Вы тут

Людзі і хмарачосы


Калі я, прыехаўшы ў Мінск на вучобу, здымала пакой у ружовым хмарачосе, маёй суседкай па гэтым пакоі была такая самая, як і я, шаснаццацігадовая правінцыялка, адзін у адзін, як і я, летуценніца, а ў дадатак яшчэ і цёзка. Яна захапіла мяне, па-першае, тым, што вяла дзённік, а па-другое, сваім самым прыгожым у свеце плашчыкам колеру ранішняга сакавіцкага неба, у зборачкі і пад паясок.

І быў у яе, маёй той суседкі, як тады нашы бабулі казалі, ухажор. І была яна, здавалася, шчаслівай. Калі, вядома, не прымаць пад увагу, што яму, таму ўхажору, было ажно дваццаць пяць гадоў. Неверагодная ўзроставая прорва, як мне тады думалася, бо... «ну вось пра што з ім можна гаварыць».

У той самы час у кватэры насупраць жыла сямейная пара: яму яшчэ не было трыццаці, а ёй — «далёка за сорак». Неверагодны, як тады ж, на той самы мой розум здавалася, мезальянс.

— Нічога ты не разумееш, — дакарала мяне мая аднагрупніца і сяброўка, якая жыла ў такім самым ружовым хмарачосе на той самай вуліцы, цешыла мой густ сваімі фірменнымі блакітнымі джынсамі і курткай, аздобленай металічнымі заклёпкамі, але мела куды менш летуценнасці, дзякуючы чаму ўвесь час апускала мяне на зямлю: «Абуй красоўкі!»

А не разумела я — як паступова праз тую сяброўку высвятлялася — ледзь не галоўнага ў жыцці: маўляў, калі твой спадарожнік нашмат за цябе старэйшы, то ты за ім як за каменнай сценкай, гэта па-першае. А па-другое (што, між іншым, з першага ж і вынікае), ты ніколі не дазволіш сабе няўважлівага стаўлення да якога заўгодна сказанага ім слова і нават маўчання. «І гэта, несумненна, будзе залогам вашага бясконцага сямейнага шчасця», — падводзіла вынік сяброўка. «Калі ж мужам тваім будзе, барані Божа, равеснік...» Тут яна была асабліва безапеляцыйнай:

— Вось скажы, хіба ў цябе ніколі не ўзнікне жадання ў разгар чарговай сваркі паслаць свайго мужа-аднагодку настолькі далёка, каб ён ужо не вярнуўся?

— А калі розніца ва ўзросце ёсць, але ў адваротны бок? — зацікаўлена пыталася я, пакідаючы пры сабе наіўную думку пра немэтазгоднасць сварак. Але якраз на гэты конт у сяброўкі ніякай тэорыі на той момант яшчэ не выпрацавалася.

Мінуў час. Я не ведаю, як склалася жыццё маёй суседкі па пакоі, гэтаксама як не ведаю, колькі доўжылася шчасце сямейнай пары з кватэры насупраць. Ведаю толькі, што ружовыя хмарачосы ператварыліся з той пары ў чырвоныя з шакаладна-карычневым верхам. Сяброўка ж мая спачатку выйшла замуж за чалавека, які быў на дванаццаць гадоў за яе старэйшы, потым, паслаўшы яго падчас чарговай сваркі настолькі далёка, што ён ужо не вярнуўся, пабралася шлюбам з хлопцам, які быў на дванаццаць гадоў за яе маладзейшы, ды, расчараваўшыся і ў гэтым альянсе, у рэшце рэшт засталася адна і цяпер адчувае сябе неверагодна шчаслівай. А я ўсё ніяк не магу зразумець, чаму менавіта гэтыя акалічнасці ўспамінаюцца мне, калі даводзіцца адказваць на пытанні пра «магчымы і дазволены» ўзрост аўтараў часопіса «Маладосць».

Напэўна, адказы на пытанні пра ўзросты — ідэнтычныя, аднолькава рытарычныя. Бо ніяк не магчыма патлумачыць, з якіх такіх памкненняў і на якім рэсурсе празаік пенсійнага ўзросту піша аповесць, прасякнутую выключна маладзёжнымі настроем, інтрыгамі, гумарам, у той час як яго значна маладзейшы калега ледзь давярае патэнцыйнаму чытачу свае «старэчыя комплексы».

Ніяк не даўмецца да адказу і на такое пытанне: чаму нам цікава з тымі, з кім нам цікава, нават калі цікава не гаварыць, а маўчаць?..

Святлана Дзянісава, галоўны рэдактар часопіса «Маладосць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.