Вы тут

«Мы ў нечым падобныя на нашых герояў»


Узорны тэатр-студыя «ТэсТ» гімназіі №10 г. Маладзечна запрасіў гледачоў на прэм'еру спектакля «Не пакідай мяне...», створанага па п'есе беларускага драматурга Аляксея Дударава.

Ішла на яе з натхненнем і чаканнем нечага асаблівага, бо ведала: пастаноўкі тэатра-студыі — гэта заўсёды цікавы мастацкі матэрыял, новыя падыходы, тонкі гумар, душэўныя эмацыянальныя вобразы. Сёлета юныя акцёры самі прапанавалі выбраць ваенную тэматыку. Па-першае, гэта лагічна напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі, а па-другое, хацелася перажыць на сцэне сапраўдныя пачуцці.

23-16

— Перад пачаткам работы мы вырашылі патэлефанаваць аўтару п'есы і спытаць яго дазволу. Аляксей Дудараў падтрымаў ідэю і пажадаў поспехаў у пастаноўцы. Гэта яшчэ больш падбадзёрыла нас і натхніла працаваць, цалкам прысвяціўшы сябе п'есе і яе героям, — паведаміла рэжысёр-пастаноўшчык тэатра-студыі Таццяна Бабей.

Дзяўчаты — байцы за жыццё

...Дзеянне драмы адбываецца ў 1944 годзе, калі пачыналася беларуская наступальная аперацыя. Галоўны герой, капітан Міхасёў, вядзе спецразведгрупу на адказнае заданне, а па сутнасці, на немінучую смерць. Трагізм сюжэта ў тым, што разведчыкі — чатыры маладыя дзяўчыны. Учарашнія школьніцы, якія толькі марылі пра першае каханне, вымушаны змяніць паркалёвыя сукенкі на грубую салдацкую форму. А колькі такіх, як яны, змагаліся з ворагам, замест таго, каб кахаць і нараджаць дзяцей?!.

Вобразы гераінь вельмі розныя, кожны мае свой адметны штрых. Лейтэнанта Вераніку Крэміс сыграла Ганна Такушэвіч. Пачынаючай актрысе давялося паказаць гледачам усю цяжкасць лёсу сваёй гераіні: бяссонніцу на працягу двух гадоў, страту малодшай сястрычкі, нянавісць да фашыстаў.

Зусім іншыя, непасрэдныя і рамантычныя, Аля Ладысева (яе сыграла Крысціна Гудзель) і Ядзя Гурская (Антаніна Будай).

І, як заўсёды, у такой рознай, але вельмі дружнай кампаніі сябровак знойдзецца сапраўдная завадатарка. Той самы вобраз, які становіцца цікавай, часам жартоўнай «разынкай» спектакля. У нашым выпадку гэта Зіна Бацян, гераіня з агеньчыкам у блакітных вачах.

— На мой погляд, яна моцная духам, гатовая сцярпець усе цяжкасці вайны і, калі трэба, закрыць сабой бліжняга, — дзеліцца сваёй думкай выканаўца ролі Зіны Наталля Лашук. — У чымсьці мы з маёй гераіняй падобныя. Мне вельмі хацелася прачуць вобраз, і, напэўна, гэта атрымалася, бо хлопчыкі і дзяўчаткі, якія ўжо бачылі спектакль, пачалі называць мяне Зінай. Безумоўна, драма пакінула ў маёй душы глыбокі след. І Зінка назаўсёды застанецца ў маёй памяці.

«У мяне з'явіўся камандны голас...»

Менавіта такую выснову зрабіў Мікіта Талстой пасля працы над сваёй роляй капітана Міхасёва. Камандаваць салдатамі, вучыць іх змагацца з ворагам, трымаць усё пад кантролем — гэта заўсёды нялёгка. А кіраваць байцамі-дзяўчатамі — у разы цяжэй. У Мікіты атрымалася знайсці той самы баланс: не быць зусім мяккацелым і падатлівым, але і не выглядаць «злыднем у форме».

23-15

— Для таго, каб глыбей пранікнуцца ў ролю, я прачытаў шмат ваенных апавяданняў, звяртаўся да гістарычных даведнікаў і, вядома ж, да блізкіх мне людзей — бабулі і дзядулі, ад якіх пачуў шмат гісторый пра вайну, — растлумачыў Мікіта.

Адчуванні да «мурашак»

Не толькі акцёрская ігра, але і дэкарацыі, асвятленне, музыка, мультымедыйнае суправаджэнне кадрамі з гістарычнай хронікі — усё гэта надавала спектаклю большую рэалістычнасць. Напэўна таму нават мужчыны не маглі стрымаць слёзы.

— Пастаноўка вельмі моцная, не пакідае абыякавым. Адметная яна яшчэ і тым, што цалкам на роднай мове. Выдатная ігра і неверагодная аддача маладых акцёраў-аматараў. Ступень якасці я вызначаю па «мурашках». Яны былі, а гэта значыць, што спектакль адбыўся і будзе жыць, — падзяліўся сваім уражаннем вучань СШ №14 Генадзь Паршуткін.

На жаль, жыццё драмы «Не пакідай мяне...» з гэткім акцёрскім саставам працягнецца нядоўга, бо ўсе выканаўцы — адзінаццацікласнікі. Аднак радуе, што спектакль убачаць і ацэняць не толькі жыхары нашага горада. Да канца месяца «ТэсТ» адправіцца ў Баранавічы на міжнародны тэатральны фестываль «Паралельныя сусветы».

Юлія Стрыга,
вучаніца 11 класа Лебедзеўскай СШ
Маладзечанскага раёна.

Фота Андрэя Клімаўца.

Пра аўтара

17-гадовая Юля сёлета збіраецца паступаць у Інстытут журналістыкі БДУ. Трэба сказаць, што да гэтага яна сур'ёзна рыхтавалася: у актыве нашай аўтаркі мноства публікацый у такіх выданнях, як «Пераходны ўзрост», «Маладзечанская газета», «Рэгіянальная газета», «Бярозка», «Чырвонка. Чырвоная змена». Дзяўчына прымае актыўны ўдзел у розных конкурсах. Летась відэаролік аўтаркі «Размаўляем па-беларуску» заняў трэцяе месца ў праекце «Крок наперад». Юля — пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу на найлепшы фотаздымак аб малой радзіме «Квітней, мая Беларусь!» у рамках акцыі «Жыву ў Беларусі і тым ганаруся». А нядаўна дзяўчына атрымала дыплом першай ступені V Міжнароднага маскоўскага конкурсу творчых работ «Наш славянскі свет» у намінацыі «Літаратурныя работы».

 

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.