Вы тут

Тэхналогіі 5G ужо ў Мінску


Прататыпы сувязі пятага пакалення будуць дэманстравацца на выставе TІBO-2015

Кожны наведвальнік экспазіцыі, якая адкрываецца сёння і будзе доўжыцца да 25 красавіка ў Футбольным манежы, зможа ацаніць, напрыклад, хуткасць запампоўкі відэа праз тэхналогію 5G — прыкладна 3,7 Гбіт у секунду. Акрамя гэтага, на выставе будзе прадстаўлены «Тэсламабіль». У форуме ўдзельнічаюць прадстаўнікі кампаній з 13 краін — усяго больш за 200 экспанентаў. Што яшчэ можна ўбачыць на выставе, расказвае першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Шэдко.

Безимени-6

— Чым удзельнікі будуць здзіўляць?

— Як і на мінулых выстаўках будуць прадстаўлены розныя апаратныя рашэнні — і прылады, якімі мы карыстаемся ў сваім жыцці кожны дзень, і навінкі, якія на наш рынак яшчэ не выйшлі, але ў бліжэйшы час павінны на ім з'явіцца. Маштаб — ад тэлефона да тэлевізара. Напрыклад, мы разлічваем, што нашы карэйскія калегі прадэманструюць прататыпы сувязі пятага пакалення. Гэта яшчэ нават не стандарт, а толькі навуковая распрацоўка, але дзейныя мадэлі ўжо ёсць. Наведвальнікі змогуць іх памацаць і выпрабаваць. Афіцыйнае ўкараненне тэхналогіі запланавана Міжнародным саюзам электрасувязі толькі на 2018 год. Але я думаю, што некаторыя краіны, у тым ліку Паўднёвая Карэя, будуць укараняць гэтыя тэхналогіі да атрымання міжнароднага стандарта, каб усё добра пратэсціраваць.

22-25

— Калі не памыляюся, раней прадстаўнікі Карэі не ўдзельнічалі ў нашай выставе?

— Сапраўды, сёлета ўпершыню ў нас ёсць, так бы мовіць, нацыянальны госць выставы — стэнд Рэспублікі Карэя. Там будзе прадстаўлена адразу пяць карпарацый. У нас наладзіліся вельмі нядрэнныя адносіны. У рамках форуму мы таксама падпішам Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж нашымі профільнымі міністэрствамі.

— Ці значыць гэта, што мы зможам выкарыстоўваць іх тэхналогіі ў нашай вытворчасці?

— Карэйцы, з аднаго боку, вельмі адкрытыя людзі і гатовы актыўна супрацоўнічаць з іншымі дзяржавамі, аднак насамрэч у іх тут ёсць чыста практычны інтарэс. Ім цікава наладзіць кантакты з беларускімі распрацоўшчыкамі праграмнага забеспячэння. У карэйцаў вельмі добра атрымліваецца рабіць «жалеза», а вось «начынку» могуць выдатна ствараць беларускія праграмісты. Таму ў будучыні гаворка можа зайсці і пра лакалізацыю ў нашай краіне пэўных тэхналогій альбо пра сумесныя распрацоўкі.

— Ці будзеце неяк адзначаць 20-годдзе «Белтэлекама» і «Белпошты»?

— Вядома. Будзем падводзіць вынікі працы гэтых найбуйнейшых дзяржпрадпрыемстваў за два дзесяцігоддзі. Напрыклад, «Белтэлекам» прайшоў шлях ад dіal-up — сэрвісу, які дазваляе камп'ютару, выкарыстоўваючы мадэм і тэлефонную сетку агульнага карыстання, далучацца да іншага камп'ютара для перадачы даных (напрыклад, для доступу ў інтэрнэт), да сучаснага оптавалакна — шкловалаконнага кабелю, які выкарыстоўваецца для перадачы вялікіх аб'ёмаў інфармацыі з дапамогай светлавых імпульсаў. Гэта тысячаразовы рост хуткасцяў і, адпаведна, якасці абслугоўвання. Вельмі высокія вынікі ў нас ва ўкараненні ІP-тэлебачання. Звычайна такія праекты рэалізуюцца ў больш густанаселеных краінах, таму гэта ўнікальна для Беларусі. Будзе таксама прадстаўлена новая паслуга — ОТТ-тэлебачанне. Гэта зручны сэрвіс, які дазваляе глядзець любімыя фільмы і праграмы на розных прыладах (планшэт, смартфон) толькі пры дапамозе інтэрнэт-злучэння. «Белпошта» ў рамках сваёй экспазіцыі робіць акцэнт на 70-годдзі Перамогі. Да гэтага прымеркавана і новая марачная прадукцыя, паштоўкі.

— Што стане цэнтрам экспазіцыі?

