Вы тут

На сваіх плячах


Ці заўсёды энтузіязм да месца?

Залаты перыяд гісторыі нашага кінематографа, на жаль, застаўся ў мінулым. 1960-1980 гады далі нам выбітных аўтараў Віктара Турава, Ігара Дабралюбава, Барыса Сцяпанава, Валерыя Рубінчыка, Віталія Чацверыкова. Гэта імёны-легенды, якія на кінастудыі з дзяржаўным фінансаваннем стваралі гісторыю і годны вобраз беларускага кіно. Сёння наш кінематограф, калі яго сістэма ў нейкім сэнсе стагнуе, губляецца і блытаецца, ужо амаль не вызначаецца імёнамі — хутчэй фільмамі-адзінкамі. Калі сродкаў на самы дарагі від мастацтва не хапае, за справу бярэцца звычайны (а можа, і незвычайны) чалавечы энтузіязм і вылучаецца безбюджэтнае кіно ці кіно «за свой кошт». Гэта становіцца адной з тэндэнцый сучаснага беларускага кінематографа, якія мы адзначаем у «Кінакроках».

[caption id="attachment_80041" align="alignnone" width="600"]18-28 Кадр з філь­ма «Зды­маць на па­ра­жэн­не» Кі­ры­ла Нон­га, які ў прэ­се на­зы­ва­юць вост­ра­сю­жэт­ным ба­е­ві­ком.[/caption]

Гандлёва-эканамічныя адносіны

Мы пачыналі размову пра рухі нашага кіно (у піку тым, хто думае, быццам яму не да тэндэнцый) з размовы пра сумесныя намаганні нашых вытворцаў з расійскімі ў стварэнні рамантычных, прыгодніцкіх камедый. «Вось гэта каханне!», «Нерэальнае каханне» і «З 8 Сакавіка, мужчыны!» — тры яскравыя прыклады апошняга часу, якія паказалі, што мы можам здымаць розныя фільмы. Працягвалі мы вылучэннем такой тэндэнцыі, як ухіл у бок капрадукцый, на прыкладах карцін «У тумане» Сяргея Лазніцы, «Роля» Канстанціна Лапушанскага і «Я не вярнуся» Ільмара Раага.

А прыйшлі да таго, што беларускае кіно ўсё роўна не дастаткова цікавіць айчыннага гледача, які прагне відовішчаў і, магчыма, шукае таго самага няўлоўнага, беларускага, «свайго». Відовішчаў хапае ў мэйнстрымаўскай палітры нашага кінапракату (у асноўным яна складаецца з высокабюджэтных замежных карцін), у праектаў такога кшталту і механізмы прасоўвання іншыя, і грошы большыя.

Што ж са «сваім»? Беларускае кіно беларускаму гледачу павінна быць цікава — у ім унікальная душа, асаблівая ментальнасць, адзінае мінулае і агульная для ўсіх праблематыка. Праекты з дзяржаўным фінансаваннем таксама не напоўніцу адпавядаюць спадзяванням. Можа, нашы энтузіясты ў гэты час працуюць над унікальным беларускім кіно? Адзінае, што трэба сказаць папярэдне — іх прыклады часам становяцца ў шэраг найлепшых айчынных карцін.

Вядома ж, фільмы за свой кошт здымаліся заўсёды і, напэўна, у кожнай кінематаграфіі свету. Мы не кажам пра братоў Люм'ер, Жоржа Мельеса ці Эдвіна Портэра, якія ўсю гэту кіношную заваруху пачыналі эксперыментамі з новай цацкай — кінаапаратам, а пра той час, калі кіно стала мэйнстрымам. Папулярным мастацтвам, якое патрабуе грошай, але і ацэньваецца з пункту гледжання фінансавага складніка. Выдаткаванне мільёнаў долараў і ўдвая большыя зборы — станоўчая характарыстыка, правал у пракаце — быццам бы правал ва ўсведамленні патэнцыйнага гледача. Хоць мы і ведаем пра неакупляльнае фестывальнае кіно і геніяў так званага артхауса, якімі не цікавяцца масы. Але спрошчаны стэрэатып усё ж такі працуе: калі гаворка ідзе пра кіно, то і сумы, якія яго абрамляюць, павінны быць не абы-якімі — і ва ўкладах, і ў зборах.

Таму кінавытворчасць стала закрытай прасторай, пабудаванай на гандлёва-эканамічных адносінах. У яе складана трапіць настолькі ж, наколькі пераканаць прадзюсараў у сваёй самавітасці і зняць камерцыйна паспяховы фільм. Суіснаванне своеасаблівага культу грошай і мастацтва закладзена ў самой прыродзе кінасферы. Але ж, на сваё шчасце ці бяду, кіно яшчэ і самы папулярны від мастацтва.

[caption id="attachment_80042" align="alignnone" width="600"]18-29 Кадр з філь­ма «Ба­ба, Ва­ня і ка­за» Да­р'і Юр­ке­віч.[/caption]

Усё дзеля кіно

Таму апошнім часам сталі з'яўляцца навіны пра фільмы беларускіх аўтараў, створаныя за свой кошт. Так у культурныя агляды трапілі Кірыл Нонг, які ў 2012 годзе за дзве з паловай тысячы долараў зняў фільм «Здымаць на паражэнне» (у ім, дарэчы, таксама ідзе гаворка пра кінавытворчасць за свой кошт), Іван Маслюкоў у тым жа годзе прадставіў мастацкі фільм «Што ёй падабаецца» за ўласную тысячу долараў. Кірыл Нонг ужо ў гэтым годзе зняў кароткаметражны фільм «Сінхранізацыя» як дыпломную работу для кінаакадэміі Лос-Анджэлеса.

