Кіно


(урывак)

Сонечны прамень весела гуляе па Аленчыным тварыку. А тая нават і не варухнецца. Даглядае свой надта прыгожы сон. Нібыта ідзе яна з вялікім рознакаляровым букетам вяргіняў, у струменістай прывабнай сукенцы, а насустрач — аднакласніца Соня, ад зайздрасці нават не можа нічога сказаць, толькі лыпае вачыма... І тады Аленка сама падыходзіць да яе і, нібы між іншым:

— А мяне ў кіно здымаюць. Калі хочаш, можаш паглядзець!

Соня толькі ахнула, а потым апамяталася і яхідненька так працягнула:

— А з Жэнькам хто застане-е-цца? Кінеш яго? Маці заб'е тады. Артыстка вышукалася!

Аленка не знайшла, што адказаць і, напэўна, праз гэта прачнулася.

Маці запальвае печ. Як заўсёды, на сняданак будзе пячы тоўстыя шэрыя бліны, смажыць яешню на сале.

— Алена, прачынайся, на стол трэба збіраць, братоў будзі. Спалі б да поўдня!

Колькі Аленка сябе памятае, ніколі ў жыцці яны не спалі да поўдня, нават на самыя вялікія святы, калі нічога нельга рабіць па гаспадарцы, не тое што ў звычайны дзень, калі маці вызначала, каму што трэба выканаць. Аленцы здаецца, што ў яе абавязкаў значна больш, чым у старэйшага брата. Насамрэч, так яно і ёсць. Напрыклад, старэйшы, Грышка: калі што не па-ягонаму — дык у цягнік, толькі яго і бачылі! Колькі разоў ужо так было. Накатаецца, покуль не здымуць з якой-небудзь цяплушкі, галоднага і бруднага. Маці рада, цалуе яго, мілуе, нібыта героя якога сустракае. А ён менавіта так сябе і адчувае.

Да таго часу, як Грышка знойдзецца, пройдзе месяцы са два і маці ледзь не звар'яцее, усе вочы праплача.

Аленка шкадуе яе і вельмі злуецца на брата, таму што менавіта на яе, Аленчыны плечы, ускладаюцца ўсе братавы абавязкі. Апрача таго, трэба даглядаць малодшых, асабліва гадавалага Жэньку. А ён, як на зло, цяжкі і капрызны, увесь час нема раве, таму прыходзіцца гадзінамі гушкаць яго на руках. Добра яшчэ, што сярэдні Валерка спакойны, нікуды не лезе, нічога не патрабуе, нібы разумее і шкадуе сваю не нашмат старэйшую сястру.

— Алена, чула, што я табе казала?

— Я прачнулася ўжо, зараз накрыю на стол. Умыюся толькі.

Аленка прыгадвае свой сон, летуценна пацягваецца і саскоквае з цёплай утульнай печы.

На дварэ сонечна і па-ранішняму зябка. Аленка хутка бяжыць за хлеў, потым зачэрпвае ў далоні халоднай вады з вядра і, не прыжмурваючы вочы, мужна выплюхвае яе на твар. Вось цяпер канчаткова прачнулася! Хуценька ўскоквае ў хату і пачынае збіраць на стол. З калгаснай нарады вяртаецца тата.

— А вось і мая Аленка, памочніца, — тата ласкава гладзіць дачку па галаве.

— Добрай раніцы, татачка! Сядай есці.

— Ты братоў пабудзіла, колькі разоў табе казаць? — маці сярдзіта паглядзела на Аленку.

— Грыша, Валерачка, прачынайцеся, маці есці заве, блінцы гарачыя.

— Зараз, Аленка, яшчэ хвілінку.

Пасля сняданку маці збіраецца ў калгас даглядаць цялят.

— Алена, посуд памыеш і таксама прыходзь, мне трэба дапамагчы. Жэньку з сабой возьмеш, толькі пакармі яго, не забудзься.

— Грышка, а ты бульбы свінням напар. І Валерка хай табе дапамагае, вялікі ўжо хлопец.

Шлях у калгас нядоўгі, але цяжкаваты. Ісці пад гару, і добра, каб адной, але малога таксама трэба цягнуць на сабе, на братоў не пакінеш, у іх свае справы. Тата амаль што цэлымі днямі прападае ў калгасе. Чым ён толькі не займаецца там: і замест ветэрынара, і эканома, і агранома. Тату ў вёсцы паважаюць...

Аднойчы Аленка пачула размову паміж бацькамі. Тату прапанавалі працу ў горадзе на кандытарскай фабрыцы (так ёй пачулася), ды не кім-небудзь, а начальнікам цэха. Тата сумняваўся:

— А што, можа, і згадзіцца? Кватэру асобную паабяцалі, зноў жа, грошы мусяць плаціць, а не палачкі ставіць. Зусім іншае жыццё, га, Хадосся?

— Во дурное гавора, ад зямлі ён з'едзе, пабачце! Цукеркамі тымі дзяцей накорміш? Не надумайся нікому казаць, сораму не абярэшся!

Карацей, адмовілася маці. Аленка ледзь стрымалася тады, каб не заплакаць з прыкрасці. У свае няпоўныя дзесяць гадоў ёй цяжка было зразумець, што маці магла існаваць толькі на зямлі.

Цётка Наста, суседка, распавядала аднойчы, як падчас вайны Хадосся не спыняла сваёй працы нават пад кулямі:

— Фрыцы з самалёта лупяць, мы ўсе даўно пахаваліся ў зямлянцы, а яна буракі поле, нібы не чуе стрэлаў. Малая Маня за спадніцу яе ўчапілася, перапалоханая ўся, закрычала. Тады толькі Хадосся схапіла яе і пабегла. Кулі каля іх пыл падымаюць, адна нават у спадніцу трапіла. Цудам жывыя засталіся. Дзякуй Богу! Зусім дурная Хадосся да працы...

Дарэчы, пра кіно. Аленка вельмі любіць кіно. Яго прывозяць у вёску два разы на месяц. Кіношнікі з горада ў той дзень робяцца для малых самымі галоўнымі людзьмі ў вёсцы. Дзеці падлашчваюцца да іх з надзеяй, што ўвечары ім дазволяць прайсці задарма. І лаўкі дапамагаюць ладзіць, і скрыні іх цяжкія з прыладамі рознымі цягаюць, і сала з дому прыносяць, і нават штосьці да сала (крый Божа, калі маці ўбачыць). Але дзе там! Зрэшты, за самагонку, можа, і прапускалі, але Аленка ніколі не асмелілася б на гэткае, а Грышку прасіць — яшчэ горш. Яму і так дастаецца ад маці, як той сідаравай казе. Праўда, Аленка ніколі не бачыла той казы, але загадзя яе шкадуе...

Аксана Радзікоўская

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.