Вы тут

Працавалі талакой


У рэспубліканскім суботніку ўзялі ўдзел працоўныя калектывы і кіраўніцтва ўсіх рэгіёнаў краіны

[caption id="attachment_80352" align="alignnone" width="400"]Суботнік на базе 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Саўчанкі ў Мінску. Суботнік на базе 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Саўчанкі ў Мінску.[/caption]

Сенатары дапамаглі будаўніцтву бальніцы

Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу падчас рэспубліканскага суботніка ўдзельнічалі ў будаўніцтве аднаго з карпусоў 4-й гарадской клінічнай бальніцы імя Саўчанкі ў Мінску.

Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што суботнікі заўсёды былі накіраваны на ўдзел грамадзян краіны ў будаўніцтве сацыяльна значных аб'ектаў. «Гэта не проста прагулка на свежым паветры, гэта сапраўды сур'ёзныя будаўнічыя работы, якія дазваляюць дапамагчы будаўнікам і ў пэўнай ступені па-іншаму паглядзець на іх працу і тыя аб'екты, якія будуюцца. Як правіла, гэта сацыяльныя аб'екты, якія ўзводзяцца за кошт бюджэтных сродкаў. Гэта дазваляе больш глыбока асэнсаваць, што робіцца ў сферы матэрыяльнай вытворчасці», — лічыць старшыня Савета Рэспублікі.

Галоўны ўрач 4-й гарадской клінічнай бальніцы Аляксандр Траянаў падкрэсліў, што будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса, дзе праходзіў суботнік, неабходна гораду, каб папоўніць дэфіцыт у кардыялагічных ложках.

Дэпутаты залажылі парк

«Сумесная праца яднае людзей, яны больш даведваюцца адзін пра аднаго, больш размаўляюць, абмяркоўваюць праблемы, а ў наш час гэта вельмі важна», — адзначыў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка падчас рэспубліканскага суботніка. Дэпутаты ніжняй палаты беларускага парламента высадзілі болей за тры дзясяткі дрэў у парку імя Уга Чавеса ў Фрунзенскім раёне Мінска.

Спікер ніжняй палаты беларускага парламента заўважыў, што ў падобных мерапрыемствах актыўны ўдзел бяруць беларусы ўсіх узростаў. «Для многіх людзей, асабліва старэйшага пакалення, удзел у суботніках — гэта асаблівы момант, традыцыя, і вельмі прыемна, што ў апошні час у суботніках удзельнічае шмат моладзі і школьнікаў», — сказаў ён.

Пра тое, як раней праходзілі суботнікі, згадвала Наталля Кучынская, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры: «Гэта было сапраўднае свята. Усе — малыя і сталыя — выходзілі на вуліцу і стваралі прыгажосць на сваёй зямлі». На яе думку, гэтая традыцыя бярэ свой пачатак яшчэ з талакі. Калі людзі збіраліся разам і рабілі непад'ёмную для адной сям'і працу ўсёй вёскай. Таму Наталля Генадзеўна ўпэўнена, што галоўнае ў суботніку — гэта не толькі збор грошай, але і непасрэдная праца кожнага.

Аднаўляючы багацце

Падчас рэспубліканскага суботніка прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, прадстаўнікі апарату Савета Міністраў і лясной гаспадаркі садзілі лес. На плошчы 1,4 га выпрацаванага кар'ера «Валяр'яны», што знаходзіцца на тэрыторыі Лашанскага лясніцтва Уздзенскага лясгаса, члены ўрада высадзілі каля 8000 маладых сосен.

— Падчас суботнікаў важны не сам факт працы ў выхадны дзень, але тое, што людзі сапраўды адчуваюць жаданне папрацаваць на агульны вынік, а таксама мець зносіны са сваімі супрацоўнікамі, але не ў звыклых відах дзейнасці, а на прыродзе, выконваючы важную сацыяльна карысную функцыю, — адзначыў Андрэй Кабякоў. — Я б такія суботнікі, хоць яны і напружаныя ў плане фізічнай працы, не называў дадатковым працоўным днём — гэта проста вялікае задавальненне, але з потам і мазалямі.

Па словах прэм'ер-міністра, сёлетні рэспубліканскі суботнік — своеасаблівы працяг «ляснога тыдня», прысвечанага 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, падчас якога было пасаджана каля 70 млн дрэў.

Падчас суботніка прэм'ер-міністр таксама азнаёміўся са станам лясной галіны і перспектывамі яе развіцця.

— Самая галоўная перспектыва — увесь лес, які ў нас выспявае, мы павінны цалкам перапрацоўваць, — сказаў Андрэй Кабякоў. — І перапрацоўваць так, каб атрымаць прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю. На гэта і накіравана праграма мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.

