Вы тут

НАДЗЕЙНЫ ПАДМУРАК СУПРАЦОЎНІЦТВА


Беларусь і Грузія могуць стварыць трывалы фундамент для будучых адносін, заснаваны на моцных гандлёва-эканамічных сувязях. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Тбілісі са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Безимени-1

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў палітыцы ў нашых краін няма супярэчнасцяў. Прэзідэнт Беларусі сказаў, што ні разу не быў у Тбілісі, дадаў: “Напэўна, даўно трэба было пабываць тут, тым больш што з даўніх часоў наш народ заўсёды меў глыбокія пачуцці павагі да грузінскага народа".

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію пачаўся з ускладання вянка да магілы Невядомага салдата. "Гэта таму, што нашу Беларусь вызвалялі тысячы грузін. У нас загінулі сотні, а можа, і тысячы грузін, таму я аддаў даніну павагі напярэдадні важнай даты ўсім грузінам, усім савецкім воінам, якія загінулі ў гады вайны", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі назваў візіт беларускага лідара вельмі значным для абедзвюх краін і двухбаковых адносін. "Ваша асабістае стаўленне і да Грузіі, і да грузін - гэта цудоўны фундамент для таго, каб развіваць адносіны", - лічыць Прэзідэнт Грузіі. “Такім чынам, мы пачынаем вельмі добры і цікавы шлях у будучыню, да будучага супрацоўніцтва", - адзначыў ён.

Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, маючых узаемны інтарэс, усебакова абмеркавалі шырокі спектр пытанняў і перспектыў беларуска-грузінскіх адносін.
У прыватнасці, Беларусь і Грузія дамовіліся аб перспектывах узаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн.

Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што аб'ём узаемнага гандлю хоць і склаў па выніках мінулага года $64 млн, але захаваўся на ўзроўні 2013 года. "Зразумела, гэта не тыя лічбы, якія могуць нас задаволіць. Таму ў ходзе праведзеных перагавораў мы ўдзялілі значную ўвагу развіццю гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі", - адзначыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што, нягледзячы на выхад Грузіі са складу СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю.

Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што вытворчая кааперацыя будзе асноўнай у двухбаковых адносінах. "Проста гандляваць - гэта проста, а вось стварыць сумеснае прадпрыемства, якое будзе вырабляць патрэбную прадукцыю і гандляваць па ўсім свеце, гэта больш складана, але рэальна", - лічыць Аляксандр Лукашэнка. Бакі дасягнулі дамоўленасці аб рэалізацыі пілотных праектаў па стварэнні ў Грузіі зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў, трактароў розных мадыфікацый.  Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што ўрады дзвюх краін “будуць працаваць эфектыўна і рэалізоўваць нашы дамоўленасці, уклад Беларусі ў развіццё Грузіі будзе відавочны і неаспрэчны.”

Беларусь гатова таксама забяспечыць патрэбнасці грузінскіх партнёраў у сельскагаспадарчай, камунальнай тэхніцы, гарадскім пасажырскім транспарце, лекавых сродках, а таксама ў прадуктах харчавання. Аб гэтым ужо ёсць канкрэтныя дамоўленасці. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што на ўзроўні ўрадаў будуць прапрацаваны канкрэтныя праекты, якія істотна павысяць двухбаковы гандлёва-эканамічны патэнцыял. Наша краіна гатова падзяліцца з Грузіяй і вопытам вядзення сельскай гаспадаркі, “пачынаючы ад стварэння доследнага сельскагаспадарчага кааператыва ва ўмовах Грузіі да вырашэння праблемы харчовай бяспекі”.

Закранаючы палітычныя адносіны, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў канструктыўны ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнародных перагаворных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ і ў фармаце ініцыятывы "Усходняе партнёрства". На сустрэчы прэзідэнтаў было разгледжана пытанне аб адкрыцці беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Грузіі. "Мы таксама выступаем за актывізацыю міжпарламенцкага дыялогу паміж нашымі краінамі, разлічваем на падрыхтоўку парламентарыямі Беларусі і Грузіі заканадаўчых прапаноў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі", - сказаў беларускі лідар.

"Беларусь нязменна разглядае Грузію як дружалюбную і вельмі блізкую нам краіну. Развіццё беларуска-грузінскіх палітычных і эканамічных адносін адпавядае інтарэсам абедзвюх краін, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Грузія з'яўляецца для нас патэнцыяльна перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам у рэгіёне Закаўказзя".

Па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні быў падпісаны пакет з 15 дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва дзвюх краін.

У прыватнасці, былі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, аховы інтэлектуальнай уласнасці, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на даходы і капітал, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах і ў сферы барацьбы са злачыннасцю, аб рэадмісіі.

Бакі падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, у сферы адукацыі, а таксама паміж гандлёва-прамысловымі палатамі.

Размаўляючы па выніках перагавораў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Грузія знойдуць такія варыянты супрацоўніцтва, каб у партнёраў у ЕАЭС і ЕС не было прэтэнзій.

"Мы маем пэўныя абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Грузія мае пэўныя абавязацельствы, падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, але яны ніколькі не супярэчаць нашым узаемаадносінам", - сказаў беларускі лідар. На думку Прэзідэнта Беларусі, калі гэтым вялікім саюзам спатрэбіцца больш працяглы час, каб прыйсці да пагаднення, то паміж дзвюма краінамі, якія ўваходзяць у гэтыя саюзы, гэта зрабіць вельмі проста.

"Ніякіх тут перашкод быць не можа. Мы разумныя народы, разумныя дзяржавы, і мы знойдзем схему і варыянты супрацоўніцтва так, каб нашы партнёры ў ЕАЭС, ЕС не мелі да нас прэтэнзій. У гэтым вы можаце быць упэўнены", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што краінам неабходна максімальна выгадна выкарыстоўваць удзел Беларусі ў ЕАЭС і рэалізацыю Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

Прэзідэнт Грузіі таксама ўпэўнены, што для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва не існуе ніякіх праблем. "Новыя саюзы - гэта новыя магчымасці, а не новыя бар'еры", - падкрэсліў Георгій Маргвелашвілі.

Прэзідэнт Беларусі лічыць таксама пераадольным неразуменне паміж Грузіяй і Расіяй на палітычным узроўні. "Думаю, у бліжэйшы час мы знойдзем хаця б адзін адказ на маленькае пытанне, які зрабіць крок, каб не толькі спыніць гэту рыторыку, а зблізіць пазіцыі дзяржаў і жыць у адной сям'і, як некалі было. Бо няма супярэчнасцей паміж грузінскім народам, беларусамі, расіянамі. Ёсць неразуменне на палітычным узроўні, яно пераадольнае, але трэба ставіць перад сабой канкрэтныя задачы і рабіць канкрэтныя крокі", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Грузіі Іракліем Гарыбашвілі, усклаў вянок да Мемарыяла героям, якія загінулі за адзінства Грузіі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.