Вы тут

Натурай возьмеце?


або Як гэта — пазіраваць мастакам

...Прафесійны абавязак: натхняць мастакоў на творчасць. Неабходныя якасці: стрэсаўстойлівасць і цярпенне. Асаблівыя патрабаванні: моцны пазваночнік, адсутнасць у лексіконе слова «саромеюся». Карэспандэнт «Чырвонай змены» паспрабавала сябе ў ролі... натуршчыцы.

23-23

Мужчына, надзеньце плаўкі!

Сёння прафесія натуршчыка ці, як больш правільна яе называць, дэманстратара пластычных пастаў, карыстаецца, уявіце сабе, шалёным попытам. У інтэрнэце вы з лёгкасцю знойдзеце вакансіі для працы ў мастацкіх каледжах, універсітэтах і акадэміях. Я таксама вырашыла паспрабаваць сябе ў новай справе і выправілася ў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў.

— Афармленне па дагаворы, аплата пагадзінная. За акадэмічную гадзіну, для партрэта, — 14,5 тысячы рублёў, часткова аголеная натура — 20,4 тысячы. З чаго пачнём? — пытаецца ў мяне лабарантка кафедры дызайну і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

— Напэўна, для першага разу хопіць і партрэта, — неяк нерашуча адказваю я.

— Натуршчыкам, а асабліва натуршчыцам, якія ніяк не звязаныя з творчасцю, улівацца ў працэс заўжды цяжка: саромеюцца. Але тут трэба разумець, што мастакі ўспрымаюць чалавечае цела толькі як прадмет для працы. Яны вывучаюць вашы прапорцыі, глядзяць на анатамічную пабудову цела ды і ўвогуле жартуюць, што цікавей было б ужо з жабай папрацаваць. Многія пачаткоўцы супакойваюць сябе далучэннем да высокага, ім прыемна, што іх вобразы з'явяцца на выставах ці проста застануцца ў эскізах мастакоў, — быццам супакойвае мяне суразмоўца. — А студэнты наогул да аголеных натуршчыкаў праяўляюць мала цікавасці. Часам прыходзяць людзі пазіраваць, а з 15 студэнтаў на пару з'явіліся ўсяго двое, — распавядае жанчына.

Цікава, што напачатку мінулага стагоддзя і мужчыны, і жанчыны пазіравалі зусім аголенымі. Потым норавы памяняліся, праўда, толькі ў дачыненні да мужчын. З тых часоў натуршчыкаў абавязалі надзяваць плаўкі, а вось жанчын патрабаванне не закранула. Правіла працуе да гэтага часу, хаця плацяць і тым,
і другім аднолькава.

[caption id="attachment_80594" align="alignnone" width="400"]Сту­дэнт­ка спра­буе  ўла­віць тон­кія ры­сы... Сту­дэнт­ка спра­буе
ўла­віць тон­кія ры­сы...[/caption]

Не спаць, калі цябе малююць

Маё новае працоўнае месца выглядае вельмі проста: прасторная аўдыторыя, велізарныя вокны і натуральнае асвятленне. Дарэчы, святло для мастакоў адыгрывае не апошнюю ролю, бо менавіта яно задае характар карціны. Сёння маляваць мяне будуць студэнты трэцяга курса. Чатыры дзяўчыны і адзін хлопец адразу, як толькі зайшлі ў аўдыторыю, адзначылі, што ў іх новая мадэль:

— Новы твар — заўжды шчасце для мастака. А калі гэта яшчэ не бабуля ці дзядок — шчасце ў двайным памеры, — адзначыла адна са студэнтак.

Як высветлілася, большасць натуршчыкаў — гэта... пенсіянеры ці хатнія гаспадыні. У такіх людзей часу вольнага шмат, а дома сядзець не хочацца. Прыходзяць папазіраваць і студэнты, каб трохі падзарабіць. Але, як кажуць самі мастакі, мала хто затрымліваецца: сумы не тыя.

— Студэнты — самыя ненадзейныя натуршчыкі. То спазняюцца на паўгадзіны, то проста не прыходзяць. Нехта засынае падчас пазіравання і звальваецца з крэсла. Але мы ім усё даруем, — усміхаючыся, кажа Ігар Гардзіёнак, загадчык кафедры малюнку, жывапісу, скульптуры.

Камічных і цікавых выпадкаў з натуршчыкамі мастакі могуць узгадаць шмат. Хлопцы і дзяўчаты прыходзяць пазіраваць сюды паасобку, а сыходзяць мужам і жонкай. Бываюць шлюбы і паміж мадэллю і мастаком. А аднойчы, як узгадвае Ігар Леанідавіч, з натуршчыкамі была звязана містычныя гісторыя. На пленэр мастакі акадэміі паехалі ў невялічкую вёску. Доўга шукалі мясцовых мадэляў «на партрэт», але летам ніхто не згаджаўся сядзець нерухома тры гадзіны. Давялося задзейнічаць бабулю гадоў 80-ці, якая ўвесь дзень сядзела на лавачцы. Усё было б добра, але на заўтра мадэль не з'явілася — памерла. Пачалі шукаць новага натуршчыка. Дапамагчы мастакам вырашыў малады камбайнер. Але і той на другі дзень не прыйшоў — моцна параніў руку. Па вёсцы пайшлі нядобрыя чуткі пра лёс натуршчыкаў і большасць проста пачала баяцца за сваё жыццё. Як вынік — прыйшлося мастакам маляваць жывёлу, якая пасвілася на лузе.