Рабіны ў цытадэлі

У Брэсцкай вобласці адным з цэнтральных аб'ектаў рэспубліканскага суботніка стаў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», паведамляе БЕЛТА. Папрацаваць на карысць знакавага гістарычнага месца выйшлі работнікі Брэсцкага аблвыканкама на чале з яго старшынёй Анатолем Лісам, гарадскі актыў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, прадстаўнікі расійскага консульства — усяго больш за 200 чалавек. Асноўная маса ўдзельнікаў суботніка працавала на добраўпарадкаванні тэрыторыі крэпасці — чысцілі берагі абводнага канала і Заходняга Буга ад зараснікаў і паваленых дрэў. Анатоль Ліс узначаліў групу работнікаў аблвыканкама, занятую на пасадцы сквера ля Паўночных варот крэпасці. У памяць пра юбілей Перамогі тут высаджана 70 рабін. Яны дапоўнілі і ўшчыльнілі невялікае насаджэнне бяроз, якое ўжо існуе ў гэтым месцы. Такім чынам, з часам наведвальнікі цытадэлі змогуць адпачыць у цені бярозава-рабінавага гаю.

Народная традыцыя

На Віцебшчыне ў рэспубліканскім суботніку ўдзельнічалі каля 400 тысяч чалавек. Сярод іх прыблізна 70 тысяч студэнтаў, навучэнцаў, беспрацоўных і пенсіянераў.

Жыхары Віцебска Генадзь і Галіна Дзямешчанкі — актыўныя пенсіянеры, якія заўсёды ідуць на суботнік, як на свята.

— Жывём недалёка ад сквера, дзе сёння працуем. З задавальненнем высаджваем дрэвы не толькі падчас суботнікаў. Дакладна не лічылі, але «за намі» ўжо прыблізна 300 дрэў. Сёлета высадзілі каля 25. Дапамагаем камунальнікам азеляняць горад, ствараць прыгажосць. І двор наш добраўпарадкоўваем, — распавядае карэспандэнту «Звязды» ваенны пенсіянер Генадзь Дзямешчанка.

Муж і жонка працавалі на суботніку ў скверы, які плануюць назваць у гонар юбілею Перамогі. Знаходзіцца ён на аднайменным праспекце — у новым мікрараёне.

Мікалай ШАРСТНЁЎ, старшыня Віцебскага аблвыканкама, яго намеснікі і іншыя адказныя асобы высадзілі ў скверы 110 дрэў.

— Сквер гэты ствараецца для мясцовых жыхароў, каб яны адпачывалі недалёка ад сваіх дамоў. І трэба зрабіць, каб мамы з каляскамі маглі тут пагуляць, дзеці, хлопцы і дзяўчаты знайшлі сабе занятак па душы... Таму трэба, каб у вялікай па плошчы новай «зялёнай зоне» ў выхадныя і святочныя дні арганізоўвалі выязны гандаль, забаўляльныя праграмы. Магчыма, тут неабходна пабудаваць фантан. А мо размясціць малую архітэктурную форму. У любым выпадку неабходны нейкі элемент, які б нагадваў пра тое, што сквер створаны ў гонар знамянальнай падзеі, — сказаў старшыня аблвыканкама, падкрэсліўшы, што кожны новы мікрараён павінен мець сквер, парк. І важна, каб яны чымсьці адрозніваліся ад іншых.

Тут пачыналася вызваленне

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік разам са сваімі намеснікамі ўдзельнічаў у работах па рэканструкцыі цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка Лоеў. Тут заканчваецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу, прысвечанага подзвігу савецкіх воінаў, якія сталі ўдзельнікамі бітвы за Дняпро ў 1943 годзе. Гэтая ваенная аперацыя паклала пачатак вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Мемарыял плануецца адкрыць да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

Працоўныя дэсанты прадстаўнікоў мясцовых органаў улады ва ўсіх раёнах вобласці займаліся добраўпарадкаваннем. Напрыклад, у Жлобінскім раёне — мемарыяльнага комплексу ў Чырвоным Беразе, у Гомельскім — на тэрыторыі дзіцячых аздараўленчых летнікаў «Хваёвы бор» і «Сожскі бераг»... Супрацоўнікі гомельскага гарвыканкама працавалі на рэканструкцыі помніка камсамольцам-падпольшчыкам у Цэнтральным раёне горада. Ва ўсіх раёнах горада над Сожам з'явіліся алеі, пасаджаныя студэнтамі гомельскіх ВНУ.

Дапамаглі будаўнікам

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, іншыя работнікі органаў выканаўчай і прадстаўнічай улады ў гэты дзень працавалі на будаўніцтве новай школы ў мікрараёне «Вішнявец» абласнога цэнтра. Супрацоўнікі гарвыканкама дапамагалі будаўнікам на ўзвядзенні яшчэ аднаго важнага аб'екта сёлетняй сацыяльнай праграмы — дзіцячага садка ў тым жа мікрараёне. А на Кургане Славы ў Гродне ветэраны і члены БРСМ заклалі алею ў гонар 70-годдзя Вялікай Перамогі — высадзілі 70 кустоў бэзу.

