Вы тут

Калгаснае будаўніцтва: выратаваць індустрыялізацыю


Шануючы памяць аб ахвярах вялікіх войнаў, што грымелі па свеце, мы амаль не ўспамінаем тых, хто пацярпеў ад войнаў неабвешчаных, для якіх не былі характэрнымі баявыя дзеянні, але ахвярамі якіх сталі мільёны людзей. Менавіта ў такое супрацьстаянне вылілася распачатая ў Савецкім Саюзе напрыканцы 1920-х гадоў новая аграрная палітыка, вядомая як калектывізацыя. Разам з галоўным архівістам Нацыянальнага архіва Беларусі Вячаславам СЕЛЯМЕНЕВЫМ «Звязда» распачынае рубрыку «Зусім сакрэтна», дзе будзе прадстаўлены цыкл матэрыялаў пра вялікае калгаснае будаўніцтва і яго негатыўныя і станоўчыя наступствы. Пагартаем дакументы і пачнём з таго, як зараджалася калектыўная гаспадарка.

[caption id="attachment_80342" align="alignnone" width="600"]Пер­шы трак­тар на па­лях Бе­ла­ру­сі  ў саў­га­се «Чыр­во­ная зор­ка», 1924 г. Пер­шы трак­тар на па­лях Бе­ла­ру­сі
ў саў­га­се «Чыр­во­ная зор­ка», 1924 г.[/caption]

Хутчэй, вышэй, мацней

За дзесяцігоддзе пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі маладая савецкая дзяржава, якая яшчэ не да канца ачулася ад падзей Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, паспела перажыць і пакрысе стала згортваць новую эканамічную палітыку. НЭП дазволіў вярнуць эканамічныя паказчыкі на ўзровень 1913 года, аднак патэнцыял для далейшага іх росту быў вельмі слабы. Тым не менш СССР ад самага пачатку свайго ўтварэння імкнуўся да рэкордаў. Для дасягнення максімальных поспехаў у сацыяльна-эканамічным жыцці партыйнае кіраўніцтва распрацоўвала пяцігадовыя планы развіцця гаспадаркі ў краіне. Так, ужо ў першай пяцігодцы (1928—1932) былі пастаўлены амбіцыйныя задачы: пабудаваць падмурак сацыялістычнай эканомікі, умацаваць абараназдольнасць краіны (бо, як даводзіла тагачасная ідэалогія, з усіх бакоў Савецкі Саюз рыхтаваліся атакаваць буржуі-капіталісты), а таксама пераўтварыць дзяржаву з аграрнай у развітую індустрыяльную.

Менавіта гэта стала галоўнай прычынай распрацоўкі новай аграрнай палітыкі, курс на якую быў абвешчаны на
XV з'ездзе УКП(б) (у народзе ён атрымаў назву «з'езд калектывізацыі») у снежні 1927 года. Яе сутнасць была ў абагуленні аднаасобных сялянскіх гаспадарак у калектыўныя, бо лічылася, што толькі буйныя гаспадаркі могуць быць найбольш прадукцыйнымі і таварнымі. Сельская гаспадарка павінна была стаць асноўнай крыніцай для сілкавання фарсіраванай індустрыялізацыі. Краіне патрэбны былі сродкі для закупкі за мяжой абсталявання для флагманаў першай пяцігодкі; гарады, што імкліва раслі, мелі патрэбу ў вялікіх аб'ёмах прадуктаў. Паколькі Захад адмовіў СССР у крэдытах ці прадаставіў іх у нязначным аб'ёме, урад разлічваў на сельскагаспадарчы рэсурс.

Але калі ў 1928 годзе дзяржава паспрабавала абавязаць сялян здаваць хлебанарыхтоўкі, тыя ўзбунтаваліся. Партыйнае кіраўніцтва зразумела, што проста так сельгаспрадукцыю сяляне не аддадуць. І вырашыла, што прасцей будзе забраць збожжа, калі яно будзе агульнае (значыць, нічыё асабіста), чым ва ўласнасці прыватніка, які максімальна ўкладваецца ў яго вытворчасць. У выніку пачалося гвалтоўнае насаджэнне ў збожжавых раёнах Саюза калгасаў, будаўніцтва буйных дзяржаўных гаспадарак — саўгасаў, пры адначасовай ліквідацыі дробнай сялянскай вытворчасці як неэфектыўнай.

Нягледзячы на тое, што калектывізацыя актыўна ішла з 1929 года, толькі ў 1930 годзе яна атрымала юрыдычнае афармленне (пастановы ЦК УКП(б) і СНК аб тэмпах калгаснага будаўніцтва і «ліквідацыі кулацтва як класа»). І калі спачатку гаворка ішла пра добраахвотнае ўступленне ў калгасы і абагульненне маёмасці, то ў хуткім часе яно стала прымусовым.

«...А ў нас трактароў няма»

Летам 1929 г. Сталін абвясціў лозунг «суцэльнай калектывізацыі», які прадугледжваў завяршыць калектывізацыю ў збожжавых раёнах вясной 1932 г. Тэрмін заканчэння калектывізацыі для Беларусі прадугледжваўся ў 1932—1933 гг. Але кіраўніцтва БССР на чале з Канстанцінам Геем вырашыла фарсіраваць тэмпы калектывізацыі і закончыць працэс да 1931 г. У Маскву была накіравана дакладная запіска з просьбай аб'явіць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. «Велізарны рост калектывізацыі БССР дае поўную ўпэўненасць і падставу меркаваць, што да вясны 1930 індывідуальныя гаспадаркі бядняцка-серадняцкіх мас Беларусі будуць абагульнены на 75-80%, і што да 1930-га ўся рэспубліка будзе цалкам калектывізаваная», — гаварылася ў просьбе.

