Вы тут

Эканамічны шлях у Індыю


Беларускім вытворцам варта імкнуцца да ўдзелу ў індыйскіх урадавых праграмах

Індыя з'яўляецца даўнім добрым сябрам Беларусі. У нас яшчэ з часоў БССР наладзіліся добразычлівыя адносіны, якія пасля распаду СССР перараслі ў паважлівыя, раўнапраўныя двухбаковыя стасункі дзвюх суверэнных дзяржаў. Уступленне Беларусі ў Рух недалучэння, адным з ініцыятараў стварэння якога была ў свой час Індыя, яшчэ больш палепшыла нашы адносіны.

Насельніцтва Індыі імкліва расце, і цягам некалькіх гадоў Індыя можа з другога месца ў свеце выйсці на першае па гэтым паказчыку. У 2015 годзе чакаецца рост эканомікі Індыі ў 7-8 працэнтаў, што ўпершыню за многія гады дазволіць краіне абагнаць свайго рэгіянальнага суседа — Кітай — па тэмпах эканамічнага росту. Гэта таксама выведзе Індыю ў лік эканомік з найбольш хуткім ростам у свеце. Важным фактарам развіцця індыйскай эканомікі з'яўляецца прыход у 2014 годзе да ўлады новага прэм'ер-міністра — выдатнага менеджара і інаватара Нарэндры Модзі. Ён схільны ўкараняць у краіне тыя элементы, якія зрабілі ў свой час кітайскую эканоміку вельмі эфектыўнай.

Улічваючы, што беларуска-індыйскія адносіны ў палітычнай сферы з'яўляюцца ўзорнымі, галоўны ўпор у далейшым развіцці адносін робіцца на эканоміку, навуку і сацыяльна-культурныя аспекты.

У эканамічным супрацоўніцтве належыць зрабіць яшчэ вельмі шмат. Таваразварот, які ўсталяваўся ў памеры каля паўмільярда долараў у год, зусім не адпавядае патэнцыялу развіцця нашых адносін. Адным з ключавых фактараў абмежавання збыту беларускіх тавараў на індыйскім рынку была закрытасць індыйскага рынку для імпарцёраў. Новы індыйскі ўрад распачынае крокі па выпраўленні сітуацыі, што можа дапамагчы беларускім экспарцёрам больш энергічна асвойваць гэты рынак. Добрым стымулам для развіцця беларускага экспарту ў Індыю сталі праблемы са збытам беларускіх тавараў на расійскім рынку з-за падзення расійскай эканомікі.

Ёсць і разуменне таго, што дапамагчы ў росце таваразвароту можна на ўрадавым узроўні. У прыватнасці, спрыянне беларускім экспарцёрам было адной з галоўных задач афіцыйнага візіту ў Рэспубліку Індыя беларускай дэлегацыі на чале з міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем, які адбыўся 14—15 красавіка. У складзе беларускай дэлегацыі былі кіраўнікі БелАЗа, Мінскага трактарнага завода, Беларускай калійнай кампаніі, што сведчыць пра імкненне гэтых прадпрыемстваў палепшыць свае продажы на індыйскім рынку.

Бакі пагадзіліся, што развіццю эканамічных сувязяў будзе спрыяць правядзенне чарговага пасяджэння беларуска-індыйскай міжурадавай камісіі па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве і Савета дзелавога супрацоўніцтва «Беларусь — Індыя». На гэтых сустрэчах плануецца распрацаваць праекты, накіраваныя на актывізацыю гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і фінансавага ўзаемадзеяння, а таксама знайсці іншыя магчымасці для развіцця дзелавых сувязяў.

Перспектыўным кірункам для развіцця супрацоўніцтва ў сферы эканомікі могуць стаць буйныя праграмы па развіцці Індыі, арганізаваныя новым урадам Модзі. У прыватнасці, з 2014 года індыйскі ўрад займаецца рэалізацыяй праграмы «Чыстая Індыя». Прэм'ер-міністр Модзі імкнецца да таго, каб да 2019 года па ўсёй Індыі вуліцы сталі чыстымі, а кожны індыец атрымаў доступ да чыстай пітной вады і абзавёўся асабістай прыбіральняй, на што спатрэбіцца каля 33 мільярдаў долараў. Рэалізацыя гэтай праграмы стварае выдатныя магчымасці па павелічэнні экспарту прадукцыі «Керамінам» і іншымі беларускімі прадпрыемствамі, якія працуюць у гэтай сферы. У новым бюджэце краіны таксама будуць павялічаны выдаткі на аўтамабільныя дарогі, чыгунку і электрычнасць, што стварае магчымасці для беларускіх кампаній, якія прадстаўляюць паслугі за мяжой па гэтых кірунках.

У галіне навуковага супрацоўніцтва робіцца ўпор на фармацэўтыку, інфармацыйныя тэхналогіі і кібербяспеку, нанатэхналогіі і нанаматэрыялы, фатоніку, экалогію і рацыянальнае прыродакарыстанне, узнаўляльныя крыніцы энергіі. Па выніках пасяджэння сумеснай беларуска-індыйскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхнікі, якое праходзіла ў Нью-Дэлі летась, была прынята Выканаўчая праграма беларуска-індыйскага супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі на 2015-2017 гады. Праграма дазволіць развіваць адносіны беларускіх і індыйскіх вучоных у гэтых і сумежных сферах. Было таксама вырашана, што Індыя будзе штогод выдзяляць стыпендыі маладым вучоным з Беларусі. Не будзем забываць і пра тое, што ў 2012 годзе адбылося адкрыццё беларуска-індыйскага навучальнага цэнтра ў вобласці ІКТ на базе Парка высокіх тэхналогій, што вывела супрацоўніцтва ў гэтай важнай для развіцця эканомікі сферы на новы ўзровень.

Для развіцця адносін у сферы культуры і грамадскіх сувязяў няма ніякіх перашкод. Добрыя перспектывы ёсць ва ўзаемным супрацоўніцтве нацыянальных бібліятэк, у абмене фільмамі і фальклорнымі калектывамі.

Сяргей Кізіма,

доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.