— Калектыўны стэнд Мінсувязі. Аснову будзе складаць своеасаблівая справаздача аб тым, што было зроблена для ўкаранення электроннага ўрада за апошнія 5 гадоў. Сёлета таксама завяршаецца рэалізацыя дзяржпраграмы ў сферы паслуг ІКТ. Будзе прадстаўлены і Дзяржаўны каранёвы засведчвальны цэнтр, дзе займаюцца электронна-лічбавым подпісам. Можна будзе прама на выставе паглядзець, што гэта такое. Будзем паказваць і абмяркоўваць тэхналогіі «электроннага рэцэпта». Для яго ўкаранення неабходна стварэнне інфармацыйнай прасторы ўсёй сістэмы аховы здароўя. Бо для таго, каб выпісаць і апрацаваць адзін рэцэпт, спатрэбіцца аб'яднаць і сістэму ідэнтыфікацыі, і цэлы шэраг баз даных — ад урачоў да фармацэўтаў.

— А тэму лічбавага тэлебачання закранеце?

— Безумоўна, бо 15 мая для нас — фінальная дата існавання аналагавага тэлебачання ў Беларусі. Большая частка краіны ўжо глядзіць выключна лічбавае тэлебачанне, але «перарэзанне стужачкі наадварот» абавязкова адбудзецца. Мы будзем дэманстраваць і ўсю лінейку апаратных рашэнняў, распрацаваных за апошнія гады — прыёмнікі, дэкодары, перадатчыкі. Яшчэ раз пакажам розніцу паміж аналагавым вяшчаннем і «лічбай».

— Пра «разумны дом», відаць, таксама нешта раскажуць...

— Адразу некалькі кампаній будуць дэманстраваць рашэнні для сістэмы «разумны дом» або «разумны горад», у тым ліку і канцэпцыі «інтэрнэту рэчаў» — вылічальнай сеткі фізічных аб'ектаў («рэчаў»), аснашчаных убудаванымі тэхналогіямі для ўзаемадзеяння адзін з адным або са знешнім асяроддзем, што выключае з часткі дзеянняў і аперацый неабходнасць удзелу чалавека. Канцэпцыя сфармулявана ў 1999 годзе як асэнсаванне перспектыў шырокага прымянення сродкаў радыёчастотнай ідэнтыфікацыі для ўзаемадзеяння фізічных аб'ектаў паміж сабой і з вонкавым асяроддзем. На выставе будзе прадстаўлена наша распрацоўка, якая ўжо зацікавіла партнёраў па ЕАЭС. Гэта сістэма маніторынгу лагістычных плыняў. Аснова — радыёчастотная ідэнтыфікацыя. Гэта больш сучасная замена штрых-кода, якая дазваляе вельмі рэзка паскорыць апрацоўку грузаў, павялічыць дакладнасць уліку. Вы заходзіце на склад — і вам на прыладу прыходзяць сігналы ад грузаў. Такім чынам вы праводзіце аператыўную інвентарызацыю. Падобную сістэму можна выкарыстоўваць таксама ў сістэме ЖКГ — аўтаматызаваны ўлік і здыманне паказанняў з лічыльнікаў. Чалавеку не трэба будзе кожны месяц тэлефанаваць і паведамляць паказанні. Людзям зручна, а ЖКГ выгадна — улік аператыўны і максімальна дакладны.

— У чым галоўная задача выставы?

— Правядзенне кангрэса TІBO. Нам важна высветліць, як правільна ўкараніць новыя тэхналогіі ў нашай краіне. Гэта будзе стартавы пункт для абмеркавання стратэгіі пабудовы інфармацыйнага грамадства на наступныя 5 гадоў, у якой шмат гаворыцца пра развіццё інфраструктуры.

— Што ж сёння значыць для беларуса «быць на сувязі»?

— Мы ўжо прыйшлі да таго, што сувязь для любога чалавека — гэта тры асноўныя ўмовы: інтэрнэт, тэлефон і тэлебачанне. І калі хоць з адным са складнікаў нешта здараецца, у людзей тут жа ўзнікае вельмі бурная незадаволенасць. Паўгадзіны адсутнасці сувязі для сучаснага чалавека — гэта сур'ёзны стрэс. Істотна выраслі і патрабаванні спажыўцоў да якасці. А мадэрнізацыя тэлекамунікацыйнай галіны бясконцая. Мы не можам сказаць, што дасягнулі нейкай кропкі. Гэта абсалютна пастаянны працэс. Сёння ён проста больш заў-важны, таму што ідзе замена тэхналогіі ADSL на GPON, якая дазваляе стварыць умовы для радыкальнага паляпшэння якасці паслуг.

* * *

Адкрываць выставу будзе прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Прымуць удзел у адкрыцці два высокія госці — намеснік генеральнага сакратара ААН па эканамічных і сацыяльных пытаннях Ву Ханбо і генеральны дырэктар ААН па прамысловым развіцці Юн Лі.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

 

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.