Вы тут

Ты хто, прышэлец?


З мінулага выпуску «Навігатара» вы даведаліся пра цікавыя факты, звязаныя з іншапланецянамі. Зразумела, што гэта толькі невялікая іх колькасць. Тым часам, аказваецца, спецыялісты па вывучэнні пазазямнога жыцця і цывілізацый не проста прызнаюць факт існавання іншапланецян, а ўжо нават іх класіфікавалі!

24-22

Для людзей знешнасць заўсёды мела немалаважную ролю, і можна сказаць, што была на першым месцы. Таму няма нічога заганнага ў тым, што ў першую чаргу чалавецтва цікавіць знешні выгляд іншапланецян, і толькі потым іх планы на нас і нашу планету. Вядома, нам хацелася б думаць, што многія прышэльцы — гуманоіды. Гэтую версію пацвярджаюць разнастайныя ўфолагі і даследчыкі НЛА — ды што казаць, усе мы неаднаразова бачылі гэтага «жыхара далёкага свету» ў фільмах, на плакатах, паштоўках і футболках... Але цяпер не пра гэта, нас цікавіць навуковы бок пытання. Па сцвярджэннях многіх даследчыкаў іншапланетных формаў жыцця, ЯНЫ падраздзяляюцца на мноства тыпаў. Некаторыя вылучаюць чатыры-пяць, а іншыя і каля двух дзясяткаў! Мы ж спынімся на наступнай класіфікацыі.

24-25

1. Шэрыя. «Шэрыя» — від прышэльцаў, які найчасцей згадваецца ва ўфалагічнай літаратуры. У большасці выпадкаў пра іх пішуць як пра вельмі худых нізкарослых істот, каля метра ростам, аднак ёсць сведчанні і пра вельмі высокіх, амаль трохметровых «шэрых». Гэта так званы «класічны» тып іншапланецян, вельмі далікатных на выгляд, з чорнымі бяздоннымі міндалепадобнымі вачыма, непрапарцыянальна вялікай галавой і вельмі доўгімі рукамі. «Шэрых» часцей за ўсё звязваюць з выкраданнямі людзей для медыцынскіх эксперыментаў, хоць нямала фактаў назапашана і пра тое, што «шэрыя» цікавяцца матэрыяльнымі каштоўнасцямі чалавечай цывілізацыі і часта выказваюць жаданне супрацоўнічаць з намі.

2. Рэптыліі. «Рэптыліі» — вельмі рэдкі від прышэльцаў. Па фізічных параметрах яны таксама хударлявыя і цыбатыя, як многія іншыя тыпы, але пры гэтым валодаюць ярка выяўленымі прыкметамі рэптылій: лускаватай, як у некаторых яшчарак, скурай, буйнымі змяінымі вачыма, кіпцюрыстымі канечнасцямі. Аб іх намерах і сферы інтарэсаў на Зямлі нічога не вядома.

3. Росвелаўцы. Так даследчыкі назвалі ўдзельнікаў экіпажа касмічнага карабля, які пацярпеў катастрофу блізу горада Росвел (Нью-Мексіка, ЗША). Па розных звестках, іх было не больш за чатыры. Мяркуючы па мізэрнай інфармацыі, якая прасачылася ў грамадства, амерыканскія ваенныя медыкі здолелі падлячыць іншапланецян пасля аварыі і займаліся вывучэннем іх фізіялогіі. Прышэльцы з Росвела больш падобныя да людзей, чым «шэрыя». У іх больш «дзіцячыя» рысы твару, глыбока пасаджаныя раскосыя вочы. Гэтыя даўгарукія істоты маюць па чатыры пальцы на кожнай далоні, з іх два пальцы нармальнай даўжыні, а два іншыя неверагодна доўгія. Як і «шэрыя», росвелаўскія іншапланецяне — карантышкі (ад метра да паўтара метра ростам).

