Вы тут

Попыт і прапанова


Калі «пацярпелыя» такімі не выглядаюць

Днямі ў Віцебску Следчы камітэт завяршыў расследаванне справы аб махлярстве ў асабліва вялікім памеры. Справа, я б сказала, паказальная, прычым не з разраду «Як нас дураць». Тут больш дарэчы будзе «Самі сабе шукаем гуза». І пацярпелыя ў гэтай сітуацыі, нягледзячы на панесеныя страты, не надта пацярпелымі і выглядаюць. Бо свае кроўныя аддавалі махлярцы, каб яна дапамагла вырашыць праблему, абышоўшы закон.

Зрэшты, мяркуйце самі. Актыўную пенсіянерку затрымалі ў жніўні мінулага года на гарачым: пры атрыманні сарака мільёнаў рублёў. За што і ад каго? Жанчына прадстаўлялася супрацоўніцай фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і прапаноўвала тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пабудаваць кватэру за 10% (!) ад яе кошту. Вядома ж, за спрыянне ў такой жыццёва важнай справе ўсемагутнаму супрацоўніку фонду сацабароны належала грашовае ўзнагароджанне.

Смешна і шыта белымі ніткамі? Але ж ахвотнікі знайшліся! Прычым, як высветліла следства, падобным бізнесам прадпрымальная кабета займалася на працягу пяці гадоў. Схема была простая: махлярка выдавала сябе за большага ці меншага чыноўніка, які мае паўнамоцтвы і магчымасці вырашаць балючае жыллёвае пытанне, і прапаноўвала за пэўную плату пасадзейнічаць у танным будаўніцтве, афармленні неабходных дакументаў. Часам праяўляла фантазію і брала ў людзей грошы, нібы перадаць хабар іншаму чыноўніку, які можа аператыўна вырашыць пытанне аб месцы ў інтэрнаце ў абласным цэнтры. Хтосьці плаціў дабрадзейцы чатыры мільёны, хтосьці — сорак, а хтосьці — і ўсе сто семдзесят (гэта, пэўна, ужо быў выплачаны «поўны кошт» «таннага жылля»). Атрымала «чыноўніца» дзякуючы ўласнай абаяльнасці (а хутчэй — людской празе да «халявы» ці «абы дзешавей») больш за мільярд рублёў. Пацярпелых больш за трыццаць чалавек, як напісана ў следчым пратаколе, «рознага сацыяльнага статусу і ўзросту»...

Несумненна, палепшыць жыллёвыя ўмовы хочуць многія. Несумненна, не для ўсіх гэта магчыма зрабіць сёння або заўтра. Несумненна, будаўніцтва жылля ў наш час — справа нятанная. Несумненна, кожны хоча вырашыць пытанне хутчэй і танней. Але адкуль такая наіўная вера ў тое, што вырашыць яго можна вось так — без афіцыйнага афармлення, без адпаведных дакументаў, нават не пацікавіўшыся ў дабрадзейкі наяўнасцю ў яе якога-кольвек пасведчання? Сказаў бы, старыя адзінокія людзі, стомленыя ад адсутнасці чалавечай увагі, упускалі ў кватэру махлярку, што называлася работнікам сацыяльнай службы, — яшчэ б можна было зразумець. Але ж тыя тры дзясяткі чалавек рознага сацыяльнага статусу і ўзросту наўрад ці адзінокія пенсіянеры. Ды яшчэ і пры грашах (сто семдзесят мільёнаў ці нават сорак у свабодным карыстанні не ў кожнага знойдзецца).

Што ж атрымліваецца? Абсурд, калі не сказаць больш. Разумныя забяспечаныя грамадзяне свядома і самастойна аддавалі немалыя грошы на вырашэнне пытання «акружным шляхам». Мяркуючы па тым, што махлярка дзейнічала цэлых пяць гадоў у адным горадзе, гэтыя людзі, нават зразумеўшы, што іх абдурылі, пра сваю бяду расказваць камусьці не спяшаліся. Што яшчэ раз пацвярджае свядомасць і самастойнасць іх учынкаў, як і тое, што яны ведалі пра незаконнасць і сваіх, і махляркі дзеянняў...

Мяне ведаеце, што ў гэтай сітуацыі бянтэжыць? Чаму гэтыя свядомыя разумныя людзі праходзяць па справе як пацярпелыя? Гэта значыць, ім яшчэ і ўрон будуць кампенсаваць? Але чым яны лепшыя за хабарадаўцаў, якія абсалютна аналагічным чынам спрабуюць вырашыць свае пытанні, толькі без пасярэднікаў у выглядзе «добрай цёткі з фонду сацабароны»? Але хабарадаўцаў, калі пападуцца, чакае пакаранне, прадугледжанае законам, а гэтых «ахвяр падману» — што? Урок, што не трэба аддаваць грошы невядома каму? Магчыма. Але галоўны урок — што не трэба лезці праз галовы іншых без чаргі, што не трэба спрабаваць танна выкруціцца за кошт дзяржавы і сумленных людзей, — тут наўрад ці застанецца засвоеным. І калі заўтра гэтым жа пацярпелым нячысты на руку сапраўдны чыноўнік прапануе вырашыць пытанне тым жа спосабам, яны, ужо навучаныя, пераканаюцца, што чыноўнік сапраўдны, і панясуць грошы. Бо за спосаб вырашэння праблемы яны ні ад кога па руках не атрымалі.

У наяўнасці, як той казаў, і попыт, і прапанова. Што тут першаснае і што ад чаго нараджаецца, варта задумацца тым, чый абавязак змагацца не з махлярамі, а з карупцыяй.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.