Вы тут

«У мяне адкрылася другое дыханне»


Да гэтай артысткі на беларускай эстрадзе ставяцца па-рознаму. Нехта адзначае яе скандальнасць і складаны характар, хтосьці захапляецца яе працавітасцю, але абыякавым спявачка не пакідае нікога. Калі задумацца, то ў прынцыпе ўсё вышэй адзначанае патрэбна, бо часам даводзіцца і годнасць сваю адстойваць, і «градус» уласнай папулярнасці падтрымліваць, ды і рэйтынгі патрабуюць гульню на публіку. За мінулы час Алёна паўдзельнічала ў многіх конкурсах, запісала шэраг песень на рускай, беларускай і англійскай мовах, на некаторыя з іх зняла кліпы, а зараз працягвае рэалізоўвацца не толькі на сцэне. Напрыклад, вядзе разам з Глебам Давыдавым тэлевізійны глянцавы часопіс XXL WOMAN TV. Наогул з часу нашай сустрэчы пасля ўдзелу ў «Еўрабачанні» (два гады таму) у жыцці спявачкі адбылося шмат змен. Але яна працягвае будаваць сваю казку, адкрываць новыя грані ўласнага таленту і пры гэтым застаецца сабой...

23-27

— Нядаўна вы парадавалі прыхільнікаў выхадам новага кліпа «Я жывая». Раскажыце, як даўно з'явілася ідэя...

— Яшчэ рыхтуючыся ў свой час да «Еўрабачання», мы знайшлі песню, напісаную Леанідам Шырыным, Тэа і Аляксеем Шырыным. Яна была на англійскай мове і называлася «І'm alіve». Мы з камандай запісалі яе ў студыі, а потым з'явілася ідэя зрабіць яшчэ і рускую версію кампазіцыі. Але, паколькі Тэа быў заняты ўжо сваёй падрыхтоўкай да конкурсу «Еўрабачанне», то вырашылі пачакаць з працай над ёй. Потым усё ж з'явілася руская версія песні на словы Вольгі Рыжыкавай, тады і ўзнікла ідэя зрабіць кліп. Тым больш, што заўсёды прыемна мець нагоду здзівіць сваіх прыхільнікаў. З рэжысёрам вызначыліся хутка — выбралі Ганну Герт, таму што мы супрацоўнічаем з ёй ужо не першы раз і вынік заўсёды задавальняе. Калі Ганна прадэманстравала тое, якім бачыць кліп, я адразу згадзілася, бо ёй удалося наблізіцца да маёй душы, паказаць мяне натуральнай, якая я ёсць у жыцці. А ў нейкіх момантах такой, якой я імкнуся быць. Так з'явіўся кліп, дзе за аснову ўзяты пачуцці, перажыванні і гатоўнасць рызыкаваць дзеля кахання.

— Наколькі вобраз закаханай дзяўчыны імпануе вам зараз?

— Часткова ён мне блізкі. Думаю, калі пачуцці сапраўдныя, то ў любых адносінах неабходна нечым ахвяраваць — часткай сваёй працы ці сустрэчамі з сябрамі і роднымі. Хацелася паказаць, што каханне — гэта цудоўна, яно робіць нас шчаслівымі і варта верыць у лепшае, быць аптымістамі. Кліп атрымаўся вельмі рамантычным, магчыма, так паўплывала на нас вясна. Таму хацелася перадаць свае адчуванні літаральна на тактыльным узроўні, каб паказаць, як цудоўна быць звычайнай дзяўчынай, якая чакае і верыць у сапраўднае каханне.

— У кліпе вы купаецеся ў кветках. Колькі іх спатрэбілася?

— Тры скрыні руж. На экране гэта глядзелася прыгожа, адчувалася інтрыга. Магчыма, мы нават здзейснілі мару некаторых дзяўчат, якія жадаюць купацца ў кветках. А для некага з мужчын гэта можа стаць добрай падказкай, як знайсці падыход да сваёй палавінкі.

— А з якой кветкай вы можаце параўнаць сябе?

— Я не настолькі сентыментальная, але люблю ружы і лілеі, вырошчваю іх сама. Ведаеце, адчуваеш нешта неверагоднае, калі бачыш як лілея распускаецца, адчуваеш яе водар і ведаеш, што гэта вынік тваёй працы. На лецішчы ў нас з сястрой ёсць невялікі агарод, дзе растуць ружы розных гатункаў — флорыбунды, паліянтавыя, чайныя. Сябе параўнаю з ружай, якая мае шыпы. Я не заўсёды адкрытая для людзей. Калі цябе расчароўваюць, то даводзіцца паказваць іх, каб пастаяць за сябе. А, можа, дзяўчыне і не трэба быць адкрытай, бо калі знікае таямніца, робіцца нецікава. Таму шыпы дазваляюць мне і нейкую таямніцу ў вобразе захоўваць.

