Вы тут

Мастацтва навобмацак


У Мінску працуе выстава, разлічаная на сляпых і слабавідушчых людзей

Буйныя еўрапейскія музеі вызначаюцца не толькі ўнікальнасцю экспанатаў, але і сваёй даступнасцю для людзей з асаблівасцямі ў развіцці. Так, інвалідам па зроку заходнія галерэі выдаюць спецыяльныя павелічальныя акуляры і брашуры, напісаныя шрыфтам Брайля, дазваляюць наведваць выставы ў суправаджэнні сабакі-павадыра. Для сляпых ствараюцца тактыльныя карціны і копіі скульптур і барэльефаў. У беларускай арт-прасторы гэты напрамак пакуль не распрацаваны, але першыя спробы ўжо ёсць. Праект «Мастацтва на кончыках пальцаў», падрыхтаваны творчай групай «Мівія» і прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі, дае невідушчым магчымасць у прамым сэнсе дакрануцца да мастацтва.

[caption id="attachment_80607" align="alignnone" width="600"]На­цы­я­наль­ны мас­тац­кі му­зей стаў пер­шай бе­ла­рус­кай пля­цоў­кай,  дзе з'я­ві­лі­ся так­тыль­ныя кар­ці­ны. На­цы­я­наль­ны мас­тац­кі му­зей стаў пер­шай бе­ла­рус­кай пля­цоў­кай,
дзе з'я­ві­лі­ся так­тыль­ныя кар­ці­ны.[/caption]

Знаёміцца з выставай мы прыйшлі разам з групай маладых інвалідаў. Парушэнняў зроку ў іх няма (у хлопцаў і дзяўчат іншыя дыягназы: ДЦП, аўтызм, разумовыя асаблівасці), але памацаць звычайна не прыстасаваныя для гэтага музейныя экспанаты моладзі было не менш цікава. У нашым распараджэнні дзве тактыльныя карціны (копіі з пап'е-машэ пейзажа Бялыніцкага-Бірулі і нацюрморта Хруцкага) і тры скульптуры («Адчуванне палёту» Аляксандра Фінскага, «Выкраданне ў Еўропу» і «Якая палохае» Андрэя Асташова). Аўтар праекта Людміла СКРАДАЛЬ прызналася, што адабраць скульптуры для падобнай выставы не так проста. Неабходна, каб адсутнічалі вострыя вуглы, вобраз выразна прачытваўся, а сэнс, закладзены ў твор, быў не вельмі глыбокім.

— На жаль, у прасторы гэтага музея невідушчы чалавек не можа хадзіць самастойна, што, у прынцыпе, павінна з'яўляцца асноўнай умовай такіх праектаў, — кажа Людміла. — Тут не створана безбар'ернае асяроддзе і інваліды па зроку, якія прыйшлі на выставу, маюць неабходнасць у суправаджэнні спецыяльна навучанага чалавека.

На кожным экспанаце ёсць аўдыягід. Яго асаблівасць у тым, што ўзаемадзеянне з абсталяваннем спрошчана да мінімуму. Каб пачуць апісанне той жа карціны, не трэба націскаць кнопкі. Проста здымаеш са стойкі навушнікі — і гукавая дарожка пайшла.

Пакуль група асцярожна і крыху нясмела па дэталях даследуе прапанаваныя аб'екты, адна з дзяўчат, Даша, ужо паспела агледзець экспазіцыю цалкам.

[caption id="attachment_80602" align="alignnone" width="600"]Па­пя­ро­вая ко­пія на­цюр­мор­та Хруц­ка­га. Па­пя­ро­вая ко­пія на­цюр­мор­та Хруц­ка­га.[/caption]

— А гэта ўсё? — расчаравана спыталася яна каля апошняга аб'екта і з цікаўнасцю паглядзела на суседнюю высокую скульптуру жанчыны.

Выстава сапраўды невялікая (хаця ў наступныя месяцы яе, магчыма, дапоўняць яшчэ некалькі скульптур). Збольшага таму, што тактыльная тэхніка ў нас толькі пачынае развівацца.

— Спробы зрабіць падобныя праекты са скульптурай, элементамі дэкору, мэбляй былі. А тактыльныя карціны — пляцоўка, якая ў Беларусі не існуе. Маем пакуль толькі гэтыя дзве копіі, на іх і правяраем методыку працы са сляпымі і слабавідушчымі людзьмі. Цяпер адбіраем яшчэ некалькі жывапісных твораў, каб зрабіць іх тактыльнымі, тым больш майстар і матэрыялы ўжо ёсць, — тлумачыць Людміла Скрадаль.

Праект «Мастацтва на кончыках пальцаў» рыхтаваўся амаль год. Каля 15 чалавек — дызайнеры, спецыялісты па электроніцы — працавалі над тым, каб адаптаваць творы для інвалідаў па зроку.

Выстава (яна, дарэчы, працягнецца да ліпеня) аказалася запатрабаванай. Яе наведваюць не толькі арганізаваныя групы — невідушчыя людзі самастойна, без запрашальных званкоў, прыходзяць адчуць прыгажосць. Праўда, для большасці інвалідаў музеі пакуль застаюцца недаступнымі. Ніхто з групы, да якой мы сёння далучыліся, у мастацкіх галерэях раней не быў. З многіх прычын.

— У тэатр і кіно ходзім, а ў музеі — зрэдку, — расказвае старшыня мінскай гарадской арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам Алена НОВІК, якая прывяла моладзь на тактыльную выставу. — Магчыма, і мы вінаватыя, не прывучалі да гэтага. Але ж праз асаблівасці псіхічнага развіцця не ўсе хлопцы і дзяўчаты разумеюць такі від культурнага адпачынку. Ды і не кожны экскурсавод можа знайсці правільную мову для нашых інвалідаў, якія, хаця і выглядаюць, як дарослыя, не ведаюць мудрагелістых навуковых слоў. Яны, напрыклад, калі чуюць доўгі сказ, успрымаюць толькі першую яго частку, а далей ужо губляюць сэнс.

[caption id="attachment_80603" align="alignnone" width="600"]Да­сле­да­ваць скульп­ту­ру на­воб­ма­цак хлоп­цы спра­бу­юць упер­шы­ню. Да­сле­да­ваць скульп­ту­ру на­воб­ма­цак хлоп­цы спра­бу­юць упер­шы­ню.[/caption]

З такім меркаваннем пагадзілася і Людміла Скрадаль, якая ў тым ліку чытае курс лекцый для экскурсаводаў у Інстытуце турызму пры БДУФК. На яе думку, толькі невялікая колькасць беларускіх гідаў умеюць працаваць з людзьмі з разумовымі парушэннямі і выкладаць інфармацыю ў адаптаваным і даступным для іх выглядзе.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.