Сола


(урывак)

* * *

С'юзан, вы мяне чуеце? Вы разумееце, дзе вы?

С'юзан расплюшчыла вочы і прыжмурылася ад яркага святла. Штосьці пайшло не так? У іх не атрымалася. Прайшло яшчэ занадта мала часу.

— Дзе Роберт, доктар Шэрмер? Божа, галава такая цяжкая.

— С'юзан, паглядзіце на мяне, калі ласка.

— Добра-добра, толькі не крычыце так. Праз вас яшчэ больш звініць у вушах.

Незнаёмая брунетка з акруглым тварам і пульхнымі шчокамі сядзела на краі ложка. Кароткія непаслухмяныя кудзеркі ўпрыгожваў смешны белы каптур, які знешне нагадваў развараны пельмень.

— Дзе мой муж? Чаму вы тут? Гэта ён павінен быць побач, калі я прачнуся.

— Ой, не-не, С'юзан, калі ласка, не ўставайце. Вы яшчэ недастаткова моцная для гэтага. Вось так. Зараз. Я пастаўлю іншы рэжым, — яна пацягнулася да ўзгалоўя ложка, пачуўся нягучны сігнал, і палова матраца злёгку прыўзнялася. — Вось так, цяпер вы можаце сядзець.

Твар незнаёмкі перастаў расплывацца перад вачыма, яна аказалася крыху старэйшай, чым першапачаткова падумала С'юзан.

— Мяне завуць Патрыцыя, я малодшая наглядчыца. Прыглядаю за вамі, пакуль вы знаходзіцеся на рэабілітацыі ў цэнтры Хойцінка.

Пакуль Патрыцыя гаварыла, С'юзан уважліва аглядала пакой. Гэта было невялікае, незнаёмае ёй памяшканне. Няўжо сапраўды атрымалася? Гэта будучыня? Унутры пацяплела ад гэтай думкі, і С'юзан усміхнулася.

— Дзе Роберт Тэмінг? Гэта мой муж, ён павінен быць тут.

— Мне вельмі шкада, С'юзан, але мне нічога не казалі пра гэта. Вы толькі не хвалюйцеся. Я зараз схаджу і абавязкова пра ўсё даведаюся ў старшай наглядчыцы. А пакуль сядзьце, калі ласка, роўна. Вось так.

С'юзан раззлавалася: якая бесталковая медсястра. Гады ідуць, а людзі не змяняюцца. Дзе ж сам Роберт? Ён не мог быць такім занятым, каб прапусціць яе абуджэнне. Не, ён дакладна чакае яе ў калідоры альбо адышоў у прыбіральню і зараз вернецца. Безумоўна, ён тут, ён не кінуў яе. Так, самыя важныя моманты здараюцца нечакана.

— Патрыцыя?

— Так, С'юзан?

— Я толькі хацела запытацца... Які цяпер год?

— 2180. 18 ліпеня, калі дакладней. Усё, я зараз. Не сумуйце.

С'юзан сціснула ў руках край коўдры, пакуль костачкі пальцаў не збялелі. Яна адвярнулася і ўтаропілася ў акно, назіраючы за тым, як злёгку варушацца на ветры вытанчаныя гардзіны. Добра, што ў пакоі нікога не было. Яна адчула ў горле непрыемны камок.

Зразумела, што медсястра нічога не ведала пра Роберта. Яго проста не існавала ўжо не адзін дзясятак гадоў. С'юзан раптам адчула сябе жахліва самотнай. Быццам яна засталася адна не толькі ў гэтым пустым малюсенькім пакоі, але і ва ўсім свеце.

— Чаму так доўга? — прамовіла яна скрозь слёзы.

* * *

4 жніўня. Ішоў моцны дождж. С'юзан апранулася і паснедала. З рэчаў збіраць ёй не было чаго, таму, чакаючы з'яўлення наглядчыцы, яна прыадчыніла акно, якое выходзіла ў прыгожы зялёны сад, што атачаў увесь цэнтр. Розныя лаўкі, акуратныя ўтульныя альтанкі, звілістыя дарожкі панамакалі, але ўсё адно не згубілі сваёй прыгажосці і вытанчанасці. Цудоўны парк. Менавіта такі яны з Робертам марылі калі-небудзь закласці вакол невялікага ўтульнага доміка, дзе яны маглі б жыць і стварыць сям'ю... і быць шчаслівымі. Пахла свежасцю і вільготнай зямлёй.

— С'юзан, вы прастудзіцеся.

— Мне зусім не холадна.

— І ўсё ж такі я зачыню: не хачу, каб вы захварэлі акурат перад выпіскай, — Патрыцыя ўсміхнулася. Сёння яна выглядала вельмі акуратна, нават каптур не так моцна нагадваў пельмень, як звычайна. — У мяне цудоўныя навіны. Да вас госці. Усе дакументы на вашу выпіску ўжо гатовы, таму — яна змахнула са шчакі слязу — я прыйшла развітацца, пакуль вы яшчэ тут.

Наглядчыца моцна абняла яе. Ад Патрыцыі пахла парфумай. «Леманграс», — выказала здагадку С'юзан і з ветлівасці папляскала расчуленую жанчыну па спіне.

— Добры дзень, С'юзан. Рада бачыць, што вы ў добрым здароўі.

Голас належаў жанчыне, якая ўвайшла ў пакой. С'юзан пачала ўважліва вывучаць яе...

Дар'я Ермашкевіч

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».