Вы тут

Пацэліць у яблычак, або Што за спорт такі: стральба з лука?


Элітны занятак у старажытнасці, алімпійская дысцыпліна з векавой гісторыяй, а для некаторых краін нацыянальны від спорту ў Беларусі сёння не мае асаблівай папулярнасці. Хоць нашы лучнікі сталі ўсё часцей нагадваць пра сябе. Прызавыя месцы на чэмпіянатах свету і Еўропы, удзел у Алімпіядах і залатыя медалі Гран-пры даюць падставу даведацца пра беларускую стральбу з лука крыху больш. Пра тое, як прыходзяць у стралковы спорт, якімі якасцямі павінен валодаць лучнік, што можа адбыцца на спаборніцтвах і трошкі пра сябе распавёў член нацыянальнай зборнай Беларусі, неаднаразовы прызёр серый Гран-пры Павел Далідовіч.

24-2

Пачынаць займацца можна ў любым узросце

— Гісторыі пра тое, як лучнікі прыходзяць у стралковы спорт, практычна аднолькавыя. Звычайна гэта бывае так: у школе дзеці ідуць у цір — пастралялі, нехта пайшоў і назаўтра забыўся, а кагосьці гэта, як той казаў, «зачапіла». Я не стаў тут выключэннем і вось ужо 16 гадоў займаюся стральбой. Гэта перарасло ў прафесію, нават у справу жыцця.

Ад узросту ў гэтым відзе спорту нічога не залежыць. Як пачынаць займацца стральбой, так і паспяхова выступаць на розных спаборніцтвах можна, колькі б табе ні было гадоў. Ведаю аднаго лучніка з Мінска — яму ўжо за 60, страляе гадоў 40, калі не больш.

Наогул ёсць два віды лука: блочны і класічны. Блочны складаецца з цэлай сістэмы блокаў, два невялікія колы зверху і знізу. Прафесійныя спартсмены ў асноўным карыстаюцца класічным лукам. З яго страляюць на Алімпійскіх гульнях. Блочны лук больш дакладны, страляць з яго лягчэй. Затое з «класічнага» — складаней і цікавей. Такі лук важыць каля трох кілаграмаў і каштуе каля дзвюх тысяч долараў.

Лук патрабуе фізічнай падрыхтоўкі

— Не кожны пачатковец зможа трымаць доўга тры кілаграмы на выцягнутай руцэ. На трэніроўках мы адпрацоўваем не толькі стрэлы і тэхніку, але і сочым за «фізухай». Тут ёсць спецыяльныя практыкаванні з лукам, гірамі, гантэлямі. Плечы, спіна, лапаткі — там сканцэнтраваны асноўныя групы мышц, важныя для нас. Але асаблівымі звышздольнасцямі валодаць не трэба. Празмернае наведванне трэнажорнай залы і залішняя мышачная маса, наадварот, можа нашкодзіць.

Як і ва ўсякім спорце, вядома, здараюцца траўмы. Звычайна церпяць пальцы, гэта залежыць ад тэхнікі выпуску стралы.

За адну трэніроўку я раблю 140-160 выстралаў — усяго каля трохсот у дзень. Гэта, вядома, стамляе. У дзяцінстве мы ўсе былі лучнікамі: стралялі палачкамі. А паказаць чалавеку, што такое сапраўдны спартыўны лук, — гэта зусім іншае, гэта вельмі цікава. Варта проста прыйсці паглядзець і паспрабаваць.

У стральбе з лука важны...

— ...Як фізічны стан спартсмена, так і псіхалагічны. Стралку проста неабходна добрая канцэнтрацыя. Я прачытаў шмат інфармацыі, псіхалагічнай літаратуры спецыялістаў, якія працавалі яшчэ ў 1970-х гадах. Гэта мне вельмі дапамагло, для сябе выпрацаваў сістэму падрыхтоўкі да стартаў. Цяпер на рубяжы адчуваю сябе больш спакойна, чым гэта было гады тры таму. Сакрэтаў шмат, але раскрываць я іх не буду. Калі ты стаіш на рубяжы, у галаву могуць прыходзіць розныя думкі, але трэба гнаць іх туды, адкуль прыйшлі. Размовамі могуць перашкаджаць сапернікі, трэба ўмець ігнараваць усё, што адбываецца вакол. Галоўнае — не думаць пра вынік. Дзе б ты ні выступаў, упэўненасць у сабе павінна быць стапрацэнтнай: я проста ведаю, што магу пацэліць, і раблю гэта.

Стралкі — асаблівыя людзі

— Вельмі спакойныя не толькі ў спорце, але і ў штодзённым жыцці. Складана вывесці мяне з сябе, на нейкія моманты я магу проста не звяртаць увагі, рэдка мне ўдаецца раззлавацца. Нервавацца магу, напэўна, толькі за рулём, на дарогах у нас часам дзеюцца жудасныя рэчы, але гэта ўсё дробязі, яны прыходзяць і сыходзяць.

