Вы тут

Выйшаў на суботнік — дапамог дзіцяці


На сабраныя сёння грошы набудуць апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх для немаўлят

Згодна з пастановай Савета Міністраў №270, палова сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, будзе пералічана Мінфіну і пойдзе на апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх для аддзяленняў інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі арганізацый аховы здароўя, якія аказваюць медыцынскую дапамогу дзецям. Абсталяванне паступіць у кожную вобласць.

18-48

— Такая тэхніка жыццёва неабходная для многіх нованароджаных і дзяцей з цяжкімі захворваннямі, — кажа намеснік дырэктара па педыятрыі Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Маці і дзіця» Алена УЛЕЗКА. — Штучная вентыляцыя лёгкіх патрэбна для выходжвання немаўлят з экстрэмальна нізкай масай цела, меншай за кілаграм. Некаторыя з іх не могуць дыхаць самастойна ажно да трохмесячнага ўзросту. Толькі ў нашым цэнтры, у аддзяленні рэанімацыі, штогод выходжваецца каля 900 нованароджаных. Апараты таксама патрэбны малым з прыроджанай пнеўманіяй і іншымі відамі дыхальнай паталогіі, выкарыстоўваюцца для перадаперацыйнай падрыхтоўкі.

Астатнія грошы аблвыканкамы і Мінгарвыканкам накіруюць на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых летнікаў да сезона і рэстаўрацыю помнікаў, мемарыялаў і месцаў пахавання часоў Вялікай Айчыннай вайны. Так, у Магілёўскай вобласці, дзе сёння плануюць сабраць больш за 7 мільярдаў рублёў, на атрыманыя сродкі адрамантуюць летнікі «Мара», «Чайка» і «Крыніца».

На Гомельшчыне на аднаўленне месцаў для дзіцячага адпачынку пойдзе прыблізна 4,5 мільярда. Суму, заробленую ў Гродзенскай вобласці, выдаткуюць на будаўніцтва Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі і на ўладкаванне Кургана Славы.

Брэстчына частку грошай накіруе на ўзвядзенне маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці. Цэнтр ствараецца на базе былых казармаў 125-га стралковага палка на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці. Ідэю з'яўлення такога аб'екта ў Брэсце абкам БРСМ сфармуляваў яшчэ тры гады таму. Ініцыятыва была падтрымана на ўзроўні краіны. Аблвыканкам прафінансаваў праектныя работы, і ў канцы 2014 года пачаліся будаўніцтва і рэканструкцыя. Будаўнікам належыць адрэстаўраваць фасады будынка былога штаба палка, рэканструяваць унутраныя памяшканні і інжынернае абсталяванне, словам, аднавіць аб'ект у першапачатковым выглядзе.

Маладзёжны патрыятычны цэнтр стане месцам правядзення выхаваўчай работы з юнакамі і дзяўчатамі. На яго базе плануецца праводзіць ваенна-палявыя зборы і рэканструкцыі, фестывалі патрыятычнай песні, канцэрты, конкурсы творчых работ, навуковыя тэматычныя семінары.

Другой чаргой аб'екта стане аднаўленне казармы стралковага палка і крапасных казематаў. Паводле задумкі архітэктараў, з часам у цэнтры будзе абсталявана гістарычная гасцініца з інтэр'ерам і атрыбутыкай побыту вайскоўцаў гарнізона крэпасці даваенных часоў.

Паводле слоў другога сакратара Брэсцкага абкама БРСМ Мікалая ЛУГАЎСКОГА, цэнтр аб'яўлены абласной маладзёжнай будоўляй. Моладзь, студэнты пастаянна праводзяць там працоўныя дэсанты. Вось і падчас суботніка маладыя людзі плануюць плённа папрацаваць на добраўпарадкаванні, а таксама на будаўнічай пляцоўцы. Каб арганізаваць работу найбольш рацыянальна, працоўныя атрады раздзяліліся. Першы атрад колькасцю 65 чалавек папрацуе ў пятніцу, а ў суботу на аб'ект прыйдуць студэнты, рабочая моладзь — усяго 130 чалавек. Адна брыгада з іх зоймецца пракладкай оптавалаконнай лініі да будучага цэнтра. Дарэчы, Брэсцкі філіял РУП «Белтэлекам» выступіў спонсарам гэтай пракладкі.

«Сродкі, накіраваныя на паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання, на Брэстчыне таксама спатрэбяцца, — сказала карэспандэнту газеты намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкай вобласці Алена ІЛЬЯШАВА. — Усе медыцынскія ўстановы маюць планы паступовага перааснашчэння і гатовы атрымаць новае абсталяванне. Так, два гады таму за кошт сродкаў суботніка вобласць атрымала чатыры новыя машыны хуткай дапамогі. І гэта стала добрым унёскам ва ўмацаванне тэхнічнага парка адпаведнай службы». Паводле слоў галоўнага ўрача абласной дзіцячай бальніцы Васіля АПАНАСЕВІЧА, бальніца мае ўсё патрэбнае для лячэння абсталяванне. Але памяняць некаторыя элементы аснашчэння ў рэанімацыі, а таксама ў аддзяленні для нованароджаных на больш сучаснае — азначае ўзняць узровень дапамогі на новую прыступку.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, Святлана ЯСКЕВІЧ.

Раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты пералічваюць грашовыя сродкі, атрыманыя ад правядзення рэспубліканскага суботніка, на асобныя рахункі абласных выканаўчых камітэтаў. Абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт штодня пералічваюць 50 працэнтаў грашовых сродкаў, якія паступілі ад правядзення рэспубліканскага суботніка, на асобны рахунак Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь нумар 3640900000088 у Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, код банка 153005042, УНП Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь 100691903.

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.