Партрэт ажывае


З кожным годам актывізуецца роля рэгіянальных цэнтраў Беларусі. Адзін з такіх — старажытны горад Ліда, што на Гродзеншчыне, дзе знаходзіцца Лідскігісторыка-мастацкі музей. Кіруе гэтай культурнай установай ужо больш як 20 гадоў выпускніца Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Таццяна Нікіфарава.

Яна мае свой запаветны ключык да сэрцаў аматараў культурнага жыцця, заўсёды прапануе арыгінальныя экспазіцыйныя праекты, падтрымлівае новых мастакоў. Так, сёлета ў Лідскім гісторыкамастацкім музеі адбылася прэзентацыя твораў мастачкі Марыны Эльяшэвіч пад назваю «За кітайскім мурам». Далёкаўсходні напрамак абраны невыпадкова: творца ўжо не першы год прапагандуе жывапіс тушшу і мінеральнымі фарбамі на рысавай паперы. Метады кітайскага адлюстравання вядомыя — хуткамгненна, лаканічна, натхнёна маляваць тое, што звязана з матывамі прыроды, навакольнага жыцця, вобразамі гісторыі і сучаснасці. Марына выдатна ведае ўсходнія ўзоры, з задавальненнем наведвае Пекін, але аддае перавагу айчынным сюжэтам і матывам.

Гэта выклікае цікаўнасць як беларускіх, так і кітайскіх аматараў яе творчасці, якія бачаць у творах мастачкі прыклад сучаснага дыялогу культур. Лідчане таксама не засталіся абыякавымі да шматлікіх твораў М. Эльяшэвіч — пейзажаў, нацюрмортаў, партрэтаў слынных жанчын Беларусі... У майстар-класе, які перад адкрыццём выстаўкі праводзіла мастачка, прымалі ўдзел прыхільнікі кітайскай тэхнікі жывапісу самага рознага ўзросту. Па ўсім відаць, што прага да спасціжэння Усходу, закладзеная культурнымі традыцыямі эпохі барока з яе надзвычайным шляхецка-магнацкім арыенталізмам, не згубіла прыцягальнасці ў нашым грамадстве.

Сапраўднай разынкай адкрыцця выстаўкі стаў гістарычны перформанс, прысвечаны падзеям 1422 года, калі, паводле легенды, у Лідскім замку кароль Ягайла ўрачыста адзначаў шлюб з маладой жонкай Соф’яй Гальшанскай. Марына Эльяшэвіч падаравала музею партрэт прыгожай заснавальніцы славутага каралеўскага роду Ягайлавічаў. Паглядзець на твор прыйшоў сам Ягайла і яго верныя рыцары ў гістарычных строях (удзельнікі грамадскага аб’яднання лідскіх аматараў гісторыі). А паколькі выстаўка таксама звязана з шанаваннем веснавога абуджэння прыроды і хараства жанчыны, супрацоўніцы музея стварылі жывы партрэт красуняў розных часоў! Думаецца, што наватарская творчая праграма Лідскага гісторыкамастацкага музея вартая падтрымкі і пашырэння як у рэгіянальных, так і сталічных выставачных установах.

Яўген ШУНЕЙКА

Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва".

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?