[caption id="attachment_80341" align="alignnone" width="600"]Сяў­ба ўруч­ную ў кал­га­се ся­ла Грын Мін­скай воб­лас­ці. Удар­ная бры­га­да з ся­вень­ка­мі. 1930 г. Сяў­ба ўруч­ную ў кал­га­се ся­ла Грын Мін­скай воб­лас­ці. Удар­ная бры­га­да з ся­вень­ка­мі. 1930 г.[/caption]

І гэта ў той час, калі сельская гаспадарка краіны апынулася ў рэжыме стагнацыі, узнік сур'ёзны харчовы крызіс і была ўведзена картачная сістэма для гарадскога насельніцтва. Надзвычайныя меры па нарыхтоўцы прадуктаў, асабліва хлеба, у 1927—1929 гадах не далі патрэбных вынікаў.

Гучныя заявы аб поспехах у калектывізацыі былі ўмела раздзьмутыя тагачаснай прапагандай, хоць насамрэч ні пра якія поспехі не магло ісці гаворкі. Сведчаннем можа служыць хаця б такі факт: пры размеркаванні 100 машынна-трактарных станцый па раёнах Саюза ў 1929 годзе для Беларусі не выдзелілі ніводнай. Гэта прымусіла сакратара кампартыі Беларусі Гамарніка і старшыню СНК Галадзеда звярнуцца ў Маскву з просьбай аб выдзяленні для Беларусі трох МТС: «Пры нашым асабліва вострым малазямеллі, аграрнай перанаселенасці, карлікавай гаспадарцы пытанне аб калектывізацыі набывае асаблівую вастрыню. У Беларусі, як вядома, шырока развіта было хутарское землекарыстанне ў дарэвалюцыйныя гады, а таксама пры савецкай уладзе ў сілу цэлага шэрагу памылак у зямельнай палітыцы Беларусі. <...> 28-ы год у гэтых адносінах з'явіўся пераломным. Відавочны вялікі размах калектывізацыі. <...> У наяўнасці стыхійная цяга ў калгас. А ў нас трактароў няма».

За высокімі лозунгамі...

Не было на той час у краіне не толькі трактароў. Масава створаныя калгасы былі слабымі і не здольнымі не толькі задаволіць патрэбы індустрыялізацыі, але і пракарміць саміх сялян. Як бы абсурдна гэта ні гучала, але многія калгаснікі, якія вырошчвалі збожжа — сядзелі, так бы мовіць, на збожжавай жыле — самі яго не мелі. І гэта датычылася не толькі збожжа. Вось, напрыклад, урывак з пастановы ЦК КПБ аб адгрузцы бульбы Ленінграду. «У сувязі з тым, што план адгрузкі бульбы Ленінграду да вызначанага тэрміну (1 лістапада) не выкананы як па рэспубліцы ў цэлым, так і па большасці раёнаў, устанавіць канчатковы тэрмін безагаворачнага выканання ўсімі раёнамі плану адгрузкі бульбы Ленінграду — 6 лістапада да 15-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, улічваючы пры гэтым замаразкі, якія наступілі ў Ленінградзе». Дарэчы, каляндарныя сутачныя заданні адгрузкі для кожнага раёна вызначаліся, зыходзячы з неабходнасці штодзённай адгрузкі 15 000 тон. Даводзячы падобныя планы на памеры гаспадарак, як правіла, ніхто не глядзеў. Аднак далей у пастанове ЦК ад 10 лістапада чытаем, што «баявая задача па выкананні адгрузкі бульбы Ленінграду на сёмага лістапада не выканана».

У калгасах і саўгасах не была рэдкасцю безгаспадарчасць. З дакладной запіскі аб апісанні становішча саўгаса «Палелюм» Барысаўскага раёна: «У нясцерпна кепскіх умовах знаходзяцца рабочыя саўгаса. З боку дырэктара тав. Вараб'ёва былі дапушчаны саноўна-барскія адносіны да бытавых пытанняў рабочых. Не прыняты меры па пашырэнні жыллёвай плошчы, і гэта прывяло да таго, што рабочыя сем'і вымушаны месціцца ў цесных, халодных, брудных памяшканнях, лазнях па 5—6 сем'яў у 25 душ <...> Дровамі рабочыя не забяспечаны, меддапамога не арганізавана, клуб адсутнічае, забеспячэнне праз саўгас пастаўлена кепска <...>»

Дакладныя запіскі аб правядзенні калектывізацыі ў сельсаветах стракацяць фразамі аб фармалізме, голым адміністраванні, недастатковай тлумачальнай рабоце і пагоні за паказчыкамі. Зрэшты, часта і гэтая пагоня кіраўнікамі калгасаў ігнаравалася. Насенне і ўраджай нярэдка захоўваліся неналежным чынам, з-за чаго псаваліся і былі непрыдатныя для сяўбы і ўжытку.

У калгасах ствараліся працоўныя брыгады. За іх нёс адказнасць брыгадзір, які размяркоўваў паміж калгаснікамі працу, прымаў яе па выкананні, налічваў і запісваў у працоўныя кніжкі працадні. Прычым нярэдка рабіў гэта не па выніках выкананай працы, а як хацеў...

Дзіяна СЕРАДЗЮК,

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ.

Ілюстрацыі прадастаўлены Беларускім дзяржаўным архівам кінафота-
фонадакументаў.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.