Вы тут

Садок для брацікаў і сястрычак


На Міншчыне развіваюць альтэрнатыўныя формы дашкольнага выхавання

Крыху больш як два гады таму ў аграгарадку Сугвазды Валожынскага раёна ў будынку былой школы за кошт раённага бюджэту адкрыўся дзіцячы сямейны сад «Светлячок». Тры гады — тэрмін невялікі, але ён паказаў, што такая форма дашкольнага выхавання сябе апраўдала.

— Сямейны садок у Беларусі — з'ява адносна новая. У нашай установе ў рознаўзроставай групе выхоўваецца 9 дзяцей — ад 3 да 6 гадоў. Малыя знаходзяцца ў сваяцкіх адносінах: родныя, стрыечныя, траюрадныя брацікі і сястрычкі, — распавяла загадчыца садка Вольга Старыкевіч. — Такая форма дашкольнай адукацыі перш за ўсё прадугледжвае ўмацаванне прэстыжу шматдзетнай сям'і. У сямейным садку ў дзяцей выпрацоўваюцца навыкі ўзаемаразумення, узаемадапамогі. Акрамя таго, перавага выхавання і ў тым, што тут невялікая колькасць дзяцей. Гэта дае магчымасць знайсці да кожнага з іх індывідуальны падыход. У сямейным садзе лягчэй праходзіць адаптацыя дзяцей, паколькі яны сваякі. Наш садок працуе пад дэвізам «Мы сям'я. І мы сябры».

Для падапечных тут створаны камфортныя ўмовы: гульнявы, спальны пакоі, пакой для заняткаў, сталовая, аранжарэя. Ёсць свае сад і агарод, сховішча для вырашчанай прадукцыі, што дазваляе зніжаць кошт харчавання. Дапамагае ўстанове і сельгаспрадпрыемства «Сугвазды-Агра», якое па дагаворы выдзяляе зерне на продаж. За выручаныя грошы выхаванцам купляюць цацкі, кнігі, развіваючыя гульні. «Дзесяць мільёнаў рублёў для нас — вялікая дапамога, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — На ўтрыманне дзяцей сем'і трацяць каля 10 тыс. рублёў у дзень, гэта 50% ад патрэбнага, астатнія грошы выдзяляе аддзел адукацыі Валожынскага райвыканкама».

Звычайна бацькі прыводзяць малых у сад у 8-9 гадзін раніцы. Забіраюць дадому, як правіла, а 5 гадзіне вечара. Але працоўны дзень у сельскай мясцовасці ненармаваны. Падчас пасяўной, касавіцы, жніва дарослыя затрымліваюцца на рабоце да позняга. Яны спакойныя за сваіх гадаванцаў, якія знаходзяцца пад надзейным наглядам выхавальнікаў. Яны і накормяць, і пагуляюць з імі, і спаць пакладуць.

— Мы вельмі рады, што нашы дзеткі маюць магчымасць наведваць такі ўтульны і прыгожы садок побач з домам. Гэта вельмі зручна, — лічыць адна з матуль. — Тут створана атмасфера добразычлівасці, спагады, дзеці адчуваюць сябе як дома. З імі развучваюць шмат беларускіх вершаў, песень, танцаў. На кожным свяце малыя радуюць сваімі выступленнямі родных. Гэты садок наведвае мой сын Арцемій, яму тут вельмі падабаецца, часам цяжка забраць дадому.

На сённяшні дзень на Міншчыне працуе 9 сямейных дзіцячых садоў.

— Гэтая форма дашкольнага выхавання найбольш прымальная для сельскай мясцовасці, дзе малая колькасць дзяцей. Менавіта яна спрыяе сямейна-сваяцкім адносінам, — канстатуе галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Ірына Машкетава. — Для буйных населеных пунктаў такая форма дашкольнай адукацыі — не выхад. Напрыклад, у Мінскім раёне, дзе дэфіцыт месцаў у дзіцячыя сады, яна не выратуе становішча. Тым больш што ў прысталіччы не засталося свабодных памяшканняў для арганізацыі сямейных садкоў. Тут прыярытэт аддаецца развіццю прыватнай формы ўласнасці. Аблвыканкам вядзе мэтанакіраваную работу па інфармаванні і кансультаванні насельніцтва аб магчымасці арганізацыі прыватных дзіцячых садоў. І гатовы аказаць дапамогу ўсім ахвотным дзелавым людзям.

