Вы тут

У чым талент драматурга,


ці Калі творцы падпісваюцца псеўданімамі

Малады драматург Дзмітрый Багаслаўскі ўжо добра вядомы беларускім і замежным тэатралам. Пастаноўкі па яго творах ідуць у Маскве, Кіеве, Варшаве і нават у Манголіі. У сакавіку п'еса Багаслаўскага «Знешнія пабочныя» трапіла ў спіс пераможцаў конкурсу «ЛітаДрама», што праводзіць маскоўскі Літаратурны інстытут імя Горкага. А дакументальны спектакль «Мабыць» (Дзмітрый працаваў над тэкстам для яго), які са снежня мінулага года паказваюць на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, нашы крытыкі прызналі самай цікавай прэм'ерай 2014 года. У найбліжэйшы час творы драматурга перакладуць на румынскую мову, а ў Польшчы выдадуць асобны зборнік, куды ўвойдуць чатыры яго тэксты. Мы сустрэліся з Дзмітрыем пасля чарговага тэатральнага фестывалю і распыталі яго пра тое, як прабіцца маладому таленту і ці можна зарабіць п'есамі на жыццё.

23-10

— У сваіх творах вы разглядаеце напружаныя адносіны бацькоў і дзяцей, складанасці і жорсткасці кахання, стаўленне да патрыятызму. Адкуль такая сур'ёзнасць тэм?

— Мае п'есы звязаны з сучаснасцю. Напэўна, мне робіцца сумна, калі бачу, што цяпер адбываецца ў грамадстве, таму і тэмы такія. Хаця я не лічу сябе сур'ёзным аўтарам. Люблю, каб у творы ўсяго было патрохі: і глыбіні, і гумару.

— Што вам цікава ў самім працэсе напісання тэксту?

— Даследаваць праблему. Прыхільнікі класічнай літаратуры пачнуць папракаць мяне, але я з тых людзей, хто стараецца пісаць пра тое, чаго не ведае. Паколькі я доўга працую над п'есай, ёсць час разабрацца ў пытанні.

— Калі садзіцеся за твор, ужо ведаеце, чым ён скончыцца?

— Звычайна ведаю. Але ідэя можа нарадзіцца з аднаго слова. Вось зачапіў цябе выраз — ходзіш, круціш яго ў галаве. Калі з'яўляецца задума, неабходна распрацаваць фабульную структуру (вызначаеш, якія будуць падзеі, ці патрэбны пэўныя персанажы) і толькі потым прыступаць да самога напісання. Не бывае, каб я сеў за камп'ютар з пустой галавой і пачаў па клавіятуры стукаць. Вядома, гэта не выключае таго, што я загадзя раблю нейкія нататкі. Не баюся «рэзаць» свае тэксты. Аднойчы атрымалася так, што я працэнтаў на 60 перарабіў п'есу, хаця яна была практычна гатова. Напэўна, гэта ёсць творчасць — калі не баішся штосьці змяняць, прыбіраць, пастаянна шукаць новае.

— Як напісаць твор, які б закранаў вечныя пытанні і пры гэтым не гучаў банальна і залішне пафасна?

— Галоўнае — быць сумленным перад самім сабой. Тэма павінна цябе кранаць. У мяне, напрыклад, ёсць праблемы з напісаннем п'ес «на заказ». Калі разумею, што і тэма не мая, і задума не выспела, ды яшчэ і тэрміны ўстаноўлены. Мне здаецца, ніхто з аўтараў сусветнай літаратуры не думаў: «Вось я зараз для вечнасці ствару». Заўсёды пішуць пра сёння. У грамадстве ёсць невыкараняльныя праблемы, таму кожныя 50 гадоў яны цікавы гледачу.

— Як цяпер маладому драматургу заявіць пра сябе?

— У Беларусі, на жаль, няма маштабнага драматургічнага конкурсу. Але працуе Цэнтр беларускай драматургіі, куды можна прыносіць п'есы і падаваць заяўкі, каб удзельнічаць у чытках і эксперыментальных пастаноўках. Трэба рассылаць творы па часопісах, на міжнародныя фестывалі. Добра, калі ты ў дасканаласці валодаеш замежнай мовай і можаш перакласці свае тэксты і адправіць на конкурсы ў Англію ці Амерыку. Нават калі дзесьці трапіць у спіс пераможцаў не атрымалася, нельга апускаць рукі. І лепш сябраваць з усімі. З рэжысёрамі, студэнтамі. Як мінімум, станеце вядомымі для іх.

— Ці рэальна напісаннем п'ес зарабіць на жыццё?

— Залежыць ад тваёй запатрабаванасці. Адзін ці пяць спектакляў наўрад ці пракормяць драматурга. Прадаваць творы тэатрам складана. Так, у інтэрнэце выкладзены электронныя адрасы ледзь не ўсіх тэатраў. Ты можаш сядзець і цэлы дзень дасылаць ім п'есы. Але большасць загадчыкаў літаратурнай часткі, як правіла, іх не чытаюць. Ім у дзень прыходзіць каля 100 тэкстаў, і праглядаюцца толькі тыя, дзе стаіць знаёмае прозвішча. Колькі п'ес трэба прадаць за год, каб нармальна зарабіць, складана сказаць. Пастаноўка ў Варшаве ці ў Маскве ў фінансавым плане адрозніваецца ад спектакля ў Бабруйску. Хтосьці прабіваецца на драматургічным полі, а потым сыходзіць у кіно і на тэлебачанне. Праўда, многія аўтары, калі пішуць серыялы, не ставяць сваё прозвішча. Гэта цудоўны заробак, але падпісвацца пад такім прадуктам не хочацца.

— Вы па-ранейшаму працуеце акцёрам у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры. На вашу думку, наколькі яго рэпертуар адпавядае інтарэсам мэтавай аўдыторыі?

— З мінулага года сітуацыя ў тэатры мяняецца. З'явілася некалькі маладзёжных пастановак, пра нас пачалі гаварыць, а апошнія прэм'еры былі станоўча прыняты крытыкамі. Што падабаецца студэнтам і школьнікам? Густы ва ўсіх розныя. У нас ідзе добры спектакль «Беспасажніца» Астроўскага. Але наколькі падлеткам будзе цікава паразважаць над праблемамі таго часу? Мне асабіста падабаецца дакументальны тэатр: ён расказвае пра нявыдуманых людзей і гэта вельмі цікава.

— А практыка арганізавана вадзіць школьнікаў і студэнтаў на спектаклі апраўдвае сябе?

— Прымусам не працуе. Памятаю, калі вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, шмат моладзі прыходзіла да нас у студэнцкі тэатр, каб у цяпле пасядзець, таму што квіток на спектакль каштаваў 3 тысячы, а ў кінатэатр «Кастрычнік», які па суседстве, — 10-15. І мы чулі, як шаргацяць чыпсы і адкрываюцца запальнічкай піўныя бутэлькі. Магчыма, гэта і тэатра віна, калі ён не можа прывабіць масавую аўдыторыю. Але не прыходзьце ў касу і не кажыце: «Дайце што-небудзь». Пачытайце спачатку ў сеціве пра пастаноўку, рэжысёра, каб выбраць спектакль, які будзе вам па душы.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.