Вы тут

Летапісцы векапомных дзён


Значэнне дзённікавых запісаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны цяжка пераацаніць. Яны складаюць асобны жанр. Для чалавека, які ўмомант мог загінуць ад варожай кулі ці асколка снарада, радкі, напісаныя алоўкам у блакноце, станавіліся пропускам у неўміручасць. Тут ён быў гранічна шчырым.

БЯСЦЭННЫЯ СВЕДЧАННІ

Самае каштоўнае ў ваенных дзённіках, што надае ім асаблівае гучанне, — гэта адлюстраванне вайны ў чалавечым вымярэнні, дапоўненай унікальнымі падрабязнасцямі і дэталямі, не зафіксаванымі ў афіцыйных дакументах. Запісы чалавека творчага і высокадухоўнага, здольнага да аналізу, набываюць пэўную мастацкую каштоўнасць.

У Беларускім дзяржаўным архіве-
музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца значная колькасць дзённікаў, запісных кніжак і дзённікавых запісаў, якія належаць беларускім пісьменнікам. Дырэктар архіва-музея Ганна Запартыка адзначае: «Мастак-франтавік П. М. Герасімовіч на адной з сустрэч у пачатку 1980-х успамінаў пра цяжкасці творчага чалавека на фронце. Акрамя ўсяго не пакідала прага творчасці, але ў ваенных умовах асабістыя дзённікі, запісы, як і малюнкі, былі забароненыя. Творчыя людзі ў большасці выпадкаў рызыкавалі — дзеля фіксацыі дакладных фактаў і дэталяў, каб не страціць вастрыню ўяўленняў і пачуццяў. Гэта значыць, што мы маем справу з вельмі рэдкімі дакументамі перыяду Вялікай
Айчыннай вайны».

Дзённікі і запісныя кніжкі, якія зберагае БДАМЛМ, не раўназначныя па памерах, храналагічным ахопе, напоўненасці фактамі. Але ўсе яны паказваюць чалавека на вайне, даюць уяўленне пра яе асобныя эпізоды. Да самых разгорнутых адносяцца дзённікі пісьменнікаў М. П. Лобана,
В. С. Гарбука, А. А. Алешкі, П. І. Валкадаева. Выключнасць кожнага тэксту ў тым, што яны адлюстроўваюць падзеі розных ваенных кірункаў.

«НА КАГО ВЫ НАС ПАКІДАЕЦЕ?..»

Мікалай Паўлавіч Лобан (1911 — 1984) ваяваў на Волхаўскім фронце, быў двойчы паранены, апошні раз — цяжка, калі яму адзінаму з усяго вагона санітарнага цягніка, які разбамбілі фашысцкія самалёты, удалося выбрацца з-пад груды жалеза і ламачча. Запісы яго дзённіка пачынаюцца 22 чэрвеня 1941 у Мінску, калі яму, студэнту БДУ, давялося пехатой прайсці па маршруце Рудзенск — Магілёў — Клімавічы — Рослаўль — Арол —
Ліпецк, а потым на цягніку ехаць на Волхаўскі фронт. Запісы Лобана вы-
значаюцца лаканічнасцю, дынамізмам, вастрынёй апісання, адкрытасцю. Тут і горыч адступлення, і пралікі камандавання, і недахоп зброі, і бессэнсоўная гібель салдат. Назаўсёды ўрэзаліся ў памяць будучага пісьменніка пакутлівыя вочы маўклівай беларускай жанчыны, якая пачаставала яго акрайцам хлеба з малаком. Лобан успамінае: «У Людзінаве праходзілі каля нейкага магутнага завода, які яшчэ працаваў ва ўсю. На вуліцы чуваць быў грукат яго рухавікоў. Каля самага завода нас перанялі жанчыны, расставіўшы рукі, яны крычалі: «Куды вы, мужчыны, на каго вы нас пакідаеце?! Мы не пусцім!»