Фільм маладога рэжысёра Наталлі Галузы «Цімур і каманда» кінакампаніі «Ілюзіён» таксама можа ўліцца ў кантэкст безбюджэтнага кіно — для здымак выкарыстоўваўся прыз, які кінакампанія атрымала на міжнародным маскоўскім кінафестывалі «Прамяністы анёл», здымачная група працавала на добраахвотных пачатках, а на дапрацоўку — калі прыз вычарпаўся — грошы збіралі на адным з інтэрнэт-рэсурсаў. Сямейны фільм перанёс вядомую аповесць у сучаснасць, зрабіўшы акцэнт на адносінах бацькоў і дзяцей, выхаванні новага пакалення, павазе да сталых людзей, умоўна робячы вёску прыстанішчам страчаных каштоўнасцяў.

Магчыма, вёска і ёсць у нейкім сэнсе «наша» тэма і наша няўлоўнае. У цэнтры фільма Ірыны Брэль «Зло», які мінулым летам ішоў у пракаце ў сталічным кінатэатры «Перамога», сям'я таксама ў вёсцы. Але карціна — з прэтэнзіяй на даследаванне глыбіннага чалавечага — супрацьлеглая простаму і добраму «Цімуру», мараль якога ляжыць на паверхні. Рэжысёр пайшла ў псіхалогію і метафізіку, з чаго атрымалася амаль экзістэнцыйная драма. Цяпер яна працуе над другім уласным праектам пад назвай «Хельдэн» — ваенным фільмам, тызер якога для пошуку сродкаў на здымкі ўжо прадстаўлены.

Прыкметнай стала і карціна «Баба, Ваня і каза» Дар'і Юркевіч пра беларускую вёску, дзе баба Серафіма клапоціцца пра свайго сына Івана, алкаголіка, даглядае белую казу Маньку і ваюе з суседкай Глашай, якая варыць і прадае самагон. Фільм атрымаў дыплом у нішы ігравога кіно на нацыянальным конкурсе «Лістапад».

Выбітнай, на наш погляд, атрымалася кароткаметражка Віктара Красоўскага «Вартаўнік», дзе добра абыграныя кантрасты, прадуманы антураж і разгублены чалавек у якасці героя станоўча адбіліся на якасці фільма.

Бясспрэчным прыкладам выбітнага беларускага кіно стала паэтычная дакументальная стужка Настассі Мірашнічэнкі «Скрыжаванне» пра бяздомнага гомельскага мастака. Рэжысёру не давялося выдаткоўваць на фільм вялікіх грошай, але ў выніку стужка стала не проста па-мастацку каштоўным прыкладам кіно, але і вырасла ў «сацыяльны праект», які сёння збірае сродкі на дом свайму галоўнаму герою.

Безбюджэтнае кіно як тэндэнцыя

Калі творчая натура прагне выказацца праз кіно, яна схільная не зважаць на нязручнасці і адсутнасць мецэнатаў, жадаючых прафінансаваць будучыя шэдэўры. Вось у гэтым тэндэнцыя сённяшняга дня, і ў нас таксама. Прычын гэтаму дзве. Па-першае, сучасныя тэхналогіі, распаўсюджванне лічбавай тэхнікі, ухіл на сіnemа verіte (адыход ад мастацкасці ў бок дакументальнасці) дазваляюць здымаць больш і за меншыя сродкі. Па-другое, наш айчынны кінаабсалют — гэта кіно з дзяржпадтрымкай (бо прадзюсарскі інстытут у нас не развіты), якая сёння дастаткова абмежаваная, справа ўжо нават не ў таленце патэнцыйнай здымачнай групы, не ў тым, што трэба сябе праявіць і паказаць свае магчымасці, а ў тым, што знойдзены бюджэт на кіно — ад дзяржавы, прадзюсараў ці мецэнатаў — у прынцыпе асабліва не дасць разгуляцца.

А ствараць хочацца і некаторыя аўтары наважваюцца на ўласныя праекты, нягледзячы на адсутнасць надзейнага грашовага тылу.

Ірына Брэль, напрыклад, рашылася на гэта дзякуючы вопыту працы асістэнтам рэжысёра: «Я старалася зрабіць усё прафесійна настолькі, наколькі гэта было магчыма без бюджэту. І я адчувала, што ўсё атрымаецца, бо тэма, якую я падымаю ў фільме, вельмі важная для людзей. Вядома, было нялёгка, але я не здавалася, ведала, што гэты фільм неабходны і адкладала ўсе важныя справы дзеля гэтай карціны».

Энтузіязм у нашых рэаліях — справа неабходная, таму што сітуацыя з фінансаваннем у найбліжэйшы час
наўрад ці зменіцца.

Зрэшты, адсутнасць грошай, здараецца, не становіцца перашкодай, а толькі доказам таго, што сапраўднае мастацтва можа хавацца ў простых рэчах. Што яно, як і шчасце, не ў грашах.

З другога боку, даступнасць сродкаў для здымак і невычэрпны энтузіязм не гарантуюць варты ўвагі вынік. Сярод тых творчых натур, якія наважваюцца на ўласныя кінапраекты, сустракаюцца як таленавітыя, так і бясталентныя.

Але тое ж можна сказаць і пра студыйнае кіно.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.