Вы тут

«Валанцёрскаму руху патрэбна цэнтралізацыя»


Галоўным ініцыятарам надання 2015 году статусу Года моладзі стаў Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Як гэта арганізацыя ўвасабляе ў жыццё ўласныя ідэі і задумы? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да Вікторыі МЯНАНАВАЙ, сакратара Цэнтральнага Камітэта грамадскага аб'яднання «БРСМ», старшыні Цэнтральнага Савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.

23-20

— Вікторыя, якія маладзёжныя праблемы здаюцца асабіста вам найбольш актуальнымі?

— Мы жывём у такі час, калі моладзь у першую чаргу хвалююць матэрыяльныя пытанні: дзе жыць, на чым ездзіць, як знайсці працу з высокім заробкам і гэтак далей. А духоўнасць неяк адыходзіць на другі план. Пад духоўнасцю я маю на ўвазе маральныя каштоўнасці, патрыятызм. Менавіта яны, на маю думку, павінны знаходзіцца на першым месцы. Як куратар міжнародных праектаў, магу сказаць, што, напрыклад, у Заходняй Еўропе назіраецца перакос у бок грамадства спажывання.

Яшчэ адна праблема, на якую звярнула б увагу, — цяжкасці з пошукам сябе. Нядаўна я некалькі гадзін размаўляла з больш як сотняй піянераў. Яны розныя, у іх безліч думак і памкненняў! Вось менавіта падлеткаў, моладзь і трэба слухаць, рэалізоўваць іх ідэі і ініцыятывы, такім чынам дапамагаючы ім шукаць свой шлях у жыцці.

— На студзеньскім з'ездзе гучала нямала ідэй аб развіцці валанцёрскага руху. На якой стадыі знаходзіцца рэалізацыя новых праектаў?

— Мы выступілі з ініцыятывай увядзення так званай асабістай кніжкі валанцёра. У ёй будуць змяшчацца звесткі пра валанцёра, пра досвед яго валанцёрскай дзейнасці, праходжанне семінараў і трэнінгаў, пра ўзнагароды. Мы перанялі практыку ў нашых калег з Расіі. Падчас Алімпіяды ў Сочы там актыўна працавалі добраахвотнікі. Пасля яны маглі выкарыстоўваць свае кніжкі ў якасці своеасаблівай рэкамендацыі. Для чаго — вырашалі яны самі. Наша ідэя ў тым, каб валанцёрскі досвед мог улічвацца пры паступленні ва ўніверсітэт ці ўладкаванні на працу. Напрыклад, калі чалавек актыўна займаўся сацыяльнай работай, наведваў сацыяльныя ўстановы, дзяцей-інвалідаў, то ён зможа прыкласці сваю кніжку валанцёра ў якасці рэкамендацыі пры падачы дакументаў на адпаведныя спецыяльнасці ў ВНУ. Думаю, макет дакумента будзе канчаткова распрацаваны на працягу месяца. Дарэчы, асабістыя кніжкі нашых валанцёраў будуць на беларускай мове.

— Якія з іншых ініцыятыў у сферы валанцёрства рэалізуе БРСМ?

— Галоўны кірунак нашай дзейнасці цяпер — аб'яднанне ўсёй валанцёрскай моладзі Беларусі пад эгідай агульнай арганізацыі, якая дазволіць цэнтралізаваць рух па многіх аспектах. Напрыклад, мы не ведаем, колькі маладых людзей ва ўсіх арганізацыях краіны выбіраюць спартыўнае валанцёрства, а колькі — сацыяльнае. Не існуе адзінага зборніка метадычных парад для тых, хто хоча стаць валанцёрам. Але для таго, каб даглядаць хворых дзяцей, трэба мець хаця б мінімальны набор неабходных навыкаў. Менавіта таму мы і ініцыявалі стварэнне такога цэнтра, дзе валанцёры змогуць абменьвацца інфармацыяй і развівацца.

