Вы тут

Сяргей БАШЛЫКЕВІЧ:«Чакайце мяне — больш сур'ёзнага»


«Чырвонка» пагутарыла з лідарам гурта Leіbonіk пра музыку, інфарматыку і традыцыі

На сустрэчу адзін з самых барадатых мужчын беларускай музыкі прыязджае з асноўнай працы. Уладальнік прэміі «Героі года — 2014» у намінацыі «Адкрыццё года» па версіі партала tuzіn.fm працуе інжынерам-праграмістам у адной з кампаній, а да гэтага паспеў пабыць выкладчыкам у родным БДУІР. Зрэшты, тэхнічная спецыяльнасць не замінае Сяргею даваць канцэрты, запісваць песні, рэгулярна ўдзельнічаць у турнірах «Што? Дзе? Калі?», займацца рамонтам кватэры і проста радавацца жыццю. Гэта відавочна, бо цягам усёй гутаркі ўсмешка амаль не сыходзіць з твару майго суразмоўцы, і, скажу па сакрэце, калі раптам сустрэнеце Башлыкевіча (на канцэрце ці проста так), добры настрой на працяглы час вам забяспечаны.

23-11

— Сяргей, як ты пачаў займацца музыкай?

— Гледзячы на тое, што лічыць пачаткам. На гітары навучыўся іграць у 11-м класе, прычым асаблівага жадання нават не было. Так атрымалася, што інструмент падарылі сястры і я пачаў паціху брынкаць. Песні з'явіліся практычна адразу, але гэта ўсё было такое вельмі хатняе. А калі казаць пра ўжо сапраўдныя выступленні, то яны пачаліся гады два-тры таму. Цяпер музыцы хацелася б прысвячаць больш часу. У мяне ж ёсць асноўная праца, раз на тыдзень з камандай гуляем у «Што? Дзе? Калі?», раней яшчэ было выкладанне ва ўніверсітэце. Але стала складана сумяшчаць «пары» з іншымі мерапрыемствамі, таму я сышоў, хоць выкладаць мне вельмі падабалася.

— А як ставіліся да цябе студэнты, ведаючы, што ты іграеш канцэрты? Складана ўявіць цябе ў ролі выкладчыка.

— Мне ўсе пра гэта кажуць (смяецца). Студэнты заходзілі часам на канцэрты, дый цяпер завітваюць. Прыемна.

— Як атрымліваецца спалучаць творчы пачатак і тэхнічны — я маю на ўвазе тваю працу?

— Нармальна. І там, і там — творчасць. Мне падаецца, склалася не вельмі правільнае ўяўленне аб праграмістах. Гэта ж крэатыў, трэба прыдумаць што ды як, скампанаваць нешта! Тое ж і ў музыцы. Напрыклад, у цябе ёсць нейкая агульная ідэя, як напісаць праграму. Гэта можна параўнаць з ідэяй песні. І далей ужо пачынаецца працэс канструявання, калі можна так сказаць. Ствараючы праграму, перарабляеш нейкія няўдалыя месцы, шукаеш эфектыўнасць, і гэтак жа шукаеш эфектыўнасць слоў.

— Складваецца ўражанне, што раней казалі пра гурт Leіbonіk, а цяпер часцей гавораць пра Сяргея Башлыкевіча...

— Насамрэч, канцэпцыя такая: калі мы іграем у поўным складзе, з клавішамі, то гэта Leіbonіk. Гэта значыць, што ў нас будзе паўнавартасны сэт і збольшага — весялуха. А калі ў афішах пішацца «Башлыкевіч», гэта значыць, што я буду адзін ці з некалькімі ўдзельнікамі гурта і будзе больш сур'ёзная акустычная праграма. А ўвогуле, Leіbonіk — гэта мая мянушка яшчэ з інтэрната, з нейкіх камп'ютарных гульняў. Я свае песні так спачатку падпісваў.

— У тваім дзяцінстве быў нейкі творчы асяродак?

— Не, на жаль, не магу так сказаць: толькі сястра на фартэп'яна іграе. Хіба што ў касцёле сваякі спяваюць — але ж многія на імшу ходзяць, многія спяваюць... Ну, і за сталом калі збіраюцца, бабулі зацягнуць што-небудзь.

