Вы тут

Ехаў на радзіму, пра платныя дарогі не ведаў...


Я, грамадзянін Беларусі, ехаў у свой родны Лідскі раён на асабістым легкавым аўтамабілі, які зарэгістраваны на мяне ў Рэспубліцы Польшча. Накіроўваючыся адтуль з пастаяннага месца пражывання праз пагранічны пераход «Брузгі», рухаўся па адзінай дарозе ў бок Ліды. У Беларусі я не быў каля двух гадоў. Аказалася, што за гэты час з'явіліся платныя дарогі. У раёне Воранава я, як парушальнік, быў затрыманы транспартнай інспекцыяй. Майму здзіўленню не было межаў, калі мне паведамілі пра парушэнне, за якое давялося заплаціць штраф у памеры 100 еўра. Якім чынам у сябе дома я раптам стаў парушальнікам? Чаму адны грамадзяне не плацяць за карыстанне дарогамі, а іншыя абавязаны плаціць?..

Андрэй РЫБАК,

г. Сувалкі, Польшча.

18-36

Падрабязны адказ на скаргу заяўніка адносна парадку збірання платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь, а таксама збірання платы за праезд у павялічаным памеры мы атрымалі ў Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.

Гэты парадак рэгулюецца Палажэннем, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2012 года №426 «Аб асобных пытаннях функцыянавання сістэмы электроннага збору платы за праезд транспартных сродкаў па пэўных дарогах Рэспублікі Беларусь», а таксама Палажэннем, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2013 года №340 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку збірання платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах Рэспублікі Беларусь і ўнясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь».

Згодна з гэтымі дакументамі, кожны карыстальнік платнай дарогі для руху па ёй абавязаны заключыць дагавор на карыстанне дарогай і зарэгістраваць транспартны сродак у сістэме электроннага збору платы (ЕТС-сістэме). Дагавор заключаецца з дзяржаўнай установай «Белаўтастрада» па форме, зацверджанай Міністэрствам транспарту і камунікацый. Калі ўласнік транспартнага сродку не заключае дагавор, дык ён лічыцца заключаным з моманту выезду транспартнага сродку на платную дарогу.

Транспартная інспекцыя ажыццяўляе кантроль за захаваннем карыстальнікамі платных аўтамабільных дарог патрабаванняў парадку збірання платы за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах і ажыццяўляе збіранне платы за праезд у павялічаным памеры на падставе звестак, зарэгістраваных у ЕТС-сістэме, і перададзенай інфармацыі аб парушэннях патрабаванняў парадку аплаты. Доказамі факта неаплаты і (ці) няпоўнай аплаты за праезд транспартных сродкаў па платных аўтамабільных дарогах з'яўляецца інфармацыя, якая аўтаматычна генеруецца сістэмай кантролю ў рамках ЕТС-сітэмы, уключаючы час, дату і месца перасячэння станцыі збору платы. У выпадку выяўлення такога факта ўпаўнаважаная службовая асоба Транспартнай інспекцыі прымяняе ў дачыненні да карыстальніка платнай дарогі меры па забеспячэнні збірання платы ў павялічаным памеры, а менавіта складае акт парушэння, які ўтрымлівае патрабаванне аб унясенні платы ў павялічаным памеры.

Ад платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах вызваляюцца транспартныя сродкі, зарэгістраваныя на тэрыторыі дзяржаў — членаў Мытнага саюза, з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай, не большай за 3,5 тоны.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.