У першым паўгоддзі пачне функцыянаваць цэнтр, які аб'яднае ўсіх валанцёраў БРСМ. А потым, спадзяюся, падцягнуцца і ўсе астатнія. Акрамя нас існуе шмат іншых аб'яднанняў, якія займаюцца валанцёрскай дзейнасцю: Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Ліга добраахвотнай працы моладзі, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Хацелася б, каб наша агульная праца была цэнтралізаванай. Трэба разам узнімаць пытанні, шукаць рашэнні. Усё гэта будзе адбывацца ў рамках стварэння адзінай канцэпцыі валанцёрскага руху ў Беларусі.

— Якія новыя праекты чакаюць валанцёраў у Год моладзі, у прыватнасці, гэтым летам?

— Чэмпіянат Еўропы па вулічным баскетболе «3 на 3», больш вядомы як стрытбол, пройдзе ў жніўні, і нашы валанцёры з руху «Добрае сэрца» прымуць удзел у яго арганізацыі. Напрыканцы красавіка актывісты будуць працаваць на чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы. Увогуле, спартыўны напрамак у валанцёрстве вельмі папулярны, бо гэта не толькі праца, але і стасункі з цікавымі асобамі: трэнерамі, спартсменамі, шматлікімі гасцямі з замежжа. Думаю, гэта незабыўны ўспамін на ўсё жыццё. Але да «спартыўных» валанцёраў у нас адпаведныя патрабаванні: веданне культуры і гісторыі нашай краіны, валоданне замежнымі мовамі, у першую чаргу — англійскай.

Сёлета мы чарговы раз будзем праводзіць дабрачынны марафон «Усе фарбы жыцця для цябе», мэта якога — збор матэрыяльных сродкаў для дапамогі канкрэтнаму дзіцяці або маладому чалавеку. Удзел у канцэртах прымаюць «зоркі» беларускай эстрады, за гэты час нават склаўся касцяк традыцыйных удзельнікаў. Сёлета марафон пройдзе ў сем этапаў: па адным у кожным абласным цэнтры, адзін у сталіцы. Фармат трохі зменіцца: гэта будзе не толькі канцэрт, а свята на ўвесь дзень. Мы выбралі памятныя даты (Міжнародны дзень абароны дзяцей, Міжнародны дзень пажылых людзей, Міжнародны дзень інвалідаў і іншыя), і ў гэтыя дні ў гарадах, што прымаюць марафон, разгорнецца маштабная валанцёрская дзейнасць.

Ініцыятыва прыходзіць і ад саміх валанцёраў, што не можа не радаваць. Напрыклад, у лінгвістычным універсітэце ёсць атрад пад назвай «Мы — дзецям», летась яго камандзір Марыя Воінава стала пераможцай конкурсу валанцёраў «Добрае сэрца» ў намінацыі «За асабісты ўнёсак». Дзяўчыне належыць ідэя стварэння валанцёрскага тэатра. Свае пастаноўкі для дзяцей яго ўдзельнікі паказваюць у сацыяльных установах.

— Яшчэ адзін напрамак дзейнасці БРСМ, за які вы адказваеце, — міжнароднае супрацоўніцтва. Ці шмат у саюза моладзі сяброў у замежжы?

— Акрамя Расійскага саюза моладзі і іншых арганізацый Расіі, з якімі мы даўно і плённа супрацоўнічаем, можна адзначыць, напрыклад, Усекітайскую федэрацыю моладзі. З ёй мы падпісалі дагавор, які прадугледжвае не проста віртуальныя зносіны (бо, згадзіцеся: дзе Беларусь, а дзе Кітай?), але і маштабны штогадовы абмен дэлегацыямі. Калі летась наш актыў выступаў у якасці гасцей, то цяпер мы памяняемся ролямі, і кітайская моладзь пабывае ў нашай краіне. Пры дапамозе кітайскага і расійскага бакоў мы сталі партнёрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, што адкрыла для нас новыя магчымасці.

Брэсцкі абласны камітэт БРСМ актыўна супрацоўнічае з суседняй Польшчай. Ваенна-патрыятычны клуб «Гарнізон» сумесна з Саюзам сельскай моладзі гэтай краіны займаецца пошукам магіл невядомых салдатаў, байцоў Чырвонай Арміі, на тэрыторыі Польшчы.

Супрацоўніцтва закранае і маладзёжныя арганізацыі краін Лацінскай Амерыкі — Венесуэлы і Кубы.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.