— Дарэчы, пры кожнай мастацкай установе створаны базы натуршчыкаў, але імі мала хто карыстаецца. Часцей патрэбны тыпаж шукаюць праз сяброў або ў сацыяльных сетках. Калі студэнтам неабходна навучыцца маляваць касцюм — натуршчыка ўпрыгожваюць, калі «праходзяць» анатомію — запрашаюць спартсмена, вывучаюць рух — ставяць «мадэль» у якую-небудзь «закручаную паставу», — тлумачыць Ігар Леанідавіч.

Увогуле, з эпохі Рэнесансу мала што змянілася: жанчын мастакі па-ранейшаму любяць фігурыстых, каб было што маляваць, а мужчын — атлетычных, з ярка выяўленай анатамічнай пабудовай цела. Тут сучасныя стандарты прыгажосці не дзейнічаюць.

[caption id="attachment_80595" align="alignnone" width="600"]Ме­на­ві­та так вы­гля­дае пра­ца  дэ­ман­стран­та плас­тыч­ных па­стаў. Ме­на­ві­та так вы­гля­дае пра­ца
дэ­ман­стран­та плас­тыч­ных па­стаў.[/caption]

Сядзіш — баліць, стаіш — баліць...

— Вы размяшчайцеся, як вам зручней, — кажа мне адна са студэнтак. — Мы навічкоў цяжкімі паставамі звычайна не пужаем.

Я села на крэсла, абаперлася аб спінку і застыла. Хвілін праз 20 зразумела, што могуць уяўляць з сябе «цяжкія паставы»... Праца натуршчыка дастаткова жорсткая: часам ты стаіш, не рухаючыся некалькі гадзін. Перапынкі звычайна робяць раз у 45 хвілін, дазваляюць размяцца. З прычыны статычнасці спіна баліць пастаянна. Сядзіш — баліць, стаіш — баліць. Некаторыя не вытрымліваюць і проста сыходзяць пасярод заняткаў. Даводзіцца аператыўна шукаць замену.

Набор пастаў у натуршчыкаў дастаткова стандартны. Самая папулярная — кантрапост, як у Венеры Мілоскай і Давіда. Гэта калі вага цела пераносіцца на адну нагу, а плоскасці таза і плячэй разыходзяцца. Потым ідуць паставы седзячы і лежачы. Гэта таксама вельмі нязручна.

— А ці можна натуршчыкам размаўляць падчас працы? Ці дапамагае гэта мастаку лепей зразумець сваю мадэль? — цікаўлюся я.

— Камусьці — так, а хтосьці жадае цішыні і ніякія размовы яму не патрэбны. Многія натуршчыкі ўжо занадта сябе расслаблена адчуваюць падчас заняткаў: пачнуць гісторыю свайго жыцця распавядаць, спяваюць ці ўвогуле з парадамі па малюнку да мастака лезуць, — дзеліцца студэнтка акадэміі.

...Я сяджу ўжо каля сарака хвілін і ўвесь гэты час спрабую зазірнуць у работы студэнтаў. «Ці пазнаю я сябе на паперы?» Дарэчы, каб хоць трохі аблегчыць жыццё натуршчыкаў, ім дазваляюць слухаць музыку, чытаць і нават глядзець кіно. Але не ўсім мастакам падабаюцца такія метады. Частка лічыць, што гэта адцягвае ўвагу мадэляў і іх погляд становіцца няўважлівым, а разам з тым і вобраз робіцца няпоўным.

— Вопытныя натуршчыкі не патрабуюць ад мастакоў толькі «прыгожых партрэтаў». Яны нават могуць не паглядзець, што атрымалася. Аднак ёсць і тыя, хто пачынае спрачацца і крычаць, што гэта не яго нос і вусны зусім непадобныя, а пра авал твару і наогул казаць няма чаго. Але мы асабліва на гэта ўвагі не звяртаем. Як там кажуць? Я мастак, я так бачу, — распавядае студэнтка.

[caption id="attachment_80596" align="alignnone" width="400"]Ка­рэс­пан­дэнт  «Чыр­во­най зме­ны» за­ста­ла­ся за­да­во­ле­на  пра­цай мас­та­коў. Ка­рэс­пан­дэнт
«Чыр­во­най зме­ны»
за­ста­ла­ся за­да­во­ле­на
пра­цай мас­та­коў.[/caption]

...Замалёўкі і накіды майго партрэта былі гатовыя дзесьці праз гадзіну-паўтары. Сябе я пазнала. Але атрымаць іх на памяць немагчыма — усе працы студэнты здаюць у канцы семестра для заліку. Боль у спіне адчуваўся, і вельмі зацяклі ногі. Але я знайшла і станоўчыя моманты ў працы натуршчыка. Напрыклад цудоўную магчымасць пабыць сам-насам са сваімі думкамі...

Кацярына АСМЫКОВІЧ

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?