Вы тут

«Не выкідвай, сынок, процівагаз»


Пагарэлец застаўся жывым дзякуючы свайму суседу

Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі Уладзімір Вашчанка сваім загадам прэміраваў жыхара вёскі Даўкшышкі Ашмянскага раёна Віктара Сухалета за праяўленую мужнасць і выратаванне чалавека.

23-4

Паведамленне пра пажар у адным з жылых дамоў гэтай вёскі ашмянскія выратавальнікі атрымалі раніцай. Туды адразу ж накіраваліся пажарныя разлікі і брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Драўляная хата была моцна задымлена, як пазней высветлілася, ад тлення пасцельных рэчаў. Пажарныя спынілі распаўсюджванне агню па ўсім доме, а гаспадар быў выратаваны яшчэ да прыезду падраздзяленняў МНС. Пра гэта паклапаціўся яго сусед, 36-гадовы Віктар Сухалет.

Той раніцай Віктар, як звычайна, выглянуў у акно, каб даведацца, што з надвор'ем? І ўбачыў... водблескі полымя. Гарэў дом, дзе пражываў 62-гадовы мужчына. Віктар выклікаў пажарных, схапіў процівагаз, што ў яго меўся, і кінуўся ратаваць суседа, які ляжаў на падлозе каля ложка. Выцягнуў яго на свежае паветра.

Прычынай пажару, як гэта ўжо здаралася дзясяткі і сотні разоў, стала неасцярожнае курэнне ў нецвярозым стане. І толькі дзякуючы неабыякаваму аднавяскоўцу спіс ахвяр не папоўніўся яшчэ адным чалавекам.

Кіраўнік справамі Мураванаашмянкоўскага сельсавета Марына Саковіч паведаміла, што Віктар Сухалет нарадзіўся ў Казахстане, але з дзіцячага ўзросту жыве на Ашмяншчыне — ужо даўно тутэйшы. Зараз працуе ў мясцовай бальніцы сястрынскага догляду, не адмаўляецца і ад грамадскай работы. Прычым, не проста мае пасведчанне пазаштатнага пажарнага інспектара, а ўдзельнічае ў рэйдах аглядавай камісіі сельсавета, сочыць за проціпажарным станам домаўладанняў у Даўкшышках. І толькі прафілактыкай, як бачым, не абмежаваўся...

Дарэчы, процівагаз Віктару дастаўся ад бацькі, які быў ваенным фельчарам. «Не выкідвай мой стары процівагаз, спатрэбіцца», — параіў ён сыну. Так і адбылося.

Грашовую прэмію Віктару Сухалету ў прысутнасці яго землякоў уручыў начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло. Удзельнікі сустрэчы паглядзелі відэафільм пра наступствы спальвання сухой травы, атрымалі памяткі па пажарнай бяспецы. Сяргей Шпарло адказаў на пытанні вяскоўцаў і заклікаў іх не паўтараць памылак і парушэнняў, што прыводзяць да трагедый.

Гэта, безумоўна, тычыцца і пагарэльца, якога выратаваў Віктар Сухалет. Пасля пажару яго накіравалі ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, але заставацца там ён не захацеў. Ужо вярнуўся ў Даўкшышкі і цяпер робіць у сваім доме рамонт. Сельвыканкам дапамагае яму будматэрыяламі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.