Надаецца ўвага і арганізацыі іншых формаў, альтэрнатыўных дзяржаўным дзіцячым садам. У прыватнасці, сямейных груп, груп кругласутачнага, вячэрняга знаходжання.

З гэтай нагоды перыядычна ажыццяўляецца вывучэнне попыту бацькоў: у летні перыяд, перад пачаткам новага навучальнага года. І калі ўзнікае патрэба на тую ці іншую форму, то прыкладаюцца ўсе намаганні, каб яе задаволіць. Цяжка сказаць, якая з іх найбольш эфектыўная. У кожнай — свае перавагі. У сямейнага садка спецыфіка, накіраваная на развіццё роднасных адносін. Яна збліжае дзяцей незалежна ад узросту. Гэта аказвае ўплыў на ўстойлівыя сямейныя адносіны, традыцыі. У прыватнага садка свае плюсы.

— Наша ўстанова задумвалася як маленькая краіна для дзяцей, дзе кожны будзе акружаны клопатам, любоўю, увагай. Здароўе, эмацыйны стан кожнага дзіцяці, яго інтарэсы — на першым месцы. Мы імкнёмся, каб кожны маленькі грамадзянін адчуваў сябе значным, паспяховым, запатрабаваным, — расказала дырэктар прыватнай установы «Вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — пачатковая школа «Апельсін», што знаходзіцца ў аграгарадку Сеніца, Ала Ажар. — Працуем ужо 20 гадоў, усяго ў нас выхоўваюцца 93 дзіцяці, у тым ліку 51 — у дзіцячым садзе. Адкрываліся як дзіцячы сад, але пазней па просьбе бацькоў арганізавалі і пачатковую школу — 4 класы.

Перавага такой формы адукацыі, як лічаць спецыялісты, у тым, што яна мае на ўвазе пераемнасць: адаптацыя дзяцей праходзіць без праблем. Гэта і зразумела: і ў садку, і ў школе знаёмыя для іх сцены, умовы ўтрымання, іх акружаюць прывычная абстаноўка, рэчы, выхавальнікі, педагогі.

Прыватны дзіцячы сад — задавальненне не з танных. Але тыя веды і развіццё, якое тут даюць, вартае грошай, што трацяць бацькі. У «Апельсіне» невялікія групы — ад 6 да 12 чалавек, што дазваляе ўдзяліць увагу кожнаму выхаванцу; камфортныя бытавыя ўмовы, пяціразовае харчаванне, заняткі англійскай мовай, музыкай, харэаграфіяй, працуюць шматлікія гурткі па інтарэсах, мастацкая, вакальная, тэатральная студыі. У бацькоў не баліць галава, што пасля заняткаў сына ці дачушку трэба везці некуды на «музыку», «спорт». Акрамя таго, установа знаходзіцца за горадам, дзеці праводзяць шмат часу на свежым паветры за гульнямі.

Пакуль у Беларусі толькі 12 прыватных садкоў, для краіны амаль што з 10-мільённым насельніцтвам — гэта кропля ў моры. Ды і то 9 з іх працуюць у Мінску і яго прыгарадзе. І калі раней прыватнікі скардзіліся на абыякавае стаўленне да іх дзяржавы і працавалі па прынцыпе: «Не перашкаджаеце, і тое добра», то цяпер сітуацыя стала мяняцца. Узяты напрамак на дзяржаўна-прыватнае партнёрства. А чым больш дзіцячых устаноў рознай формы ўласнасці, тым лепш бацькам: у іх ёсць выбар, куды аддаць сваё дзіця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».