Вы тут

Адпачынак па-студэнцку,


або Хутка, танна, незабыўна

Новыя людзі, мясціны, уражанні і веды.... Усё гэта можна аб'яднаць адным кароткім словам — падарожжа. І сапраўды, ці можа што-небудзь іншае так уплываць на настрой і самаадчуванне? Але ж перад падарожжам зусім не да спакою. Бо ўявіце, колькі ўсяго трэба распланаваць: як даехаць, дзе жыць, куды схадзіць!.. І, вядома, адкуль узяць грошы? Вось студэнты і шукаюць розныя варыянты.

Пагадзіцеся, на дарогу расходуецца львіная доля бюджэту. І кемлівыя знаходзяць розныя спосабы танна трапіць да месца адпачынку. Напрыклад, каб дабрацца да Львова, можна спачатку даехаць цягніком да Гомеля, а там перасесці на аўтобус. Такім чынам можна сэканоміць каля паловы сумы, якую б вы аддалі толькі за білет на цягнік. Калі вам не падабаецца мноства перасадак, больш камфортна ехаць адным відам транспарту, то ў параўнанні з цягніком і самалётам найбольш эканомным будзе аўтобус. Можна было б падумаць, што на гэтым усё, але ёсць і яшчэ адзін варыянт. Уявіце чалавека на дарозе з выцягнутай убок рукой, з заплечнікам за плячыма. Каго ён нагадвае? Зразумела, аўтастопшчыка.

Яўгенія Шчарбакова, студэнтка БДПУ:

— Аўтастоп з'явіўся ў маім жыцці прыкладна пяць-шэсць гадоў таму. Спачатку я ездзіла такім чынам на малыя адлегласці, напрыклад, з Жабінкі ў Брэст (гэта прыкладна 30 кіламетраў). Першае сур'ёзнае падарожжа было ў Мінск. Першапачаткова ездзіла з сяброўкай, але пазней стала катацца і сама. Страху падняць руку, «злавіць» машыну і сесці ў яе ніколі не было. Вядома, рызыка ёсць заўсёды, асабліва для дзяўчат, але мне, як правіла, трапляліся добрыя людзі.

Маё самае вялікае падарожжа аўтастопам было з Мінска ў Санкт-Пецярбург, хоць сябры ездзілі такім чынам яшчэ далей. Я даехала туды прыкладна за суткі. Машыну звычайна «лаўлю» нядоўга. Думаю, гэта звязана з маёй знешнасцю, бо я выглядаю, як падлетак з вялікім заплечнікам. Дакладна ведаю, што кіроўцам не хочацца браць сабе ў спадарожнікі людзей, якія выглядаюць і паводзяць сябе неадэкватна: п'яных ці брудных. Яшчэ я прытрымліваюся некалькіх правілаў, пра якія ведае кожны аўтастопшчык. Напрыклад, трэба правільна выбіраць месца, дзе ты будзеш «лавіць» машыну. Яно павінна быць зручным для прыпынку. Таксама варта браць з сабой ліхтарык і флікеры, каб увечары цябе заўважылі кіроўцы.

Што тычыцца апошніх, дык мне трапляліся розныя: адны маўклівыя, а іншыя размаўляюць без перапынку. Нехта сам расказвае розныя гісторыі, а нехта хоча паслухаць мае, шмат каму цікава пагутарыць аб маім жыцці і даведацца, чаму я езджу аўтастопам, а не цягнікамі.

Здаецца, калі на праездзе яшчэ можна было б сэканоміць ці ўвогуле не плаціць за яго, то з жыллём у гэтым плане ўзнікаюць цяжкасці. Тым больш што жыць у гасцініцы ці здымаць кватэру — варыянты не з танных. Дапамагчы ў гэтай справе могуць хостэлы. Вядома, акрамя ложка і шафы, мабыць, у гэтым пакоі больш нічога і не будзе, але ж для сапраўднага падарожніка, якому больш цікава «адкрыць» новы горад, гэта не стане перашкодай. Тым больш што зараз такі від пражывання становіцца вельмі папулярным у Еўропе.

