Вы тут

Як будзе «прыгоды» па-літоўску?


Калі б у мяне спыталі, чым запомніўся мінулы год, у першую чаргу я назваў бы паездку ў Літву. Для кагосьці гэта звычайная справа — з'ездзіць за мяжу, тым больш так недалёка, але для мяне гэта было незвычайнае падарожжа сапраўды ў «іншы свет». Перасіліў сваю непрыязь да паездак у аўтобусе вялікімі групамі і за цярплівасць быў узнагароджаны новымі ўражаннямі.

[caption id="attachment_80547" align="alignnone" width="500"]Жы­ран­до­ля-лад­дзя ў кас­цё­ле свя­тых Пят­ра і Паў­ла. Жы­ран­до­ля-лад­дзя ў кас­цё­ле свя­тых Пят­ра і Паў­ла.[/caption]

...Калі прыехалі ў Вільнюс, было яшчэ цёмна. Перш за ўсё выправіліся ў велізарны гандлёвы цэнтр, дзе толькі пачыналі адчыняцца крамы. Асабліва ўразілі кніжныя (потым я быў яшчэ ў двух гандлёвых цэнтрах, і там таксама вылучаліся букіністычныя крамы). Абсталяваныя з вялікім густам, яны вабілі яркімі паштоўкамі, канцылярскімі прыладамі і, зразумела, цудоўнымі вокладкамі самых розных кніг. Так і хацелася купіць хаця б адну, і нічога, што ўсе яны на літоўскай мове.

Дарэчы, пра мову. Беларусу зразумець яе будзе цяжкавата, бо гэта іншая група моў. Пэўна, толькі слова «ne» не выкліча праблем. Але калі спытаюць нешта па-літоўску, не саромейцеся і папрасіце паўтарыць па-руску. З вамі цудоўна пагутараць, калі суразмоўца не дужа малады. Але былі выпадкі, калі выратоўвалі толькі жэсты і англійская мова.

[caption id="attachment_80546" align="alignnone" width="600"]Прэ­зі­дэнц­кі па­лац. Прэ­зі­дэнц­кі па­лац.[/caption]

Пазнаёміўшыся з гідам, мы адправіліся на экскурсію па горадзе. Першым убачылі касцёл святых Пятра і Паўла — жамчужынку барока, незвычайнай раскошы храм, з якім звязана шмат цікавых гісторый. Па ўнутраным дэкоры касцёл не мае роўных ва ўсёй Літве. Як захапляе адна толькі бліскучая жырандоля ў форме ладдзі з ветразем і якарам!

Усё добра разгледзеўшы, рушылі да славутай Вострай брамы, якая аддзяляе стары горад ад новага. Гэты помнік архітэктуры апелі ў сваіх вершах Адам Міцкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Максім Багдановіч і іншыя паэты, якіх мы смела можам назваць сваімі суайчыннікамі.

Ідучы да Прэзідэнцкага палаца, мы заўважылі дрэўцы, ствалы якіх былі клапатліва «апранутыя» ў рознакаляровыя вязаныя чахлы. Каб ім было не так холадна... А палац вельмі ўразіў: стрымана-раскошны, сапраўды еўрапейскі. Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ не жыве там, а толькі працуе.

На плошчы, побач з кафедральным саборам святога Станіслава, стаіць помнік Вялікаму князю Гедыміну (па-літоўску — Гедымінасу) — заснавальніку Вільнюса, а на Замкавай гары яго імем названа велічная вежа.

[caption id="attachment_80545" align="alignnone" width="400"]Два Ві­таў­ты — тра­кай­скі і гро­дзен­скі. Два Ві­таў­ты — тра­кай­скі і гро­дзен­скі.[/caption]

Далей нас чакала шматгадзінная экскурсія па Тракаі. Горад зусім невялікі, але мае багатую шматвяковую гісторыю. Галоўныя славутыя мясціны — два замкі. Адзін, старэйшы, — паўастраўны, ад якога засталося некалькі вежаў і рэшткі сцен. Замак шмат разоў разбураўся і аднойчы больш не быў адноўлены. Затое потым пабудавалі новы — астраўны, які так і не змаглі ўзяць шматлікія ворагі. Там мы наглядзеліся на цікавыя экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі горада, натупаліся па вінтавых і звычайных лесвіцах, убачылі турму, дзе маглі знаходзіцца толькі шляхцічы (для простага люду былі прадугледжаны крыху іншыя пакаранні), бо за тое, што ты сядзіш у астрозе, яшчэ трэба было заплаціць. А на шляху да крэпасці стаіць драўляны помнік вялікаму князю Вітаўту (цікава, што амаль такі ж быў падораны Гродна Літоўскім фондам культуры і стаіць таксама паміж старым і новым замкамі).

Тут жа для нас правялі невялікую лекцыю па гісторыі рыцарства, дазволілі апрануць даспехі і патрымаць у руках мячы, а таксама пастраляць з сучасных лукаў і арбалетаў. Вельмі хацелася адчуць сябе сярэднявечным рыцарам і перамагчы якога-небудзь ворага, але іх там не было відаць, вартаўнікі не пускаюць. У якасці сувеніраў тут папулярныя гліняныя званочкі, якія абараняюць дом ад усякага зла, і ведзьмачкі-лаўмы, што не пускаюць у жытло канкурэнтаў — іншую нечысць. Увогуле, адметная рыса характару літоўцаў — вера ў розныя прыкметы.

На абед была нацыянальная караімская страва — духмяны булён з піражкамі. Але падсілкаваліся мы болей для таго, каб не з'есці ўсю шакаладную фабрыку, куды рушылі далей.

Каб працаваць з шакаладам, трэба любіць яго і... насіць даволі забаўнае, на маю думку, спецадзенне: адмысловую шапачку і фартух. Мясцовая мануфактура (фабрыкай яе назваць цяжка) працуе з высакаякаснай бельгійскай сыравінай і часта арганізуе майстар-класы для турыстаў. Было вельмі весела ляпіць з марцыпанаў «аўтарскія» цукеркі, якія можна было ўзяць з сабой і потым з'есці. Надоўга таксама запомняцца асаблівыя «шакаладныя» жарты майстра Ірмунтаса, а акрамя ўсяго іншага, кожны ўдзельнік мерапрыемства атрымаў сімвалічны дыплом, які дае права звацца сапраўдным шакалацье.

Тракайскія дамы (бліжэй да межаў горада) вельмі падобныя да нашых вясковых. Акуратненькія, сціплыя і простыя, толькі ў іх больш вокнаў.

Дом, мілы дом, куды заўсёды так прыемна вяртацца!.. І неба ўначы цёмна-цёмна-сіняе, як я люблю... Для вас пісаў шакалацье

Максім ШКРЭДАЎ, вучань 11 класа СШ №2 г. Чавусы.

Фота аўтара.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.