Вы тут

Аўтарская песня як спосаб жыцця


Аляксей Нежавец — кампазітар, бард. Піша і выконвае песні на вершы паэтаў-класікаў, сучасных паэтаў, а таксама на свае — на рускай і беларускай мовах. Напісаў больш за сотню песень. Яго творчасць шматпланавая: ад класічнай аўтарскай песні да бард-рока. Арганізатар канцэртаў
і фестываляў аўтарскай песні ў Беларусі. Неаднаразовы лаўрэат міжнародных фестываляў
аўтарскай песні.

23-14

— Калі я вучыўся ў Ліцэі БДУ, загінуў Віктар Цой, і бум выканання яго песень прыйшоўся якраз на гэты час. Захацелася навучыцца іграць на гітары і паказаць, як трэба гэта рабіць па-сапраўднаму. Разам са мной вучыліся музыканты, якія сталі знакамітымі ў Беларусі. Яны дапамаглі мне ў навучанні ігры на гітары. За першы тыдзень сцёр пальцы да крыві — так хацелася навучыцца іграць. Пасля песень Цоя я звярнуўся да творчасці Высоцкага, у 1992 годзе напісаў сваю першую песню. А на чацвёртым курсе мехмата БДУ я адчуў, што музыка ўзяла верх над матэматыкай — з'явілася цвёрдае рашэнне заняцца аўтарскай песняй на не дылетанцкім узроўні.

— І ў гэты час у вас нараджаецца ідэя стварэння клуба аўтарскай песні ў БДУ?

— Так, сапраўды, у 1998 годзе я ініцыіраваў стварэнне такога клуба. Справа ў тым, што мне вельмі хацелася адрадзіць папулярнасць гэтага жанру. Напачатку прапанаваў правесці конкурс бардаўскай песні. Мяне падтрымалі ва ўніверсітэце. Актыўнасць удзельнікаў аказалася нечакана высокай — больш за 200 заявак! Давялося праводзіць два туры. Заключны канцэрт прайшоў у галоўным корпусе БДУ, у зале — аншлаг! Гэта быў "Першы ўніверсітэцкі конкурс паэтычнай песні "Фэст-А". За час дзейнасці нашага клуба праз яго прайшло некалькі соцень чалавек. Але паступова цікавасць да конкурсу аўтарскай песні згасала, спачатку фестываль, а потым і клуб перасталі існаваць.

— Вам знаёмы стан эмацыянальнага выгарання?

— Безумоўна, адчуваў, іншы раз хацелася ўсё кінуць. Шлях да творчасці — радасны шлях. Але, калі тое, чым ты займаешся, не прыносіць табе задавальнення, трэба пачаць пошук наноў. Творчаму чалавеку асабліва важна кантраляваць свае негатыўныя эмоцыі.

— Вы многа гадоў працуеце ў жанры аўтарскай песні. Можаце сказаць, што вы — прафесіянал?

— Я лічу, што аўтарская песня — не самадзейная творчасць, а рэальна сфарміраваны жанр мастацтва, вельмі значны і разнастайны пласт культуры, які ўплывае на ўсе сферы жыцця. Аўтарская песня была заўсёды. Гарадскія рамансы, песні гусляроў — чым не аўтарская песня?.. У тым выглядзе, як мы яе разумеем, яна сфарміравалася ў пасляваенныя гады. Гэтаму садзейнічала творчасць Анчарава, Высоцкага, Акуджавы і іншых бардаў таго часу. Аўтарская песня жыла і развівалася, убірала ў сябе розныя сусветныя музычныя і паэтычныя напрамкі, і зараз у выніку мы маем жанры бард-рока, бард-рэпа, бард-блюза... Я думаю, што аўтарская песня будзе жыць, бо яна вельмі гарманічная ў нашым жыцці.

— А чым асабіста для вас з'яўляецца аўтарская песня?

— Для мяне гэта спосаб жыцця. Я жыву ёй многа гадоў і стаўлюся да яе вельмі трапятліва і пяшчотна...

— Ці не балюча бачыць такі моцны ўплыў заходняй культуры на постсавецкай прасторы...

— На мой погляд, уплыў чужой нам культуры — гэта выпрабаванне. Мы павінны прайсці гэты шлях, каб загартавацца і стаць мацнейшымі. Я бачу развіццё нашага грамадства найперш у духоўным кірунку, матэрыяльныя каштоўнасці патрэбны нам толькі для дапамогі ў дасягненні духоўнага развіцця. Магчыма,такі мой погляд сфарміраваўся пад уплывам савецкай ідэалогіі.

— Цікавасць да вашай музыкі не змяншаецца. Хто ваш слухач?

— Я гастралюю на постсавецкай прасторы. Гэта Расія, Украіна, краіны Балтыі. У планах — Малдова і Казахстан... На канцэрты прыходзяць розныя людзі: і пажылыя, і моладзь... Многае залежыць ад арганізатараў канцэртаў, ад асвятлення ў сродках масавай інфармацыі.

— У чым вы бачыце прычыну зніжэння цікавасці да аўтарскай песні ў апошні час?

— Праблема, мне здаецца, у тым, што губляецца пераемнасць пакаленняў у перадачы гэтай цікавасці, як і, наогул, слабее сувязь паміж бацькамі і дзецьмі. На жаль, вектар развіцця грамадства рэзка павярнуўся да накаплення матэрыяльных каштоўнасцей...

Віктар Есін,
вучань 11 класа Ліцэя БДУ.

Пра аўтара

Віктару 17 гадоў, ён вучыцца ў філалагічным класе. Плануе сёлета паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ, таму, па прызнанні хлопца, для яго ўдзел у нашым творчым конкурсе — добрая практыка напярэдадні экзаменаў.

— Выберу факультэт менеджменту СМІ, бо ў мяне атрымліваецца арганізоўваць творчую працу: быў час, калі мы з сябрамі выпускалі сваю электронную ліцэйскую газету, — падзяліўся сваімі планамі Віктар. — У прафесіі журналіста цаню хуткасць і прафесіяналізм, дзякуючы якому і з'яўляюцца цікавыя матэрыялы.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.