Юлія Грызунт, студэнтка БДУ:

— У першую чаргу не трэба блытаць хостэл з гасцініцай, ён хутчэй нагадвае інтэрнат з вялікай колькасцю ложкаў. Гэта значыць, што ты здымаеш не нумар, а менавіта ложак.

Мне пашанцавала трапіць у хостэл «Нумар 1» у самым цэнтры Санкт-Пецярбурга. Гэта каштавала прыкладна 250 тысяч рублёў на нашы грошы за суткі. Вельмі цікавы і яркі інтэр'ер, утульная кухня, на якой кава прапануецца кожнаму, хто праходзіць міма — усё гэта пакінула прыемнае ўражанне ад нашага месца пражывання. Таму не трэба баяцца хостэлаў: восем незнаёмцаў з вашага пакоя, хутчэй за ўсё, такія ж падарожнікі, і яны, як і вы, не думаюць пра тое, каб скрасці нечыя грошы ці рэчы. А яшчэ гэта выдатная магчымасць завесці сяброў і цудоўна правесці час.

Не забывайце, што, акрамя гасцініц, кватэр і хостэлаў ёсць яшчэ адзін вельмі прыемны і цікавы для студэнта варыянт — знайсці жыллё праз каўчсёрфінг. Прыемным яго можна назваць нават не таму, што ён самы бюджэтны. Не сакрэт, што каўчсёрфінг — гэта яшчэ і зносіны. Бо чалавек згаджаецца прыняць вас як свайго сябра і госця. Дзякуючы гэтаму можна больш даведацца пра горад і яго цікавыя мясціны.

Уладзіслаў Кавалеўскі, студэнт БДУ:

— Калі збіраліся з сябрам ехаць у Бельгію, вырашылі знайсці жыллё праз каўчсёрфінг. Аказалася, што зрабіць гэта вельмі цяжка, асабліва калі ты ў гэтай справе навічок і яшчэ няма водгукаў ад іншых карыстальнікаў. Я пісаў прыкладна дваццаці пяці людзям, а прыняць нас у сябе згадзіўся толькі адзін. Знайсці жыллё, калі вы падарожнічаеце ўтраіх ці ўчацвярых, немагчыма, бо не ўсе гатовы ўзяць да сябе вялікую колькасць незнаёмых людзей. Мы, як я казаў, ездзілі ўдваіх, і нам вельмі пашанцавала. Былі мы ў Антверпене. Чалавек, які даў нам прытулак, жыў адзін у чатырохпавярховым доме. Для нас ён адвёў цэлы паверх, на якім нават быў асобны ванны пакой. Яшчэ ён даў нам ключы ад свайго дома, такім чынам, мы не залежалі ад графіка яго вяртання. Часцей за ўсё людзі, у якіх вы жывяце, ставяць умовай, каб вы пакідалі дом, калі яны зыходзяць на працу, і вярталіся ўвечары, калі яны прыйдуць з яе.

Больш за тое, мы пасябравалі з гэтым чалавекам. Жылі ў яго чатыры дні і амаль кожны вечар, калі ён вяртаўся, хадзілі куды-небудзь вячэраць. Яшчэ ён паказваў нам горад і раіў, куды можна схадзіць, на што цікавае можна паглядзець. Гэта было цудоўна! Шкада, што я не магу прыняць каго-небудзь у сябе, бо жыву з сям'ёй і падарожніку проста не знойдзецца месца.

Упэўнена, што фразу «пара студэнцтва — найлепшая пара ў жыцці» чуў кожны студэнт. Дык правядзіце гэты час такім чынам, каб было што ўспомніць і расказаць. І памятайце: адпачынак можа быць недарагім, але вельмі вясёлым і карысным.

Вольга ШЫЛАК,
студэнтка ІІІ курса
Інстытута журналістыкі БДУ.

 

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.