Вы тут

Не толькі каштоўнае футра, або Чаму б гультаям не заняцца... трусамі, напрыклад?


Рэспубліканская выстава-кірмаш «Залаты падворак» прайшла ў Віцебску. На ёй жывымі экспанатамі сталі гусі і цацаркі, куры і перапёлкі... і нават прыручаная галка.
Усе яны на дзень пасяліліся на тэрыторыі культурна-гістарычнага комплексу «Залатое кола Віцебска «Дзвіна». Але  карэспандэнтам «Звязды» падалося, што там усё ж такі «правілі баль» трусікі. Здзівіла і вялікая чарга з ліку ахвотных купіць уваходны квіток на выставу.

[caption id="attachment_80815" align="alignnone" width="600"]24-51 Ула­дзі­мір Дзміт­ры­еў разам з бацькам займаецца птушыным бізнесам.[/caption]

Памятаеце знакаміты нумар гумарыстаў: «Трусы — гэта не толькі каштоўнае футра, але і...» На кірмашы многія вушастыя былі настолькі прыгожымі, што вачэй немагчыма адвесці. Арганізатары запрасілі ў Віцебск трусаводаў, якія разводзяць племянных жывёл разнастайных парод: Рэкс голд, Французскі баран, Венскія блакітныя, Каліфарнійская, Бельгійскі велікан, Чэшскі альбінос і іншыя.

— Трусамі займаемся з 2006 года. Усе жывёлы васьмі парод на нашай ферме — ад вядучых трусаводаў Славакіі, Германіі, Чэхіі, Аўстрыі. Самі там іх купляем. Вытворцы маюць пашпарты (радаводы), якія пацвярджаюць племянное паходжанне. Прывозім трусоў па дазволе Міністэрства сельскай гаспадаркі Беларусі. Утрымліваюцца жывёлы асобна ў клетках уласнай канструкцыі. Апошнія абсталяваны кармушкай, яслямі для сена і паілкай з падагрэвам для вады — зімой. Вось гэты (паказвае) пароды Вялікі светлы серабрысты (сярэдняя мясная парода, вага дарослых трусоў да 5 кілаграмаў. — Аўт.). Для параўнання: дарослы Бельгійскі волат «цягне» на 10 кілаграмаў, — расказвае «Звяздзе» Сяргей Васіленка з аграгарадка Яроміна Гомельскага раёна.

[caption id="attachment_80816" align="alignnone" width="600"]24-52 Сяр­гей Ва­сі­лен­ка ганарыцца сваімі пушыстымі гадаванцамі.[/caption]

Трусавод не здае падапечных на мяса, а рэалізуе для развядзення. Васьмімесячны Бельгійскі велікан можа каштаваць 160 долараў. Не слабая цана? Дык паспрабуйце штодня даглядаць мноства жывёл, як малых дзяцей.

Мяне здзівіла, што заморскіх гадаванцаў не кормяць капустай. А многія, напэўна, думаюць, што трусы яе любяць.

— Не, нашым не даём, ёсць іншы натуральны корм: морква, збожжа, кукуруза, буракі кармавыя, сена. Ужо ў 8 месяцаў самка гатова прыносіць патомства, — дадае жонка трусавода.

А рабочы мясакамбіната з Оршы займаецца вушастымі для атрымання мяса.

— Разводжу прадстаўнікоў трох парод. Мяса здаю на Аршанскі мясакансервавы камбінат. З яго робяць дзіцячае харчаванне. Прайшоў спецыяльную атэстацыю. Кантроль за якасцю кармоў і іншым ажыццяўляюць ветурачы, — распавядае Леанід Чарвінскі.

А Мікалай Дзмітрыеў са Старадарожскага раёна па-добраму «памяшаны» на курах і пеўнях.

— Другі год пры курах (смяецца).
У нас з сынам Уладзімірам шэсць парод. Да выхаду на пенсію працаваў настаўнікам. Не, вы не маеце рацыі: курамі займаюся не таму, што выгадней, чым вучыць. Справа не ў прыбытку. Трэба чымсьці займацца для душы. З зямлёй я на «Вы». Лес і рэчка, куры — так выдатна, і мне гэта падабаецца. Разводжу і прадаю. Я — член аб'яднання аматараў галубоў і дэкаратыўных птушак. На кірмашы часта прыязджаю, — распавядае аматар птушак.

Заводчыкі і ўладары жывёл бясплатна пракансультавалі ўсіх ахвотных наконт утрымання, кармлення, вакцынацыі, кляймення жывёл і птушак. У забаўляльнай праграме на кірмашы правялі конкурсы: «Пушысты любімец публікі», «Птушыны любімец публікі», «Самае доўгае вуха», «Самы цяжкі трусік»...

Пасля прыемных уражанняў ад убачанага міжвольна ўзнікла думка. Вось многія не могуць знайсці працу, тым больш па душы. Гультаі, якіх цяпер літаральна прымушаюць працаваць, спасылаюцца на недахоп «нармальнай працы». Маўляў, «гарбаціцца за капейкі»? Дык, можа, узяліся б за развядзенне тых жа вушастых, курэй, качак, цацарак? Раптам вы прыроджаны заводчык? І галодным не застанешся, і мяса на продаж заўсёды будзе. А калі ўжо не можаш забіваць, дык рэалізуй племянных жывёл... Былі б толькі інтарэс і жаданне...

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.