Вы тут

Рабіць тое, што ўмееш


Да рэспубліканскага суботніка сёлета далучыліся больш за тры мільёны жыхароў нашай краіны. Удзел у суботніку прыняў і Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы са сваёй брыгадай працаваў у сталічным мікрараёне Каменная Горка на будаўніцтве дзіцячай паліклінікі, робячы цэментна-пясчаныя сцяжкі ў памяшканнях і калідоры першага паверха. Брыгада выканала дзве дзённыя нормы. На аб'екце працавалі тры брыгады, у склад якіх уваходзілі таксама шматдзетныя сем'і.

22-17

Плануецца, што ўсе работы па будаўніцтве паліклінікі будуць завершаны да канца гэтага года. Яна будзе ўкамплектавана найноўшым абсталяваннем, падключана да сучасных сістэм сувязі. З улікам лячэбна-дыягнастычнай базы новай паліклінікі тут плануецца адкрыццё раённага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, цэнтра ранняга ўмяшання і цэнтра функцыянальнай дыягностыкі, а таксама раённага артадантычнага кабінета для дзяцей. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта будзе ў нейкай ступені эксперыментальная суперпаліклініка для дзяцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што яна будзе цалкам укамплектавана неабходным медыцынскім персаналам.

«Нам бы іншае пытанне вырашыць: каб вы шанавалі сваё здароўе. Самая вялікая праблема ў нашым грамадстве сёння: медыцынскае абслугоўванне, ахова здароўя, бясплатная (як у народзе кажуць), г.зн. чалавек прыходзіць і не плаціць, таму не жадае шанаваць сваё здароўе. Нехта напіўся, нехта курыць, а гэта галоўная прычына анкалогіі, хтосьці баіцца не тое што прабегчыся, а нават пешшу прайсціся. Я ўжо не кажу пра харчаванне», — адзначыў Прэзідэнт.

Пасля заканчэння работ Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні журналістаў.

Аб дэкрэце №3

Прэзідэнт падкрэсліў, што дакумент накіраваны супраць дармаедаў, а не сумленных людзей, якія хочуць працаваць і зарабляць. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не варта баяцца, што пад дзеянне дэкрэта агулам трапяць і неабароненыя слаі грамадства. Прэзідэнт адзначыў, што тыя, хто знаходзіцца ў складанай сітуацыі, у прыватнасці, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, інваліды, маюць пэўныя льготы і на іх распаўсюджваецца адпаведнае заканадаўства. «Тыя, хто працуе і дзетак гадуе да 7 гадоў, — чаго перажываць? Ты ніякі не дармаед, расці сваіх дзяцей», — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер акуратна і старанна адсочваецца ўся інфармацыя, у тым ліку ў СМІ, дзе выказваецца некаторая занепакоенасць з нагоды дэкрэта №3.

«Да канца года Адміністрацыя Прэзідэнта будзе маніторыць сітуацыю, каб, сапраўды, не дай Бог, ніхто незаслужана не пацярпеў ад гэтых нагрузак», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Таму не трэба перажываць і напружвацца. Усё будзе нармальна. Калі я падпісаў дакумент, гэта не значыць, што я падпісаў яго напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, каб укалоць насельніцтва. Ні ў якім разе. Я проста хачу зрабіць, як дзяржаўны чалавек, а не як палітык. Таму што або мне, або некаму пасля прэзідэнцкіх выбараў трэба працаваць. І папулізм тут недарэчны. І ўмовы павінны быць роўныя і нармальныя», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, прапаноўваючы гэты дэкрэт грамадству, зыходзіў з настрояў тых, хто працуе. «Я не кажу, што ён ідэальны. Вы бачыце, я нават не абараняю яго. Мы глядзім, нармальны ён ці не, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Памыліліся — паправім, але трэба даць магчымасць, каб гэты дакумент папрацаваў. А затым дапрацуем. Дзе памыліліся, мы папросім прабачэння і паправім. Да канца года сітуацыю выправім».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсім, хто хоча зарабіць, будзе дадзена такая магчымасць. «Не хочаш працаваць — заплаці сярэдні падатак», — сказаў Прэзідэнт. «Дык гэта мы яшчэ паўкрока зрабілі, а сапраўдны дармаед павінен думаць пра тое, што заўтра мы зробім другі крок, каб прымусіць яго працаваць», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аб святкаванні 70-годдзя Перамогі

«Напэўна, 7-8 мая мы зможам з дэлегацыямі з Беларусі наведаць Маскву, прадэманстраваць наша адзінства з рускім народам і іншымі. Магчыма, ускладзем вянкі да магілы Невядомага салдата, як мы гэта робім. 8 мая там будуць мерапрыемствы ў рамках ЕАЭС, СНД, АДКБ, таму я, вядома, не магу не прыняць у гэтым удзелу», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што 9 мая збіраецца быць у Мінску і прымаць парад да 70-годдзя Перамогі.

Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў, што ваенны парад можа прымаць толькі галоўнакамандуючы. «У нас 9 мая будзе свой такі ж парад, як у Маскве», — сказаў ён.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не падтрымлівае палітыкаў, якія амбіцыйна адмаўляюцца прыехаць на ўрачыстасці ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Маскву, хоць раней абяцалі.

«Па розных прычынах тыя ці іншыя лідары дзяржаў могуць адмовіцца прыехаць у гэты дзень у Маскву на ўрачыстасці. Напрыклад, калі ў іх дома адпаведныя мерапрыемствы. Мы будзем толькі рады, што разам з намі Дзень Перамогі святкуюць і ў іншых краінах. Калі ж гэта ў плане выпаду супраць Расіі і не толькі супраць Расіі, а супраць таго савецкага народа і народаў Усходняй Еўропы, якую мы вызвалялі, — гэта няправільна», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб самапіяры

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з'яўляецца прыхільнікам адкрытай палітыкі. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не трэба піярыцца на тым, што чалавек не ўмее рабіць. Ён растлумачыў, што часам яму раяць зрабіць пэўныя рэчы. «Мне кажуць: вы ведаеце, гэта трэба зрабіць, каб людзі бачылі. Я разумею, што трэба, але заўсёды кажу, што буду рабіць тое, што раблю заўсёды, таму што піярыцца і паказваць, што ты лепшы, чым ёсць, — гэта на месяц ці на паўгода, ну на год. Але я 20 гадоў Прэзідэнт, і гэта даўно вылезла б», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Можаш — рабі, не можаш — не рабі, — дадаў ён. — Не трэба рабіць тое, што ты не ўмееш рабіць, толькі дзеля таго, каб прапіярыцца».

Паводле БЕЛТА.

 

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».