Алея памяці

Ліпавая алея з'явілася падчас рэспубліканскага суботніка на сімвалічным для кожнага жыхара Магілёўскай вобласці месцы — Буйніцкім полі. 70 дрэў, пасаджаных рукамі кіраўнікоў вобласці і горада, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, ветэранаў, моладзі сімвалізуюць сабой 70 мірных гадоў пасля вайны.

— Хай гэтая алея стане сімвалам мужнасці, нязломнасці і самаахвярнасці нашага народа. Упэўнены, што нашы нашчадкі зберагуць яе як напамін аб страшнай трагедыі ХХ стагоддзя і вялікім подзвігу сваіх продкаў, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі.

Яшчэ адной з галоўных пляцовак суботніка, на якой таксама працавалі кіраўнікі вобласці, стаў хоспіс Магілёўскай анкалагічнай бальніцы. Рэканструкцыя карпусоў па вуліцы Піянерскай вядзецца трэці год і ўступіла ў завяршальную стадыю. Плануецца, што ўжо сёлета хоспіс прыме першых пацыентаў.

Добра, калі дружна

Кіраўніцтва Мінскага абласнога выканаўчага камітэта разам са старшынёй Сямёнам Шапірам дапамагалі камунальнаму сельскагаспадарчаму прадпрыемству «Племптушказавод «Беларускі», што ў Мінскім раёне. А менавіта, забетанавалі падлогу ў памяшканні для ўтрымання буйной рагатай жывёлы, якое ўступіць у строй летам гэтага года. Разам з тым прадстаўнікі аблвыканкама займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі фермы, фарбаваннем агароджы і пабелкай будынкаў.

У супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама быў іншы, не менш адказны ўчастак работы. Разам з Мінскім абласным аб'яднаннем прафсаюзаў і арганізацыямі галіновых прафсаюзаў яны добраўпарадкавалі Курган Славы. А тым часам грамадскасць Міншчыны даводзіла да ладу тэрыторыю мемарыяльнага комплексу «Хатынь».

Суботнік прайшоў дружна і зладжана, паколькі яшчэ напярэдадні на нарадзе рабочай групы былі вызначаны аб'екты і аб'ёмы работ, створаны абласны грамадскі прэс-цэнтр. Аналагічная работа праведзена і на ўзроўні раённых і Жодзінскага гарадскога выканкамаў.

Неасабістая справа

Работнікі Мінгарвыканкама і яго структурных падраздзяленняў падчас рэспубліканскага суботніка дапамагалі будаўнікам узводзіць мемарыяльны комплекс «Трасцянец» і прыводзілі ў парадак прылеглую да яго тэрыторыю, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».

— Упэўнены, мемарыял стане не проста ўпрыгажэннем горада: сюды будуць прыходзіць мінчане і прыязджаць жыхары ўсіх рэгіёнаў Беларусі, іншых дзяржаў, каб аддаць даніну памяці ахвярам фашызму, што загінулі тут у гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыў старшыня Мінскага гарвыканкама Андрэй ШОРАЦ. — Заробленыя сродкі накіруем на будаўніцтва мемарыяла, а таксама на аздараўленне дзяцей. У цэлым па выніках мінулага месячніка па добраўпарадкаванні горад стаў прыкметна чысцейшым, прыгажэйшым, больш акуратным. Мы робім усё для таго, каб гараджане разумелі: дом — гэта не толькі кватэра, але і пад'езд, двор, прылеглая тэрыторыя. Таму кожны з нас не павінен заставацца абыякавым да таго, што адбываецца навокал.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Вераніка ПУСТАВІТ,  Вераніка КОЛАСАВА, Аляксандр ПУКШАНСКІ,
Ірына АСТАШКЕВІЧ, Барыс ПРАКОПЧЫК,
Нэлі ЗІГУЛЯ, Таццяна 
ЛАЗОЎСКАЯ.

 

Вольныя 18 красавіка ад службы супрацоўнікі Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь і падпарадкаваных падраздзяленняў ў поўным саставе ўдзельнічалі ў рэспубліканскім суботніку. Нягледзячы на званні і пасады, яны разам добраўпарадкавалі не толькі адміністратыўныя будынкі і прылеглую да іх тэрыторыю, але і памятныя месцы горада.

Супрацоўнікі сталічнай аховы навялі парадак на тэрыторыі мемарыяльных комплексаў “Дразды” і “Трасцянец”, Вайсковых могілак, Дома ветэранаў, а таксама дзіцячага садку №50 і дзіцячых дамоў №№2 і 3.

_DSC3140

Не засталіся без увагі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Ім дапамаглі прыбраць і адрамантаваць жыллё, а таксама прынесці з крам прадукты харчавання.

Ігар ТОНКІ.

Фота Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».