Вы тут

Сацпакет для перспектыўных


У квартале «Магістр» жыллё летась атрымалі больш як 100 сем'яў маладых навукоўцаў

— Я лічу, што ў нас з прафсаюзам адсутнічаюць непаразуменні і супярэчнасці. Гэта не значыць, што праблем увогуле няма, але ўсе яны паступова вырашаюцца. Кіраўніцтва акадэміі заўсёды прыслухоўваецца і ідзе насустрач прапановам прафсаюзных лідараў, — запэўніў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Уладзімір Гусакоў падчас свайго выступлення на VІІ з'ездзе прафсаюза работнікаў Акадэміі навук.

Вучоная ступень — абарона ад скарачэння

— Навука — асаблівая сфера працы, у якой кожны ўкладзены рубель можа даць эфект у сотні і тысячы рублёў. Ключавое пытанне і для акадэміі, і для галіновага прафсаюза — падрыхтоўка і замацаванне маладых навукоўцаў, — падкрэсліў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім КІЦІКАЎ. — У НАН Беларусі да катэгорыі маладых спецыялістаў ва ўзросце да 29 гадоў адносіцца 22% ад агульнай колькасці работнікаў. Зразумела, што для развіцця кадравага патэнцыялу неабходна, перш за ўсё, забяспечыць дастаткова высокі ўзровень заработнай платы і вырашэнне жыллёвых праблем навукоўцаў.

Пытанні сацыяльнай абароны маладых навукоўцаў знайшлі адлюстраванне ў тарыфным пагадненні і калектыўных дагаворах, у большасці з якіх прысутнічае раздзел «Гарантыі і сацыяльная абарона маладых навукоўцаў». Згодна з ім, маладым устанаўліваецца павышальны каэфіцыент да тарыфных акладаў у памеры не менш за 1,3. Маладыя людзі, якія змаглі сябе праявіць, уключаюцца ў перспектыўны рэзерв кадраў. Звальненне маладых навукоўцаў і навуковых работнікаў, якія маюць вучоную ступень, у сувязі са скарачэннем штата дапушчальна толькі па ўзгадненні з прафкамам.

23-33

23-33

 

Добры фінансавы стымул для маладых навукоўцаў — гранты і стыпендыі. Па ініцыятыве Беларускага прафсаюза работнікаў НАН раз на два гады праводзіцца конкурс на самую лепшую першую навуковую працу сярод аспірантаў, прысвечаны Дню беларускай навукі. Лаўрэаты конкурсу ўзнагароджваюцца дыпломамі і грашовай прэміяй са сродкаў Беларускага прафсаюза работнікаў НАН.

Штогод разглядаюцца прэтэндэнты на атрыманне стыпендыі Прэзідэнта для таленавітых маладых вучоных. Мінулы год таксама не стаў выключэннем — больш як 40 чалавек з акадэміі сталі «прэзідэнцкімі» стыпендыятамі. Акрамя таго, упершыню ў 2014 годзе быў праведзены конкурс на Алфёраўскую прэмію сярод маладых навукоўцаў.

У распрацаваным прафсаюзам Палажэнні аб парадку прадастаўлення жылой плошчы ў інтэрнатах Нацыянальнай акадэміі навук за маладымі спецыялістамі і маладымі навукоўцамі замацавана першачарговае права на выдзяленне месца. Сёння 100% аспірантаў НАН забяспечаны інтэрнатам.

Акрамя таго, у 2014 годзе адбыўся сур'ёзны прэцэдэнт у жыллёвай палітыцы: навукоўцам было прадастаўлена дзяржаўнае арэнднае жыллё. У квартале «Магістр» кватэры атрымалі больш як 100 сем'яў маладых навукоўцаў Акадэміі навук (а размяркоўваліся сярод работнікаў акадэміі 149 кватэр).

Жыллё — выдатны матыватар

Увогуле, як адзначыў Вадзім Кіцікаў, за час, які прайшоў з апошняга з'езда, адбыліся істотныя зрухі ў забеспячэнні супрацоўнікаў акадэміі жыллём. У 2014 годзе завершана будаўніцтва ЖБК «Пеленг» на 79 кватэр у раёне праспекта Дзяржынскага ў Мінску. НПЦ па харчаванні завяршае будаўніцтва дома на 63 кватэры.

У інтэрнатах НАН Беларусі выдзелена жылая плошча 103 сем'ям супрацоўнікаў НАН і 160 адзінокім супрацоўнікам. Па-за чаргой былі заселены 36 выпускнікоў аспірантуры, якія прыбылі па размеркаванні ў арганізацыі НАН Беларусі, а таксама 10 выпускнікоў са сваімі сем'ямі.

