Вы тут

Да суседкі толькі з песняй


У апошнюю нядзелю красавіка прыхільнікі праграмы «Наперад у мінулае» змогуць завітаць у Пухавіцкі раён і пазнаёміцца з чатырма сяброўкамі-суседкамі з вёскі Дрычын, якіх ужо каля 35 гадоў аб'ядноўвае народная песня. Падчас фальклорнай экспедыцыі вы даведаецеся пра жыццё мясцовых жанчын, пачуеце песні і легенды гэтага рэгіёна і, безумоўна ж, новую арыгінальную версію аўтэнтычнай песні, якую выбера і выканае госць праграмы — Вольга Гарнічар.

24-34

— Збіраемся мы з суседкамі не першы год. Пачалі такія вячоркі з песнямі ладзіць недзе ў 1980-х, — дзеліцца гаспадыня Ірына Скавыш. — Я сама — карэнная дрычанка, бо ў гэтай хаце нарадзілася, вырасла і тут прымаю гасцей.

А вось іншыя ўдзельніцы аматарскага ансамбля — Лідзія Комлік, Ганна Новік і Жанна Халюта — ужо таксама мясцовыя, бо жывуць тут не першы год, але ў свой час трапілі сюды з розных прычын. Нехта перасяліўся пасля чарнобыльскай катастрофы, а кагосьці размеркавалі на працу. Потым павыходзілі замуж, нарадзілі дзяцей і разам з тым працягвалі спяваць. Як адзначаюць самі жанчыны, іх аб'яднала песня.

Песні ў рэпертуары мясцовых артыстак самыя розныя — і пра няшчасную долю, і пра падманутых дзяўчат. Але ў кожнай з іх чуецца душа, а прыгожыя галасы робяць перажыванні яшчэ больш выразнымі.

Ляцела зязюля ды стала куваці.

Ой, то не зюзюля, то родная маці,

Яна прыляцела дачку ўратаваці.

Ой, каб я знала, якая ў цябе беда,

То я б перадала галубкаю хлеба,

Галубкаю хлеба, зязюляю солі.

Ой, мама, ой, мама,

Як цяжка без долі.

Сама вёска Дрычын сёння з'яўляецца аграгарадком, і з 2013 года знаходзіцца ў складзе Дукорскага сельсавета. Калі хто пажадае завітаць сюды на цягніку, то па лініі «Мінск — Асіповічы» ёсць чыгуначная станцыя з аднайменнай назвай, а сам населены пункт размяшчаецца за два кіламетры ад яе. Вёска вядомая з канца ХVІ стагоддзя ў складзе Менскага павета Рэчы Паспалітай. З 1793 года — у складзе Расійскай Імперыі. У XІX — пачатку XX ст. — належала да Навасёлкаўскай воласці Ігуменскага павета... Напрыклад, на пачатку мінулага стагоддзя Дрычын быў вялікім сялом на 220 двароў, 1760 жыхароў. Па колькасці жыхароў яно займала другое месца пасля мястэчка Пухавічы...

Чым жыве вёска сёння і якія песні, традыцыі там захоўваюць людзі, можна даведацца ў эфіры тэлеканала «Беларусь 3» пасля прагляду чарговага выпуску праграмы «Наперад у мінулае». Не прапусціце спатканне з народнай песняй 26 красавіка!

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.