4. Старажытныя. «Старажытных» звычайна апісваюць як гуманоідаў, знешне блізкіх да багамолаў, з халоднымі чорнымі міндалепадобнымі вачыма і жоўта-зялёнай скурай. Яны даволі рослыя, ад 1,5 да 2 метраў. Як большасць касмічных рас, «старажытныя» вельмі худыя, з падоўжанымі канечнасцямі і пальцамі. Па звестках даследчыкаў, у адрозненне ад іншых прышэльцаў, «старажытныя» вельмі холадна, а часам з вялікай непрыязнасцю ставяцца да людзей. Іх абсалютна не цікавяць веды і дасягненні нашай цывілізацыі. Апавяданні тых, каго выкрадалі «старажытныя», адрозніваюцца жудаснымі падрабязнасцямі аб варварскіх медыцынскіх эксперыментах. «Старажытныя» часта суправаджаюць «шэрых», як быццам выконваючы ролю кіраўнікоў або наглядчыкаў. З гэтага факта вырасла гіпотэза пра тое, што ўсе расы прышэльцаў суіснуюць у нейкай галактычнай цывілізацыі і што некаторыя тыпы атрыманы з іншых шляхам генетычных эксперыментаў.

24-23

5. Неанаталы. «Неанаталы» падобныя адначасова і да «шэрых», і да «росвелаўцаў». Яны шмат у чым нагадваюць людзей, а дакладней — нованароджаных, адсюль і назва («neonate» — дзіця ва ўзросце да месяца). Усе яны невялікага росту, з непрапарцыянальна вялікай галавой і доўгімі канечнасцямі, на кожнай з якіх па чатыры пальцы. У зносінах з людзьмі абыходзяцца без слоў, перадаючы думкі на адлегласці.

6. Нардычныя. Часам іх называюць «бландзінамі», «высокімі белымі» або «скандынавамі». Відавочцы паведамляюць, што сярод «нардычных» прышэльцаў выразна адрозніваюцца асобіны жаночага і мужчынскага полу. У іх светлая скура, бялявыя валасы, атлетычны склад. Усе «скандынавы» вельмі прыгожыя. Акрамя тэлепатыі, яны валодаюць яшчэ цэлым шэрагам звышнатуральных здольнасцяў.

7. Гібрыды. Амаль усе тыпы прышэльцаў вызначаюцца вялікай цікавасцю да біялогіі чалавека. Вельмі часта відавочцы ці ахвяры выкраданняў апісваюць медыцынскія эксперыменты на рэпрадуктыўных органах людзей. Некаторыя расказваюць пра тое, што іх прымушалі ўступаць у міжвідавыя сексуальныя кантакты, іншым жа нібыта паказвалі эмбрыёны або нованароджаных, якія з'явіліся ў выніку падобных сувязяў паміж людзьмі і прышэльцамі. «Гібрыды» больш за іншых прышэльцаў падобныя да людзей, хоць у іх захоўваецца тыповая для іншапланецян форма вачэй і чэрапа. У некаторых сітуацыях «гібрыды» праяўляюць здольнасць да тэлепатыі.

24-24

8. Чупакабры. На думку некаторых даследчыкаў, чупакабры сталі наведваць Зямлю зусім нядаўна. Аднак іх дзіўнае падабенства да хімер і гаргулляў (у тым іх выглядзе, што данесла да нас гатычная архітэктура) дазваляе выказаць здагадку, што яны знаходзяцца на Зямлі ўжо вельмі даўно. Чупакабраў апісваюць як неразумных дробных жывёлін, не больш за паўметра ростам, з вялікімі раскосымі вачыма, вырастамі на галаве, шыпамі на спіне. Яны асцярожныя і палахлівыя, але жорсткія, як дзікія драпежнікі. Сілкуюцца як дробнымі, так і буйнымі рагатымі жывёламі, высмоктваючы сокі з іх целаў, але людзей не чапаюць. Існуе тэорыя, што яны — вынік няўдалага генетычнага эксперымента пэўнай іншапланетнай цывілізацыі.

Іван КУПАРВАС.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.