Вы тут

Барацьба за медалі працягваецца


Зборная Беларусі па футзале прабілася ў чвэрцьфінал хатняга чэмпіянату свету

Калі да завяршэння апошняга матча беларусаў у групавой стадыі з Аўстраліяй заставалася хвіліна, балельшчыкі ў сталічным Палацы спорту ўзняліся з месцаў і зладзілі нашым хлопцам сапраўдную авацыю. Так, у паядынку з аўстралійцамі не ўсё атрымлівалася, мяч часам фатальна не ішоў у вароты саперніка, але яны сваёй гульнёй, самаадданасцю заслужылі і апладысменты, і выхад у наступную стадыю спаборніцтваў.

[caption id="attachment_80327" align="alignnone" width="400"]Матч Беларусь—Бразілія. Матч Беларусь—Бразілія.[/caption]

Не горш за бразільцаў

Цікава, што наша каманда пакінула з носам у гонцы за выхад у чвэрцьфінал не каго-небудзь, а бразільцаў, якія ў зальным футболе таксама каціруюцца, двойчы заваёўвалі «золата» чэмпіянату свету. Матч паміж гаспадарамі і суайчыннікамі Пеле на «Мінск-Арэне» стаў першым на турніры і сабраў вялікую аўдыторыю — каля 10 тысяч чалавек. Вочы ад каларытных заўзятараў разбягаліся. Тут і беларусы ў нацыянальных кашулях, і дзяўчаты ў майках сонечнага колеру, і хлопцы ў хакейных світарах... «Хварэлі» як трэба! Спачатку нават здалося, што нашы гульцы (а многія з іх дагэтуль ніколі не гулялі пры такой колькасці гледачоў) крыху расхваляваліся. Між іншым, сапернікі вытрымалі 24-гадзінны пералёт у нашу краіну. Гулялі амаль без падрыхтоўкі. Яны і забілі першымі, але падапечныя Сяргея Сафонава зраўнялі лік праз 11 секунд! А праз пэўны час адправілі ў сетку паўднёваамерыканцаў выніковы другі мяч і атрымалі гістарычную перамогу.

— Эмоцый — нуль, — прызнаўся адразу пасля гульні спустошаны Дзмітрый Цяслюк, аўтар першага гола ў вароты каманды Бразіліі. — Мы вельмі стаміліся. Дзякуючы такой падтрымцы — а я ўпершыню гуляў пры такіх запоўненых трыбунах — мы ўсё ж такі здолелі пераламіць ход сустрэчы і перамагчы. Атмасфера была цудоўная! Дзякуй гледачам.

— Гол у нашы вароты стаў каталізатарам актыўнасці беларусаў у атацы.

— Так, у першай палове адчувалася, што пасля нагрузак на трэніроўках мы не вельмі добра рухаліся па паркеце. У перапынку трэнер зрабіў карэкцівы. Мы разбегаліся. Яшчэ больш «завяліся» пасля гола ў нашы вароты і гулялі на поўную сілу.

А вось што сказаў пасля сустрэчы галоўны трэнер зборнай Беларусі Сяргей Сафонаў.

— Адкрываць любы турнір цяжка, а хатні чэмпіянат свету — архіскладана. І вельмі цяжка гуляць супраць такой класнай каманды, як зборная Бразіліі. У гэтай гульні ў нас атрымалася праявіць характар, неабходны для дасягнення выніку. Я ўдзячны бразільцам за тэхнічны, якасны футзал, аднак наша моц — у дысцыпліне, узаемападстрахоўцы. Хлопцы ажыццявілі ўсё, што казалі ім на перадматчавай устаноўцы.

Паражэнне і яшчэ адна вікторыя

Глядацкая актыўнасць была ўласцівая не толькі першаму матчу турніру. Калі паядынак з Уругваем ужо распачаўся, каля ўвахода ў Палац спорту яшчэ цягнулася 20-метровая чарга ахвотнікаў трапіць на відовішча. А паглядзець было на што. Беларусы на роўных дзейнічалі са зборнай краіны, дзе нарадзіўся футзал. Шкада, але выніковы лік 2:3 не на карысць падапечных Сяргея Сафонава. Адметна, што настаўнік уругвайцаў Пабла дэ Палеха ў свой час гуляў за зборную Уругвая, нават забіваў нашым футзалістам. А цяпер дапамог зарабіць перамогу сваёй камандзе ў трэнерскім амплуа.

Каб трапіць у чвэрцьфінал, нашай камандзе неабходна было не саступіць Аўстраліі. І госці з далёкага кантынента далі нам сапраўдны бой. Выдатна сябе праявіў наш варатар Дзмітрый Кудзі. Мяч толькі аднойчы апынуўся ў нашых варотах. Забіць аўстралійцам зборная Беларусі здолела двойчы. У наступную стадыю беларусы выйшлі з другога месца групы «А» і цяпер сустрэнуцца з Парагваем, адным з фаварытаў у барацьбе за ўзнагароды. Матч пройдзе сёння ў Палацы спорту і пачнецца ў 20:15.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выніковае становішча групы «А»: 1. Уругвай — 9, 2. Беларусь — 6, 3. Бразілія — 3, 4. Аўстралія — 0.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?