23-29

— Часта расчароўваліся ў людзях?

— Прафесія абавязвае быць моцнай. Нельга звяртаць увагу на плёткі, трэба заўсёды быць на пазітыве. Усе творчыя жанчыны ўнутры ўсё роўна дзяўчынкі. І мне гэты стан знаёмы. Як чалавек творчы, я ранімая. Магу не звяртаць увагі на нейкія сур'ёзныя рэчы, а вось дробязь можа часам балюча ўкалоць.

— Сумяшчаючы кар'еру спявачкі і працу на тэлебачанні, ці ўдаецца вытрымліваць баланс і знаходзіць час для сябе?

— Да «Еўрабачання» жыццё было распісана па хвілінах, а зараз усё ў разы спакайней. Мінулы год быў вельмі гарманічным у плане творчасці і асабістага жыцця. З'явіўся час на сябе, на заняткі спортам. Але мне заўсёды чагосьці не хапае. Пастаянна трэба некуды бегчы, атрымліваць эмоцыі, а варта спыніцца — пачынаю сумаваць, усіх тузаць і шукаць занятак. Не люблю адставаць ад тэмпу, які набрала за гэтыя гады на сцэне.

— Ці засталіся ў вас сябры з дзяцінства, юнацтва?

— Сапраўдных — чалавекі са тры. Наогул, я лічу, што сяброў трэба аберагаць ад сваіх перажыванняў і негатыўнай энергетыкі, бо аднойчы яны могуць не падысці да тэлефона, калі ты будзеш званіць ім з чарговай праблемай. Я імкнуся часцей дзяліцца з імі добрымі навінамі і настроем. Ведаеце, ёсць меркаванне, быццам блізкія могуць усё сцярпець, а для старонніх трэба рабіць добра. Я з ім не згодна, таму што толькі твае сапраўдныя сябры і родныя пададуць табе шклянку вады ў любы момант жыцця, а ўсе астатнія — выпадковыя мінакі. Вельмі радавалася, калі ў маё жыццё вярнулася сяброўка з дзяцінства, яна прапанавала мне стаць хроснай яе дачкі. Цяпер зноў падтрымліваем сувязь, сустракаемся на святы. Кожная наша сустрэча дае адчуванне, што цябе любяць незалежна ад таго, наколькі ты паспяховы, і ў любой сітуацыі прымаюць з душой.

— Як часта ездзіце ў госці ў Магілёў?

— Калі я пераязджала ў Мінск, то мы з бацькам дамовіліся, што дома буду з'яўляцца мінімум раз на месяц. І гэта стала традыцыяй. Кожны раз, прыязджаючы дадому, трэба безліч спраў перарабіць — чым-небудзь дапамагчы бацьку і сястры, і ў краму заехаць, і ў госці зайсці да сябровак, таму не заўсёды хапае часу нагаварыцца.

23-28

— Вы сталі хроснай маці, яшчэ, ведаю, у вас ёсць любімая пляменніца. А не ўзнікае жадання самой стаць мамай?

— Калі нехта з дзяўчат скажа, што не хоча дзяцей, то проста схлусіць. Сама прырода стварыла жанчыну для гэтага. Проста пакуль побач не з'явіўся той, з кім хацелася б стварыць сям'ю. Запаўняю сваё жыццё працай, захапленнямі... Спадзяюся, што сям'я, дом у мяне абавязкова будуць. Каханы муж і як мінімум двое дзетак. Мне важна, каб мужчына ўдзельнічаў у выхаванні дзяцей. Можа, у мяне такая пазіцыя, таму што я бачыла добры прыклад у сваёй сям'і. Бацька быў заўсёды побач. З ім я магла прападаць у гаражы, часцяком яго марожанае даставалася мне... Такога шчаслівага дзяцінства я хацела б і для сваіх дзяцей.

— Восенню вы адзначыце 30-годдзе. Пра што задумваецеся напярэдадні гэтай даты?

— Мне здаецца, што я набліжаюся да цудоўнага ўзросту, калі ўжо сфарміраваны погляд на многія рэчы, зроблены памылкі, якіх больш не паўторыш, і няма пустой рамантыкі ў галаве. У той жа час адчуваеш унутраную гармонію, пачынаеш любіць сябе такой, якая ёсць. Мяняецца ўспрыманне жыцця, і ў мяне нібы адкрылася другое дыханне. І прадчуванне цуду, якога варта чакаць!

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.