Вы тут

Лаві свой момант!


...Напачатку раскажу ці то байку, ці то быль. За даўнасцю гадоў які варыянт ні выберы, не памылішся — сутнасць усё роўна застанецца. Дык вось, у савецкія часы праводзіўся запіс нейкай тэле-, а можа, радыёперадачы. І яе вядучы задаў такое пытанне: «Калі ў Савецкім Саюзе ўпершыню з'явіліся міні-спадніцы?» Прагучала шмат розных, як правіла, агульных варыянтаў. А адзін мужчына-ўдзельнік раптам на поўным сур'ёзе назваў не толькі год, але і месяц, і чысло. Потым дадаў, у якім горадзе гэта адбылося, якое тады было надвор'е. Вядома, вядучы здзівіўся нечаканаму і разгорнутаму адказу і папрасіў тлумачэння. Мужчына распавёў, што ў той самы дзень ён у першы раз сеў за руль сваёй першай новай машыны. І, едучы па вуліцы, заўважыў на тратуары дзяўчыну ў міні-спадніцы. Гэтае відовішча было для яго такім нечаканым, што ён не справіўся з кіраваннем і разбіў аўтамабіль. «Таму той дзень я запомніў на ўсё жыццё», — скончыў мужчына. Гэта я да чаго ўсё хілю?

23-21

Усе мы памятаем дату свайго нараджэння, праўда? Гэтак жа, як і дні выдачы авансу і зарплаты. Не, вядома, у асобных выпадках куды больш важна (і нават бяспечна) ведаць, калі нарадзілася цешча ці юбілей вашага вяселля, бо, калі што, нават віртуознае валоданне на хуткасць пін-кодам уласнай банкаўскай карткі не дапаможа... Але я пра іншае. Ці памятаеце, калі да вас асабіста сёлета прыйшла вясна? Калі быў той момант, тое імгненне? Зразумела, што ўсе мы, аднойчы прачнуўшыся і выйшаўшы з дому, нібы атрымаўшы нейкі сігнал, пачынаем усміхацца, заплюшчваем вочы і цягнемся тварам да ласкавага сонейка. І якраз у гэты момант кажам услых або сам сабе тыя самыя словы пра прыход вясны. Ты раптам разумееш, што дагэтуль быў нібы ў зімовай спячцы. Быццам бы ўсё ішло, як мае быць, але ты насамрэч спаў. А цяпер прачнуўся! І ты яскрава ўсведамляеш гэтае імгненне, а вось дата наўрад ці адкладваецца ў галаве. А я вось магу назваць канкрэтнае чысло, калі зразумеў, што вясна сапраўды прыйшла. Што цікава: і сонейка не было, і цеплынёй нават не пахла, хутчэй наадварот. («Які цудоўны дзень! Які цудоўны красавік! А ўжо пра тое, які прыгожы валіць снег, я наогул маўчу!») А тое самае імгненне было!

...Ранкам у метро мяне абагнала дзяўчына. Як там спяваў Валерый Меладзэ? «Кра-си-во ты вошла в мою грешную жизнь...» Яна была ў караценькай прыталенай балоневай куртачцы, з-пад якой адразу пачыналіся і вельмі доўга не заканчваліся стройныя ногі ў чорных калготках, якія потым недзе знізу пераходзілі ў высокія абцасы. А! Былі яшчэ шорцікі, як падалося, вязаныя, кшталту карункавай арэнбургскай хусткі. Настолькі карункавыя і кароценькія, што відаць былі «ніжнія паўшар'і галаўнога мозгу»... Але гэта, як ні дзіўна, не псавала вобраз. «Чым больш цікавая жанчына, тым больш цікава, што там у яе цікавага» Памятаеце, як гаварыла сакратарка Верачка са «Службовага рамана»? «У жанчыне павінна быць загадка. Галоўка крыху прыпаднятая, вочкі трошкі апушчаны, вось тут усё свабодна, плечы адкінуты назад. Паходка свабодная ад бядра. Раскаваная, свабодная пластыка пантэры перад скачком. Мужчыны такую жанчыну не прапускаюць!» І вось у той момант я зразумеў: «Вясна — прыйшла!» І што з таго, што дзяўчаты нават зімой насілі шорты? Не блытайце, спадарства, рэпетыцыі з парадам! («Дзяўчына, што вам?» — «Вясну і вялікі букет цюльпанаў! Вой, даруйце... Батон і малако») Трэба было бачыць, як тая дзяўчына саму сябе несла! Як у тым анекдоце. «Прачнулася, памылася, прыбралася, усміхнулася і — пайшла ўпрыгожваць сабой свет!» Не, нават не так, у яе на твары літаральна чыталася: «Я, як кабрыялет, такая класная, а даху... няма!» Эх, паглядзіш на ўсё тое, так і хочацца сказаць: «У нас столькі прыгожых дзяўчат, што хочаш, не хочаш, а — захочаш». Жартую, вядома. Я ж памятаю: гэта калі ў жанчыны на твары паўтоны касметыкі, дык гэта нічога. А калі ў яе сужэнца там жа крыху памады — тады гэта канец свету. Таму я пра тую дзяўчыну (тс-с!) — толькі як пра імгненне вясны. Вы ж ведаеце, што «калі жанчына гладзіць цябе па галаве, дык гэта не пахвала. Гэта яна правярае, у які бок башка адкручваецца...»

Вось прачытаў днямі навіну... Адзін жыхар Кітая трапіў у аўтамабільную катастрофу. Непрыемна, безумоўна, але ведаў бы ён, што здарыцца потым!.. Каб праведаць мужчыну, у бальніцу па чарзе з'явіліся... усе яго сямнаццаць (!) сябровак. Мясцовая прэса пісала, што кожная наступная наведвальніца была яшчэ прыгажэйшай за папярэднюю. Вы ўяўляеце гэтыя сямнаццаць «імгненняў вясны» па-кітайску для небаракі?! Так і чую за кадрам словы ўсім вядомай песні: «Свистят они, как пули у виска, мгновения, мгновения, мгновения...» Карацей, не атрымаўся «Подзвіг разведчыка». Высветлілася, што гэты кітайскі казанова, хутчэй за ўсё, «вадзіў за нос» многіх дзяўчат — каго некалькі месяцаў, каго не адзін год — паралельна.  («Што значыць, займацца сексам да вяселля — дрэнна? А ладзіць вяселле дзеля сексу — лепш?!») І невядома, колькі б гэты кітайскі містар вёў такі лад жыцця, калі б не няшчасны выпадак. Але цяпер яму дакладна не пазайздросціш, бо распачата расследаванне. Аспрэчыў чалавек фразу «маладосць заканчваецца тады, калі ты разумееш, што лісткі календара яшчэ адрываюцца, а ты ўжо не»... Як там далей у песні? «У каждого мгновенья свой резон...»

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ.

 

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.