Цяжка было бачыць і чуць гэта. Каб маглі, мы б сталі жалезнымі волатамі на шляху фашысцкай армады. Угнуўшы галовы ад сораму, мы моўчкі праходзілі паміж тых рук». (БДАЛМ, ф. 148,
в. 2, с. 105).

Многія эпізоды дзённіка пасля сталі сюжэтамі твораў Міколы Лобана.

«ВАР’ЯЦКІ КАШМАР!»

Дзённік В. С. Гарбука (1913 — 1986) адлюстроўвае франтавыя падзеі 1941 —
1945 гадоў. Вісарыён Сцяпанавіч быў прызваны ў Чырвоную Армію ў ліпені 1941 года, дзе ў інжынерных войсках
асвоіў новыя прафесіі: быў тапографам, рэкагнасцыроўшчыкам, будаўніком.
Узвядзенне абарончых рубяжоў на Доне, у Калінінскай вобласці, у роднай Беларусі, пад Арлом, на Вісле і Одэры, будаўніцтва траншэй, дотаў, камандных пунктаў, мастоў і перапраў было яго паўсядзённай ваеннай працай. Дзень Перамогі Вісарыён Сцяпанавіч сустрэў у Берліне і з гонарам паставіў аўтограф на сценах рэйхстага. Потым была праца па ўзвядзенні помнікаў і абеліскаў загінуўшым савецкім воінам на тэрыторыі Польшчы і Германіі.

Дзённік Вісарыён Сцяпанавіч вёў на працягу ўсёй вайны і да апошніх дзён жыцця. Запісы вельмі эмацыянальныя, асобныя эпізоды напісаныя на высокім мастацкім узроўні:

«8 красавіка 1942 года.

Вясна.

Цяжка на душы. І цяжка не толькі за асабісты лёс. Гары ён гарам! Цяжка, што маўчаць Раланы, Цвейгі канчаюць жыццё самагубствам, Эйнштэйны робяцца выгнаннікамі, разбураюцца сядзібы Талстых. Цяжка за тое, што мільёны кінуты ў гіганцкую мясарэзку, пазбаўлены
жыцця, чалавечага аблічча, цяжка, што простае права спакойна жыць і працаваць трэба абараняць з аўтаматам і бомбамі. Вар’яцкі кашмар!

Ты ўсведамляеш непазбежнасць бязлітаснай барацьбы з фашызмам. Або жыць, або быць рабом. Такое пытанне гісторыя ставіць перад кожным.

Вясна.

Калі ж грымне апошні стрэл?

Гэты дзень трэба заваяваць мільярдамі баявых стрэлаў, мільёнамі смерцяў, распаліўшы да апошняй мяжы нянавісць да ворага.

Толькі тады за гарамі гора народзіцца новы свет.

Вясна…» (БДАМЛМ, ф. 234, в. 2, с.44).

СА СЛЯДАМІ І БЕЗ

Антон Антонавіч Алешка (1913 — 1971),
медык і пісьменнік, прайшоў усю Вялікую Айчынную, ад першага да апошняга яе дня. Сотні, тысячы воінаў атрымалі дапамогу ад франтавога ўрача Алешкі, многім з іх ён выратаваў жыццё. Баявыя сябры-лётчыкі, з якімі ён пераадолеў незлічоную колькасць ваенных дарог, з якімі перажыў горыч адступленняў і радасць перамог, сталі потым героямі твораў пісьменніка, у тым ліку рамана, прысвечанага лётчыкам-знішчальнікам «Дарогі без слядоў». Запісы яго дзённіка пачынаюцца ў 1942 годзе і вядуцца да самага канца вайны. Акрамя ўсяго, дзённік ілюстраваны яго ўласнымі малюнкамі (ф.208, воп.1, спр.61).

