Вы тут

Мінчан будуць заахвочваць карыстацца перахопнымі паркоўкамі


А таксама павялічаць тэмпы капрамонту ў сталіцы, зменшыўшы пералік работ

У Мінжылкамгасе перагледзелі нарматывы для гэтага віду работ з мэтай яго патаннення, што растлумачыў падчас прамой тэлефоннай лініі першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама
Уладзімір КУХАРАЎ. У выніку абавязковымі мерапрыемствамі пры капітальным рамонце застануцца замена даху, стаякоў, падвальных камунікацый, а таксама рамонт канструкцыйных элементаў дома ў выпадку неабходнасці.

А вось за рамонт пад'ездаў, замену вокнаў і цеплавую мадэрнізацыю жылых будынкаў цяпер давядзецца плаціць жыхарам. Выключэннем стануць дамы, дзе пры дапамозе цеплавізара выяўлены прамярзанні. Іх па-ранейшаму будуць уцяпляць за кошт сродкаў, выдзеленых на капітальны рамонт.

Падчас прамой лініі было ўзнята пытанне аб палігоне бытавых адходаў «Паўночны» ў Мінску, які, як высветлілася, завяршае сваю працу. Закрыць яго гарадскія ўлады плануюць на працягу 1,5 года. Тут ужо адбываецца дэгазацыя, пасля палігон рэкультывуюць. Уладзімір Кухараў распавёў, што цяпер сумесна з Мінскай вобласцю адпрацоўваецца пляцоўка, якая заменіць «Паўночны». Разглядаецца магчымасць выкарыстання ў якасці палігона адпрацаваных кар'ераў. Гэта дазволіць складаваць адходы ніжэй за ўзровень зямлі і пазбавіць ад смеццевых гор. Пасля таго, як кар'ер будзе запоўнены, яго засыплюць і рэкультывуюць.

Адзін жыхар сталіцы пацікавіўся ў намесніка старшыні Мінгарвыканкама пра перспектывы будаўніцтва перахопных парковак у Каменнай Горцы. Такія паркоўкі, пабудаваныя ў некалькіх раёнах Мінска, не маюць той папулярнасці, як хацелася б, што адзначыў Уладзімір Кухараў. Па яго словах, большасць гараджан і гасцей сталіцы працягваюць дабірацца да патрэбнага месца наўпрост на аўтамабілях і пакуль не імкнуцца перасаджвацца на грамадскі транспарт. Намеснік старшыні гарвыканкама падкрэсліў, што цяпер завяршаецца будаўніцтва буйной паркоўкі на вуліцы Нёманскай. Акрамя таго, часовыя паркоўкі плануюць ствараць на тэрыторыях, дзе намечана будаўніцтва розных аб'ектаў, якое пакуль адкладваецца.

Таксама ў планах гарадскіх уладаў у 2015—2016 гадах зрабіць усю паркоўку ўнутры 1-га транспартнага кольца Мінска платнай. Уладзімір Кухараў мяркуе, што пасля ўвядзення гэтай меры попыт на так званыя перахопныя паркоўкі ўзрасце. Паводле слоў першага намесніка старшыні Мінгарвыканкама, стварэнне гэтых аб'ектаў запланавана пры будаўніцтве новых ліній метрапалітэна. Гэта дазволіць гараджанам і гасцям сталіцы, заязджаючы ў горад, пакідаць асабісты транспарт і дабірацца да патрэбнага месца на грамадскім.

Сярод іншых пытанняў, якія хвалююць жыхароў сталіцы, — тэрміны пастаноўкі дамоў на капітальны рамонт, знос прыватнага сектара, нездавальняючы стан пешаходных дарожак і дваровых праездаў і іншыя. Усяго за тры гадзіны працы прамой тэлефоннай лініі Уладзімір Кухараў адказаў на званкі 93 гараджан.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.