Упершыню чарга на інтэрнат у НАН Беларусі скарацілася да некалькіх чалавек (на красавік). «Можна сказаць, што жылая плошча і ложка-месцы ў інтэрнатах былі прадастаўлены ўсім супрацоўнікам і іх сем'ям, якія былі на ўліку. Пры гэтым ад некаторых супрацоўнікаў паступілі пісьмовыя адмовы ад прапанаванага ложка-месца або пакоя з просьбай пакінуць іх на ўліку і прапанаваць інтэрнат пазней: праз 3 месяцы ці паўгода», — дадаў Вадзім Кіцікаў.

Старшыня прафсаюза паведаміў, што ў 2015 годзе распрацавана і ўведзена новае Палажэнне аб парадку размеркавання жылой плошчы ў інтэрнатах Нацыянальнай акадэміі навук. У ім, у прыватнасці, прадугледжаны льготныя катэгорыі супрацоўнікаў, якія маюць першачарговае або пераважнае права на атрыманне месца ў інтэрнаце. Так, першачарговае права маюць выпускнікі аспірантуры і іх сем'і; работнікі, якія маюць навуковую ступень, і іх сем'і. Пераважнае права прадастаўляецца работнікам, якія займаюцца навуковай дзейнасцю, і іх сем'ям. Пры іншых роўных умовах пераважным правам валодаюць работнікі, якія маюць публікацыі ў рэцэнзаваных навуковых выданнях, у тым ліку ў прэстыжных замежных.

Таксама на месца ў інтэрнаце могуць прэтэндаваць сем'і замежных аспірантаў і магістрантаў на час іх платнага навучання ў аспірантуры Акадэміі навук. Прадугледжана абсталяванне блокаў гасцінічнага тыпу, што дазволіць размяшчаць там вучоных, якія прыехалі на стажыроўку ў НАН Беларусі. Па хадайніцтвах інстытутаў за апошні год інтэрнатам на час навуковай стажыроўкі былі забяспечаны 15 іншагародніх і замежных стажораў.

Дадатковыя гарантыі

У шэрагу арганізацый акадэміі калектыўныя дагаворы змяшчаюць дадатковыя меры падтрымкі работнікаў па паляпшэнні жыллёвых умоў: гэта можа быць матэрыяльная дапамога на будаўніцтва (куплю) жылля і частковае пагашэнне платы за арэнду камерцыйнага жылля пры ўмове адсутнасці жылля ў Мінску і Мінскім раёне (ГП «Акадэмфарм»); штомесячная даплата іншагароднім маладым спецыялістам, размеркаваным на працу, з мэтай кампенсацыі выдаткаў за наём жылля ў памеры 1 базавай велічыні (Інстытут тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі); прадастаўленне пазык, грашовай кампенсацыі работнікам па найме або паднайме жылых памяшканняў (Інстытут біяарганічнай хіміі НАН Беларусі); кампенсацыя выдаткаў на арэнду жылых памяшканняў у памеры 10 базавых велічынь і выдзяленне пазык на будаўніцтва або набыццё жылля (Аб'яднаны інстытут машынабудавання) і іншыя.

Эфектыўным спосабам развіцця кадравага патэнцыялу акадэміі ў прафсаюзе лічаць і наяўнасць чатырох дашкольных устаноў.

— З чатырох нашых садкоў тры — санаторнага тыпу. Яны цалкам вырашаюць праблему забеспячэння дзяцей работнікаў акадэміі месцамі ва ўстановах дашкольнага выхавання, — адзначае Вадзім Кіцікаў. — Прычым установы дашкольнай адукацыі ўкамплектаваны высокакваліфікаваным і дасведчаным педагагічным і медыцынскім персаналам (у той час як у гарадскіх дашкольных установах назіраюцца пэўныя кадравыя праблемы). Хочам падзякаваць кіраўніцтва акадэміі за канструктыўны дыялог і глыбокае разуменне важнасці пытанняў сацыяльнай сферы.

Адна з агульных для кіраўніцтва акадэміі і прафсаюза задач на найбліжэйшую будучыню — павышэнне ўзроўню забяспечанасці работнікаў акадэміі.

— Сёння сярэдні заробак па акадэміі складае 6,2 млн рублёў, што больш чым на мільён ніжэй за сярэднемесячны ўзровень заробкаў у сталіцы, — дадаў Вадзім Кіцікаў. — Мы разумеем, што сацыяльныя партнёры павінны быць адзіныя ў пытаннях павышэння ўзроўню дабрабыту і якасці жыцця работнікаў акадэміі, стварэння спрыяльнага мікраклімату ў калектывах.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.