Вы тут

Каму і чаму мы абавязаныя сваім букваром?


Беларускі пісьменнік Анатоль Клышка 16 красавіка адзначыў васьмідзесяцігоддзе. Дзецям і бацькам ён знаёмы ў першую чаргу як аўтар буквара, літаратурнай суполцы — як паэт, перакладчык і крытык, для навукоўцаў ён таксама калега, акрамя ўсяго іншага, журналіст, педагог, асветнік, адраджэнец беларускай культуры і заслужаны работнік культуры Беларусі. Да знакавага юбілею Анатоль Канстанцінавіч прыйшоў з выбітным шэрагам якасцей, доўгім паслужным спісам і такім жа — узнагарод.

18-14

Анатоль Клышка пачынаў сваю «кар'еру» з месца карэктара ў навагрудскай газеце, вучыўся ў Навагрудскім вучылішчы, у гэты ж час дэбютаваў з вершам, а хутка стаў выступаць як крытык, потым з'явілася кніга літаратурна-крытычных артыкулаў «Права на верш».

Часткова менавіта вучылішчу трэба дзякаваць за будучы беларускі «Буквар»: Анатоль Клышка адзначаў грунтоўную методыку гэтай установы ў навучанні грамаце. Паўплываў таксама часопіс «Полымя», дзе пісьменнік некаторы час працаваў, і яго тагачасны галоўны рэдактар Максім Танк, які неяк сказаў пра важнасць наяўнасці ў народа сваіх герба, гімна, сцяга, буквара, энцыклапедыі і календара.

Да таго ж Анатоль Клышка — сам бацька траіх дзяцей, якім, вядома ж, хочацца даць усё найлепшае і дзеля якіх не складана вывучыць метады навучання грамаце па сотнях іншых асобнікаў на розных мовах, розных народаў.

Па «Буквары» Анатоля Клышкі, які ўжо безліч разоў дапрацоўваўся і перавыдаваўся, дзеці і сёння вучацца чытаць, а ўжо потым — чытаюць яго дзіцячую прозу «У лясах Белавежы», «Самая лепшая хатка», «Вярэнька загадак» і «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга», вучацца па яго падручніках і дапаможніках для школьнікаў. Свой вопыт пісьменнік выкарыстаў і для стварэння буквароў на рускай і польскай мовах.

Юбіляр вядомы таксама як перакладчык са старажытнагрэчаскай на беларускую мову «Новага Запавету», які спрабаваў зрабіць як мага бліжэйшым да арыгінала і як мага вальнейшым ад паланізмаў і русізмаў. Яму ж належыць пераклад «Пастуховай гісторыі пра Дафніса і Хлою» старажытнагрэчаскага аўтара Лонга і ўвогуле пераклады з нямецкай, лацінскай, польскай, украінскай і іншых моў.

Анатоль Клышка па творчасці Максіма Багдановіча, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна і іншых аўтараў даследуе праблемы развіцця беларускай паэзіі і методыкі навучання і выкладання літаратуры ў школе.

Атрымліваецца, што «заслужаны работнік культуры Беларусі» — гэта вельмі проста сказана.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».