

— Вядома, што з 2005 па 2014 год вы працавалі начальнікам галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта. Скажыце, што складаней: узначальваць Белстат або працаваць у Адміністрацыі?

— Цяжка сказаць. У кожнай пасады ёсць свае складанасці. Дзякуючы пасадзе начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта прыйшлося вывучыць шырокі круг пытанняў, нават тэхналагічныя працэсы, напрыклад, нафтавай галіны, для таго, каб падрыхтаваць аб'ектыўны даклад для кіраўніка краіны. І гэты вопыт на новай пасадзе проста незаменны. Адносна зместу работы мяркуйце самі. У Адміністрацыі Прэзідэнта я кіравала 14-ю чалавекамі, цяпер жа ў мяне каля 2 тысяч супрацоўнікаў. І мне неабходна арганізаваць іх працу, надаючы асаблівую ўвагу пытанню пастаяннага ўдасканалення дзейнасці органаў дзяржаўнай статыстыкі. У Адміністрацыі Прэзідэнта мая праца была больш накіравана на выпрацоўку прапаноў па развіцці эканомікі і вызначэнні яе мэтавых арыенціраў, падтрымкі суб'ектаў гаспадарання. У Белстаце ж неабходна адсочваць рэалізацыю гэтых прапаноў на практыцы і прадастаўляць інфармацыю зацікаўленым органам дзяржаўнага кіравання для фармулёўкі новых прапаноў.

— Іна Віктараўна, ці ёсць у вас нейкія канкрэтныя імкненні і планы на будучыню?

— Самая галоўная задача для мяне сёння — арганізаваць працу органаў сістэмы дзяржаўнай статыстыкі, вывучыць усе нюансы, сфармуляваць прапановы па яе ўдасканаленні і рэалізаваць іх на практыцы. Спраўлюся — зраблю крышачку больш шчаслівымі каля 2 тысяч беларусаў — сваіх падначаленых. Гэта мая галоўная мэта. Пасля дасягнення гэтай мэты, безумоўна, з'явяцца новыя.

— Высокая дзяржаўная пасада з'яўляецца, напэўна, галоўнай прычынай, якая прыводзіць да стрэсу. А як вы змагаецеся са стрэсам?

— Я ўсміхаюся. У нас вельмі добры калектыў, згуртаваны і таварыскі. Шчыра кажучы, для мяне вельмі важна тое, што яны побач і падтрымліваюць мяне.

Ілья КРЫЖЭВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.