Вы тут

Жанчыны 65+


Практычна адначасова ў сетках з'явіліся паведамленні пра распачатую выбарчую кампанію Хілары Клінтан і адну вельмі пажылую маці з Германіі, якая зноў збіраецца нарадзіць. Мая добрая знаёмая, амаль што іх равесніца, пракаментавала гэта з сарказмам. Я дазволіла сабе з ёй не пагадзіцца, але...

Што да спадарыні Клінтан, то нічога нечаканага не адбылося. Па-першае, яна ўжо адзін раз спрабавала свае сілы на выбарах, а па-другое, ужо крышачку працавала прэзідэнтам. Афіцыйна Хілары Клінтан была першай лэдзі краіны, але тады многія аналітыкі пісалі пра яе вялікі ўплыў на рашэнні мужа, пра яе добрую падрыхтаванасць і ролю ў яго выбарчай кампаніі, што прывяла да перамогі.

Тады нават стаў папулярным анекдот пра запраўку. Нібыта сужэнцы Клінтаны спыніліся на запраўцы, гаспадаром якой быў аднакласнік Хілары. Апошняя міла пагутарыла са школьным таварышам, нават згадалі сваё дзіцячае сяброўства і прыхільнасць. На што Біл не прамінуў пажартаваць: «Вось, каб выйшла за яго замуж, была б зараз гаспадыняй не Белага дома, а такой вялікай і прыгожай запраўкі». На што Хілары сур'ёзна і рашуча адрэагавала: «Зусім не, у такім выпадку прэзідэнтам Амерыкі зараз быў бы не ты, а ён». Здаецца, Хілары вырашыла выправіць гэтую гістарычную несправядлівасць і паказаць усім, хто ж сапраўды варты быць кіраўніком самай уплывовай дзяржавы свету. Падобна да таго, што ў яе ёсць рэальныя шанцы.

Спадарыні Клінтан 69 гадоў, большую частку жыцця яна прысвяціла сям'і, цяпер можна заняцца рэалізацыяй сябе як палітыка. Урэшце, як казаў герой культавага фільма «Сямнаццаць імнгенняў вясны» Мюлер: «70 гадоў — гэта росквіт палітыка». Так што Хілары і падгадала пад самы росквіт. Калі ўсё атрымаецца, яна пакажа многім, як можа засяроджвацца жанчына на дзяржаўных справах. Пакажа найперш свайму лавеласу мужу, які паспяваў не толькі кіраваць, але праславіўся на ўвесь свет гісторыямі з дзяўчатамі і папсаваў жонцы нямала нервовых клетак. Ну, а калі галасоў не хопіць і прэзідэнтам стаць не атрымаецца, дык у гісторыю яна ўжо ўвайшла, яе запомняць амерыканцы, і не толькі. Ды і выбарчая кампанія, відаць, дабавіць адрэналіну ў арганізм і пакіне незабыўныя ўражанні.

Асабіста мне вельмі сімпатычныя імкненні сталых жанчын да новых формаў рэалізацыі. Ведаю адну такую, якая пасля выхаду на пенсію стала пісаць вершы, потым прозу. І самае галоўнае, што творчае майстэрства пісьменніцы год ад году расце. Яе літаратурныя спробы не выглядаюць слабымі. Праўда, Ніна Мацвееўна асабліва не імкнецца выдаваць усё напісанае, не ўступае ў пісьменніцкія арганізацыі. Яна падыходзіць да ўласнай творчасці па-філасофску, кажа, што калі яе творы перажывуць яе і нехта некалі захоча іх надрукаваць, то — калі ласка. А пакуль знаёміць з новымі старонкамі даволі вузкае кола сваіх прыхільнікаў, просіць, каб выказваліся шчыра, крытыкавалі і ўказвалі на хібы.

І гэта, дзякуй Богу, звычайныя рэчы, калі нехта ва ўзросце за 65 вырашае заняцца палітыкай, літаратурай, атрымаць яшчэ адну адукацыю. А вось адважыцца нарадзіць дзіця, ды яшчэ не адно, па-мойму, вельмі смела. Адчайна смела. На мяжы. Адна справа, калі мужчына ў такім узросце з маладой жонкай заводзіць дзіця: у яго і спадзяванні на маладую жонку. А тут жанчына ў 65 з дапамогай штучнага апладнення зацяжарала адразу чацвярнёй... І горда заяўляе, што прапановы медыкаў па памяншэнні колькасці пладоў яна не разглядала. Ну не было б у яе зусім дзяцей — дык ёсць аж 13. Найстарэйшаму, пішуць, 44 гады, унукаў сямёра. Самай маленькай дзяўчынцы — дзевяць, нарадзілася, па нашых мерках, калі маці была ў пенсійным узросце. Яна і папрасіла ў маці браціка альбо сястрычку. А тая і панеслася па клініках нават за мяжу, бо, відаць, дома не кожная ўстанова адважылася б на такую аперацыю.

Вядома, гэта справа кожнага, колькі дзяцей мець і ў якім узросце. Відавочна, калі ўсё будзе добра і малыя з'явяцца на свет, іх маці, настаўніца з Германіі, стане гераіняй СМІ, бо ўжо цяпер падлічылі, што яна прэтэндуе на ролю самай пажылой у свеце маці чацвярні. Што і казаць, рэкорд, сусветная сенсацыя, перамога над прыродай. Але чамусьці не хочацца трубіць і біць у бубны з гэтай нагоды. Наадварот, невядома адкуль узнікаюць няёмкасць, здзіўленне, нават цень спачування. Можа, таму што не заўсёды і не ва ўсім трэба імкнуцца да рэкордаў...

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.