Вы тут

Пастаўце злодзею заслон


Найлепшым спосабам захаваць дабро па-ранейшаму застаецца ўстаноўка пультавай сігналізацыі

Зусім хутка пачнецца дачны сезон. Дзясяткі тысяч людзей на выхадных рушаць за межы гарадоў. Але гэты час года становіцца прыцягальным і для аматараў чужога дабра, бо многія кватэры і дамы застаюцца на пэўны час без кантролю гаспадароў. Карэспандэнт «Звязды» папрасіў начальніка аддзела сродкаў і сістэм аховы Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Івана Трусевіча правесці своеасаблівы лікбез па тым, як жа зберагчы сваё жыллё ў цэласці ад няпрошаных гасцей з крымінальнымі схільнасцямі.

18-30

Металічныя дзверы і злыя сабакі — не панацэя

— Калі, напрыклад, у шматпавярховым доме абакралі нейкую кватэру, мы гэтага не ўтойваем і кажам пра тое, што здарылася бяда. Адначасова з гэтым прапануем усталяваць у кватэрах сігналізацыю, каб свайго дабра не пазбавіліся іншыя жыхары. Але пагаджаюцца на гэта не ўсе гаспадары.

Адны хочуць сэканоміць і абсталююць кватэры муляжом сігналізацыі. Звонку візуальна адрозніць яго ад сапраўднай сігналізацыі амаль немагчыма — чырвоны святлодыёд міргае гэтаксама. І на першы погляд здаецца, што ён можа спыніць аматараў пажывіцца чужым дабром. Але зладзеі са стажам ведаюць методыку праверкі таго, што ж насамрэч у вас устаноўлена: сігналізацыя або толькі яе муляж. І калі яны ўбачаць, што праз лічаныя хвіліны пасля такога «тэста» прыехаў нарад міліцыі, гэтую кватэру ці прыватны дом яны ўжо не крануць. А калі рэакцыі не будзе ніякай — ваша жыллё становіцца прывабнай мішэнню для зламыснікаў. Таму эканоміць на сігналізацыі не варта.

Другія адмахваюцца ад нашых прапаноў са словамі «Ат, у мяне металічныя дзверы стаяць, ніякі злодзей не залезе». Паняцце аб іх надзейнасці жыве ў ментальнасці яшчэ з 90-х, але, паверце, з таго часу тэхналогіі пайшлі далёка наперад, у тым ліку і ў дамушнікаў. «Кваліфікаваны» ўзломшчык са стажам можа адчыніць нават самыя наварочаныя металічныя дзверы менш чым за паўгадзіны.

Трэція адмаўляюцца ад устаноўкі сігналізацыі, прыводзячы ў якасці аргумента сабаку. Аднак вядомы выпадкі, калі зламыснікі забівалі свойскіх жывёл. Нават калі на маёмасць ніхто не квапіцца, гаспадар сабакі фактычна прывязаны да сваёй хаты. Ды і выбрацца, напрыклад, на адпачынак ужо складаней: трэба думаць, куды ж падзець гадаванца. Акрамя таго, само ўтрыманне чатырохногага ахоўніка абыходзіцца ў месяц значна даражэй, чым нашы паслугі.

18-31

Розніца паміж паверхамі важная

— Больш надзейнага спосабу аховы нерухомасці, чым пультавая сігналізацыя, чалавецтва пакуль не вынайшла. Устанавіць яе вельмі проста. Дастаткова звярнуцца да ўчастковага інспектара або ў раённы орган унутраных спраў ці ў тэрытарыяльны аддзел Дэпартамента аховы.

У кватэры, размешчаныя на першым і апошнім паверхах, злодзею дабрацца лягчэй за ўсё. Зоны рызыкі — нізка размешчаныя вокны, разнастайныя канструкцыі, а на верхніх паверхах — вентыляцыйныя шахты. А вось у кватэры «пасярэдзіне» злодзею дабрацца такім шляхам ужо цяжкавата. Адсюль розніца ў патрабаваннях да аховы жылля. Калі гаспадарам кватэр на прамежкавых паверхах пры заключэнні дагавора на ахову тэарэтычна можна абысціся мінімальнымі патрабаваннямі — блакіроўкай дзвярэй і датчыкам руху па кватэры, то ў самых ніжніх і верхніх кватэрах лепш паставіць сігналізацыю і на вокны. Усе гэтыя рэчы ўдакладняюцца пры заключэнні дагавора. Калі ўладальнік не хоча ставіць дадатковую ступень аховы па нейкіх прычынах — гэта яго права. Дастаткова толькі напісаць адпаведную заяву, якая будзе падшыта ў асабістую справу. І пасля спецыялісты зманціруюць сістэму так, як гэтага хоча гаспадар жылля.

