Прыгожыя забойцы


«Вялікае майстэрства артылерыі» — так назваў сваю кнігу, якая ўпершыню была надрукавана ў 1650 годзе ў Амстэрдаме, наш зямляк, славуты тэарэтык артылерыйскай справы Казімір Семяновіч. Гэтак жа можна было б назваць і першую кнігу маладога, але ўжо вядомага мінскага гісторыка Міколы Волкава, якая выйшла на пачатку 2015 года ў выдавецтве Андрэя Янушкевіча. Хаця называецца яна інакш — «Артылерыя Нясвіжскага замка» (Мінск: А. М. Янушкевіч, 2015. — 188 с.),
паралель з працай Семяновіча ўзнікае сама сабой. Супастаўленне абумоўлена і зместам кнігі, і яе афармленнем. Але па парадку.

Манаграфія спадара Волкава — узор высакаякаснага навуковага даследавання гісторыі артылерыйскай справы і фартыфікацыі Вялікага Княства Літоўскага на прыкладзе рэзідэнцыі наймагутнейшага магнацкага роду Радзівілаў — Нясвіжскага замка. Каб даць чытачу магчымасць зразумець, колькі ўвагі Радзівілы надавалі стварэнню і папаўненню нясвіжскага артылерыйскага парка, аўтар сцісла, але разам з тым надзвычай змястоўна адлюстроўвае асноўныя этапы зараджэння і развіцця артылерыі ў Еўропе, а таксама першыя звесткі пра выкарыстанне гармат у Вялікім Княстве Літоўскім. На такім шырокім еўрапейскім фоне даследчык пачынае свой аповед пра артылерыю Нясвіжскага замка.

Самую пільную ўвагу М. Волкаў надае стварэнню нясвіжскага артылерыйскага парка, які стаў неад’емнай часткай новай бастыённай фартэцыі, заснаванай Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам у 1582 ці 1583 годзе. Дэталёва раглядаюцца пытанні вырабу гармат, іх забяспечанасці боепрыпасамі, іх роляй у сістэме абароны радзівілаўскай фартэцыі. Аўтар адзначае, што на працягу ўсяго часу функцыянавання Нясвіжскага замка ў якасці дзеючага фартыфікацыйнага збудавання (да канца існавання Рэчы Паспалітай) гарматы выконвалі не толькі ўтылітарную ролю, але і з’яўляліся аднымі з галоўных увасабленняў магутнасці і прэстыжу нясвіжскіх ардынатаў.

Шмат увагі аўтар надае сапраўдным перлінам нясвіжскай артылерыі, шэдэўрам людвісарнага мастацтва (майстэрства адліўкі гарматных ствалоў) — гарматам, якія былі выраблены па замове Мікалая Крыштава Радзівіла майстрам Мольцфельтам. Гледзячы на гэтыя гарматы, забываешся пра іх асноўнае прызначэнне і думаеш толькі пра іх выкшталцонасць як твораў мастацтва.

Пуцяводнай ніткай праз увесь тэкст праходзіць пытанне гісторыі нясвіжскіх гармат, іх пакручастага лёсу, шматлікіх перамяшчэнняў і таго, дзе ў выніку гэтыя гарматы апынуліся. За радкамі, прысвечанымі іх гісторыі, праступае велізарная праца аўтара.

На жаль, шэдэўры людвісарнага мастацтва, якія калісьці адлюстроўвалі веліч роду Радзівілаў, зараз захоўваюцца ў музеях Польшчы, Расіі, Украіны і Швецыі, але не ў Беларусі. З іншага боку, большасць самых прыгожых нясвіжскіх гармат усё ж перажыла перыпетыі бурлівых стагоддзяў, войны і акупацыі і зараз складае самую каштоўную частку вядучых ваенна-гістарычных музеяў Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропы.

Асобна варта спыніцца на афармленні кнігі Міколы Волкава. Тэкст суправаджаецца шматлікімі графічнымі ілюстрацыямі, дакументамі і фотаздымкамі, якія дазваляюць чытачу атрымаць паўнавартаснае ўяўленне пра знешні выгляд фартыфікацыйных збудаванняў Нясвіжскага замка і яго артылерыі, а таксама пра тое, як выглядалі ўладальнікі Нясвіжа. Вядома, што яны аддавалі шмат часу і намаганняў развіццю артылерыі сваёй галоўнай фартэцыі. Шматлікія фотаздымкі дазваляюць ва ўсіх дэталях разгледзець дэкор нясвіжскіх гармат. Увогуле, афармленне кнігі не саступае яе зместу.

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што праца Міколы Волкава «Артылерыя Нясвіжскага замка», кніга пра «вялікае майстэрства артылерыі», з’яўляецца выданнем найвышэйшай якасці, якое выводзіць айчынныя ваеннагістарычныя даследаванні Новага часу на прынцыпова новы ўзровень. Хочацца спадзявацца, што за першай кнігай аўтара з’явяцца і іншыя, такія ж якасныя як па навуковым змесце, так і па афармленні.

Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва".

 

Мікалай ПЛАВІНСКІ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.