— Не сказала б, што касцёльныя, ды і застольныя, спевы — частая з'ява ў сучасным жыцці...

— Не, ты проста не з Ашмянаў (смяецца). У мяне класа да восьмага было ўяўленне, што ўся Беларусь каталіцкая. Я тады нават крыху здзіўляўся, што ў навінах так шмат кажуць пра праваслаўныя падзеі. Гэта потым ужо статыстыку паглядзеў: колькі ў нас праваслаўных, а колькі каталікоў, мусульман і іншых. Не мог паверыць спачатку!

— Як ты ставішся да таго, што цябе называюць бардам?

— У мяне ёсць аналогія наконт Боба Дылана. Ёсць усходняе разуменне бардаўскай традыцыі, маўляў, бард — гэта паэт з гітарай, як Візбар, Міцяеў. Усе ўяўляюць сабе такога чалавека ў світары ля вогнішча, які спявае: «Мілая мая, сонейка лясное...» У гэтым плане мне не падабаецца, калі мяне называюць бардам. Але ёсць і больш агульнае паняцце: сярэднявечны бард, бард заходняй традыцыі. У гэтым плане Боб Дылан — бард. І ў такой жа плыні мне хацелася б рухацца. Хаця мяне называюць рок-бардам, нехта пачаў казаць — бардкор. Увогуле, цяжка акрэсліць стыль, у якім я працую. Калі выступаю адзін — акустычны рок, калі з гуртом — таксама нешта незразумелае. Выпусцім альбом — крытыкі скажуць.

— Большасць тваіх песень на беларускай мове. Гэта даніна модзе ці нешта іншае?

— У мяне шмат песень і на рускай, і на беларускай мовах. Проста з самага пачатку на беларускай мове ў мяне ішлі больш сур'ёзныя песні. Гэта мой моўны кантэкст, я двухмоўны.

— А якое месца займае ў тваім жыцці і творчасці традыцыйная культура?

— Я стараюся цікавіцца ёй, бо ў гэтым «старым» адкрываецца вельмі шмат новага. Здараецца, прачытаеш пра вынікі якой-небудзь этнаграфічнай экспедыцыі, адкуль даследчыкі прывезлі песню ці прымаўку, і разумееш, што гэтая песня ці прымаўка былі і ў тваім дзяцінстве ў вёсцы. Вось яно, сутыкненне з традыцыйнай культурай.

— А адкуль узяліся майкі з імёнамі класікаў беларускай літаратуры, у якіх вы выступаеце?

— Калі збіраліся выступаць першы раз гуртом, думалі, што апрануць на канцэрт, каб неяк выдзяляцца. Падумалі, што пісаць на майках «Leіbonіk» занадта ганарліва.

— А імёны пісьменнікаў — хіба не?

— Магчыма. Бо ў нас «Васіль Быкаў» на кахоне іграе, «Якуб Колас» — на клавішах (усміхаецца). Але я стаўлюся да гэтага лёгка і ні ў якім разе не хачу кагосьці пакрыўдзіць. Часам я хаджу ў майцы «Ядвігін Ш.», і аднойчы быў камічны выпадак, калі ў мяне спыталі: «Хто такі Ядвігін Трэці?» Таму расказваю людзям, і хто такі Ядвігін Ш., і хто такі Паўлюк Багрым.

— Плануеце выходзіць за рамкі «кватэрнікаў» і музейных канцэртаў?

— Пакуль што мы ўтульна адчуваем сябе ў такой камернай атмасферы. Я вельмі люблю «кватэрнікі», таму што магу зразумець, для каго спяваю. А амбіцыі, вядома, ёсць. Я гляджу канцэрты Бруса Спрынгсціна — гэта монстр стадыённага року. Божа мой, як крута! Безумоўна, хочацца такога.

— Ну, і на развітанне, падзяліся марамі ці, магчыма, найбліжэйшымі планамі...

— Ідэя фікс — запісаць альбом, бо ўсе ўжо пытаюцца пра яго. Ды і калі нам у снежні далі прэмію «Адкрыццё года», заўважылі, што гэта аванс і трэба яго неяк апраўдаць. Магчыма, гэта будзе заява пра сур'ёзнага Башлыкевіча.

Дзіяна СЕРАДЗЮК.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.