Асобна трэба азначыць партызанскі дзённік П. І. Валкадаева (1911 — 1973) пад назвай «Запіскі партызана» (ф. 74, в. 1,
с. 281). Са снежня 1939 і да пачатку вайны Пётр Іванавіч быў інструктарам-літаратарам вайсковай газеты «Новый путь». Пасля кантузіі ў першыя дні вайны і крупознага запалення лёгкіх яго лячыла і даглядала беларуская сялянка з Магілёўшчыны Ульяна. З красавіка 1942 і па чэрвень 1943 года Валкадаеў быў сувязным партызанскага атрада № 22 на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а потым — партызанам таго ж атрада. Яго дзённік адрознівае высокая ступень дэталізацыі падзей, шматнаселенасць рэальнымі асобамі, падрабязнае апісанне ваеннага быту партызан і насельніцтва.

НАТАТКА — ДЗЁННІК

Трэба мець на ўвазе адрозненне ваенных дзённікаў ад запісных кніжак. Расійская даследчыца А. Калеснікава ў сваім дакладзе «Ваенныя дзённікі і занатоўкі пісьменнікаў: жанрава-апавядальныя асаблівасці» на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Testes temporum. Дневники и воспоминания в русской литературе ХХ века» (28 — 29 кастрычніка 2013 года, Санкт-Пецярбург) адзначыла: «Даследчыкі не выпрацавалі адзінага падыходу да выразнага раздзялення дзённікаў і запісных кніжак. Некаторыя гатовыя іх аб’яднаць. Падставы для гэтага ёсць — і той, і іншы тэкст могуць быць «занатоўкамі» для будучых твораў. Аднак калі запісныя кніжкі — гэта менавіта рабочыя запісы толькі для сябе, то дзённікі можна разглядаць і як мастацкія творы, якія мелі на ўвазе чытача. Нездарма дзённікі часта друкуюцца з назвамі. Другая апавядальная розніца паміж дзённікамі і запіснымі кніжкамі — дзённікі маюць дыскрэтную структуру аповеду, падзеленую датамі, якія з’яўляюцца галоўнай метатэктавай прыкметай. Г. зн. дата каментуе тое, што здарылася ў гэты дзень. Тэматычна і стылістычна запісы могуць адрознівацца.

Запісныя кніжкі дат могуць не мець, могуць рабіцца ў розны час з захаваннем тэматычнага адзінства матэрыялу.

У пісьменнікаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны жанравае адрозненне дзённікаў ад запісных кніжак яшчэ больш размытае. У многім гэта адбылося праз тое, што ў самым пачатку вайны вядзенне дзённікаў было забароненае. Трэба заўважыць, што ў германскай арміі, наадварот, падобная творчасць не толькі не забаранялася, але і заахвочвалася. Дазвалялася таксама падрабязнае апісанне сваіх будняў у пісьмах (каштоўны матэрыял пра будні вайны нясуць лісты нямецкіх салдат і афіцэраў, што трапілі ў рукі савецкай арміі).

Выключнае права на вядзенне чарнавых запісаў у Чырвонай Арміі было прадастаўлена ваенным карэспандэнтам. Яны гэтым часта карысталіся, рабілі рэгулярныя запісы, якія не заўсёды абмяжоўваліся рамкамі будучых газетных публікацый» (Пер. мой. — А. В.).

Так, да запісных кніжак мы можам аднесці запісы Міхася Лынькова — рэдактара франтавой газеты «За Савецкую Беларусь» і А. Жаўрука (А. Д. Сінічкіна) —
ваеннага карэспандэнта, які загінуў пад Сталінградам, блакнот франтавога карэспандэнта Г. М. Шчарбатава.

Разам з супрацоўнікамі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва мы падрыхтавалі да друку кнігу ваенных дзённікаў А. Алешкі,
П. Валкадаева, В. Гарбука і М. Лобана. Чакаем прапаноў ад выдаўцоў.

Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва".

 

Аляксандр ВАШЧАНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».