Вы тут

Які прынтар выбраць?


Лазерныя болей і хутчэй друкуюць, а для фотаздымкаў падыходзяць толькі струменныя

Камп'ютарам (і нават не адным) сярэднестатыстычную беларускую сям'ю ўжо не здзівіць. А вось прынтары ёсць далёка не ў кожнай кватэры. Тыя, каму пастаянна неабходна нешта раздрукоўваць, даўно зразумелі выгаду наяўнасці ўласнага «друкавальнага цэнтра», а некаторыя яшчэ толькі пачынаюць прыглядацца да хітрага агрэгата і задумвацца аб яго набыцці. Відаць, цэны на паслугу па раздрукоўцы ці капіраванні/сканаванні дакументаў занадта падняліся. Карацей, адна наша чытачка папрасіла дапамагчы ёй у выбары прынтара. Калі ласка.

24-53

Колькі будзеце друкаваць?

Першае пытанне, якое вы павінны задаць сабе перад выбарам прынтара, гэта як шмат і як часта вы збіраецеся нешта друкаваць. Гэтае ж пытанне вы абавязкова пачуеце ад прадаўца-кансультанта ў краме. Дык вось, калі вы хочаце зрэдчас раздрукаваць нешта і пры гэтым колер вас не турбуе, то лепей за ўсё браць чорна-белы лазерны прынтар. Ён будзе больш хуткім (каля 20 старонак у хвіліну супраць 5-8) і эканамічным, нягледзячы на тое, што кошт яго вышэйшы за кошт струменнага і запраўка картрыджаў таксама даражэйшая. Атрымліваецца так, бо лазернага картрыджа хапае на большую колькасць старонак — каля 1000. А струменныя больш за 200 наўрад ці надрукуюць. Акрамя таго, картрыдж лазернага прынтара не засыхае, калі ім доўгі час не карыстацца. Струменны павінен пастаянна нешта раздрукоўваць — хаця б раз на тыдзень. І гэта не байкі, бо ў мяне ў самога раней быў лазерны. У ім я мяняў картрыдж прыкладна раз на год. Пры гэтым друкаваў шмат — падчас навучання ва ўніверсітэце гэта неабходнасць. Часам нават кнігі па 90 старонак А4 друкаваў — і гэта для мяне было выгадна. А потым адбыўся вялікі (можа, месяцаў восем) перапынак, калі я не карыстаўся гэтым прынтарам, — і ён усё роўна выдатна раздрукаваў неабходныя дакументы. Цяпер у мяне струменны прынтар разам з копірам і сканерам, які дае яшчэ больш якасны друк (калі здымаеш копію, то арыгінал выглядае горш), але за год я ўжо тройчы змяняў картрыджы.

У выпадку, калі вы дакладна ведаеце, што друкаваць будзеце шмат і колер вам не патрэбен, то таксама варта ўзяць лазерны прынтар.

І толькі тады, калі вы ведаеце, што будзеце рэгулярна, але ў невялікай колькасці рабіць раздрукоўкі (тым больш калі часам яны будуць каляровыя), вы можаце смела выбраць струменны агрэгат. У дадатак вы атрымаеце магчымасць раздрукоўваць яшчэ і фотаздымкі.

Запраўляць ці купляць?

Ёсць яшчэ адна істотная розніца паміж двума відамі прынтараў — праблема з запраўкай картрыджаў. Калі лазерныя прынтары абсалютна спакойна ўспрымаюць перазапраўку і іх мяняць трэба толькі пасля 3-5 такіх працэдур, то са струменнымі могуць быць праблемы. Адна справа, калі фірма-вытворца проста рэкамендуе вам кожны раз купляць арыгінальныя картрыджы і пры ігнараванні гэтай рэкамендацыі ўсё роўна друкуе. Праўда, якасць будзе трошку горшай, бо тонер адрозніваецца ад арыгінала. І зусім іншая справа, калі прынтар настроены на тое, што неарыгінальны картрыдж не будзе ўспрыняты. Як кажа майстар па рамонце і запраўцы офіснай тэхнікі Віталь Аляхновіч, ёсць толькі адзін такі вытворца. Ён дастаткова папулярны, таму не палянуйцеся пацікавіцца аб гэтым у прадаўца. Дарэчы, спецыяліст таксама сцвярджае, што сёння часцей купляюць менавіта лазерныя прынтары.

Для чаго там WІ-FІ?

Апошнім часам вытворцы офіснай тэхнікі ўсё часцей дапаўняюць прынтары функцыяй WІ-FІ. Гэта робіцца для зручнасці кліента, каб ён мог раздрукоўваць без правадоў. На цане гэта асабліва не адбіваецца.

Ведаеце, яшчэ больш зручна і выгадна купіць агрэгат, які спалучае прынтар, копір і сканер. Знайсці яго не праблема. І ён не заўсёды будзе даражэйшым за звычайны прынтар. Хаця Віталь Аляхновіч кажа, што нармальны лазерны можна купіць за прыкладна 1 млн 100 тысяч рублёў (з функцыямі копіра і сканера — каля 2 млн). Струйны, па яго словах, будзе каштаваць ад 700 тысяч (з дадатковымі функцыямі — бліжэй да мільёна).

Мой уласны аналіз коштаў дае трошкі іншыя вынікі. Звычайны лазерны прынтар каштуе ад каля 600 тысяч да 4 мільёнаў. Струйны — ад 450 тысяч да 1,5 мільёна. Лазерны «камбайн» — ад 900 тысяч да 5-6 мільёнаў. Струйны — ад 550 тысяч да 4 мільёнаў.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Калі вы хочаце жыць эканомна і адначасова годна, задавайце актуальныя пытанні нашай рэдакцыі. Тэлефануйце і пішыце нам — і мы пастараемся вам дапамагчы.

Звязацца з карэспандэнтамі можна па тэлефонах: 8 (017) 2923802 і 8 (017) 2871751, а таксама па электроннай пошце:іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу (з пазнакай «Для аддзела эканомікі»).

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.