— А калі ўзроўняў больш за адзін? — пацікавіўся я.

— Калі вы жывяце ў кватэры або прыватным доме, у якім больш за адзін паверх, за ахову кожнага ўзроўню прыйдзецца плаціць асобна. Напрыклад, такса для звычайнай кватэры складае 50 тысяч рублёў за месяц. Кожны наступны ўзровень азначае прыбаўленне гэтай сумы.

Кнопка трывожнай сігналізацыі — у кішэні

— У стрэсавай сітуацыі чалавек не заўжды можа распазнаць лічбы на клавіятуры тэлефона, каб пры неабходнасці набраць нумар 102. А бывае і так, што сам тэлефон недаступны па нейкіх прычынах. І тут на дапамогу прыходзіць кнопка экстраннага выкліку. Калі раней іх больш актыўна ставілі юрыдычныя асобы, то цяпер да гэтай тэхналогіі цікавасць праяўляе і насельніцтва. Кнопкі бываюць як стацыянарныя, так і мабільныя, зробленыя ў выглядзе бірулькі. Пры гэтым механізм дзеяння пераносных кнопак чымсьці нагадвае звычайны радыётэлефон: дастаткова знаходзіцца ў зоне ўпэўненага прыёму. Што цікава, толькі за палову красавіка ў сталіцы ўстанавілі 26 новых кнопак. Пры гэтым у абласных цэнтрах гэтую паслугу чамусьці выбіраюць значна радзей.

Індульгенцыя на лжывы выклік усяго адна...

У сярэднім па Мінску за дзень сігналізацыя на розных аб'ектах спрацоўвае каля сотні разоў. Аднак большасць гэтых выпадкаў звязана не з тым, што ў дом ці кватэру лезуць зладзеі, а з элементарнай няпамятлівасцю гаспадароў жылля.

— Адразу пасля мантажу сігналізацыі не ўсе могуць прывыкнуць, што цяпер трэба спачатку адключыць ахову, і толькі пасля ўжо адмыкаць кватэру. Ці вось пагуляў чалавек у рэстаране, вяртаецца дадому нападпітку і, зразумела, яму ўжо не да апаратуры — абы да ложка дайсці. Яшчэ людзі пакідаюць вокны прыадчыненымі і сыходзяць з дому. Тут трэба зважаць на тое, што пры блакіроўцы акна сігналізацыя рэагуе на любую спробу адчыніць яго звонку. Працягваць гэты спіс можна доўга... У любым выпадку аб ілжывым выездзе будзе складзены спецыяльны акт. Калі сігналізацыю забыліся адключыць упершыню, то гаспадара кватэры, як правіла, папярэджваюць. А вось на другі раз гэтая індульгенцыя ўжо не распаўсюджваецца і давядзецца заплаціць штраф. Памер яго ў кожным разе разлічваецца індывідуальна.

Ілжывыя спрацоўванні датчыка руху таксама сустракаюцца ў нашай працы, аднак здараецца гэта ўжо даволі рэдка. Тэхнічны прагрэс ідзе наперад, ды і самі заводы-вытворцы не зацікаўлены ў тым, каб пастаўляць бракаваную прадукцыю, якую пасля ім вернуць.

А вось са свойскімі жывёламі існуюць праблемы. Неаднойчы сутыкаліся з наступнай сітуацыяй. Прыходзіць да нас кліент, у якога дома жыве шчаня, і выбірае апавяшчальнік, адаптаваны пад перамяшчэнне жывёлы вагой да 15 кілаграмаў, бо ён крыху таннейшы. Мінае некалькі месяцаў, і шчаня вырастае ў дарослага сабаку. Але ж апавяшчальнік застаецца той жа! І ён пачынае пастаянна спрацоўваць, бо адаптаваны пад зададзеныя раней параметры.

Спробы пранікнуць у жыллё, абсталяванае сігналізацыяй, усё-такі здараюцца. Аднак рэгіструецца такіх выпадкаў няшмат. І зладзеі не паспяваюць знайсці тайнікі і ўцячы з украдзеным дабром — максімальны час прыезду экіпажа складае не больш за сем хвілін. Разам з тым аператыўнікі могуць прыбыць і праз лічаныя секунды. Асабліва важна гэта для дач, на якіх у халодны час года гаспадары могуць не з'яўляцца месяцамі. А вось у Мінску, напрыклад, ёсць асаблівасць, звязаная з межамі адміністрацыйных раёнаў. Часам здараецца так, што дзяжурны нарад з іншага раёна аказваецца найбліжэйшым да месца падзей. А гэта значыць, што міліцыянеры прыбудуць на выклік яшчэ аператыўней.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.