24-11

Спаборніцтвы праходзяць пры любым надвор'і

— На вуліцы можа быць усё што заўгодна: і дождж, і вецер. Спаборніцтвы пры такіх умовах надвор'я не адмяняюцца. Нядаўна выступалі ў Грэцыі, ішоў праліўны дождж, але гэтая сітуацыя нават дапамагла нашай камандзе, мы выйгралі. Адны з самых экстрэмальных умоў на маёй памяці былі ў Львове, гадоў 5 таму. Тады быў настолькі моцны вецер, што падалі лукі, штатывы, ламаліся прыцэлы. На рубяжы стаяць немагчыма было проста таму, што саміх спартсменаў хістала, што ўжо тут казаць пра тое, як прыцэліцца. Калі ідзе дождж, неабходна надзяваць казыркі, каб вада не трапляла ў вочы, асабліва калі лучнік страляе ў акулярах. А такое, дарэчы, дапушчальна. Найбольш камфортна страляць, калі невялікая воблачнасць, няма ветру і дажджу.

Гэта не суб'ектыўны від спорту

— Але ёсць моманты, калі суддзя можа ўмяшацца. Гэта бывае ў тым выпадку, калі страла трапляе ў габарыт. Я бачу, што мая страла зачапіла «дзясятку», а сапернік кажа, што не, тады ўступае суддзя. Трэба сказаць, што спрэчныя моманты адбываюцца рэгулярна, але такога ўплыву суддзяў, як у іншых відах спорту, няма.

Беларусь на добрым рахунку

— Сёння сусветныя лідары ў стральбе з лука — гэта Паўднёвая Карэя, Італія, Германія, Расія, Украіна. У Еўропе Беларусь дастаткова добра зарэкамендавала сябе. Два апошнія Гран-пры выйграла наша мужчынская каманда. На чэмпіянаце свету ў 2013 годзе жаночая зборная ўзяла «серабро». На чэмпіянаце Еўропы Антон Прылепаў заняў другое месца, а ў пары з Аленай Толкач заваявалі «бронзу».

Усё гэта, здаецца, павінна прыцягнуць увагу да нашага віду спорту, але стральба па-ранейшаму застаецца не масавым відам. Прычын, напэўна, шмат: па-першае, гэта не так відовішчна, як, напрыклад, гульнявыя віды ці гімнастыка. Па-другое, нашы спаборніцтвы не паказваюць па тэлевізары, пра нас мала пішуць. Ды і самі турніры праходзяць рэдка: этап Кубка свету адзін раз на месяц, чэмпіянат свету ўсяго раз на два гады, а ў футбол гуляюць кожны тыдзень.

У Карэі, напрыклад, стральбу з лука выкладаюць у школе, як у нас фізкультуру. Адсюль усё і ідзе.

У нас, як і ў лёгкай атлетыцы, ёсць летні і зімовы сезон. Улетку страляем на 70 метраў на вуліцы, а ўзімку на 18 у зале. Дзе лягчэй, сказаць цяжка: для кожнага, напэўна, па-рознаму. У памяшканні адсутнічаюць фактары надвор'я, стаіш заўсёды роўна, без перашкод.

На шляху ў Бразілію

— Да Алімпіяды застаецца год з невялікім, не магу сказаць, што часта думаю пра гэта. Будзем старацца на чэмпіянаце свету, які пройдзе ў ліпені, заваяваць ліцэнзіі. У Баку на Еўрапейскія гульні мы ўжо заваявалі тры мужчынскія і тры жаночыя пуцёўкі, хутка адправімся туды.

Для мяне заўсёды больш камфортна і цікава выступаць у камандзе. У гэтым відзе ў мяне атрымліваецца працаваць больш сабрана, таму што адчуваеш адказнасць не толькі за сябе, заўсёды ведаеш, што на цябе разлічваюць партнёры.

Калі параўноўваць Беларусь з замежжам

— Вялікіх адрозненняў няма. Спаборніцтвы праходзяць гэтак жа, як і ў нас. Не бывае вялікай колькасці гледачоў. Так, усюды стаяць трыбуны, але на іх у асноўным размяшчаюцца самі лучнікі, якія прыйшлі «пахварэць» за калег. На Алімпіядзе народ, вядома, збіраецца, але самі разумееце, раз на чатыры гады...

У дзень кваліфікацыі ўсе лучнікі страляюць разам, гледачу наогул складана зразумець, што адбываецца, а вось у дзень фіналаў праходзіць альтэрнатыўная стральба — спартсмены выступаюць парамі. Суддзя аб'яўляе кожны выстрал, паралельна нешта расказвае пра стралкоў, каментуе, тлумачыць, колькі ачкоў атрымліваюць спартсмены.

Стральбой з лука можна зарабляць грошы, але табе плацяць зарплату, толькі калі ты член нацыянальнай каманды. Гэта сярэднестатыстычны даход беларуса, асабліва вялікіх грошай, вядома, не атрымаць.

Мой галоўны заўзятар — мама

— Яна ўсё чакае і спадзяецца, што калі-небудзь нас пакажуць па тэлевізары або хоць слоўца скажуць пра нас.

А ўвогуле, у лучнікаў ёсць традыцыя — перажываць адзін за аднаго. Ніхто не ідзе ў гасцініцу, пакуль не адстралялася ўся каманда. Вось тут выяўляюцца сапраўдныя эмоцыі з крыкамі і ўзбадзёрваннем. Нядаўна жаночая зборная змагалася за ліцэнзіі на Еўрапейскія гульні, мы там галасы сарвалі. Падтрымка была сур'ёзная.

Па-за спортам

— Мне падабаецца рыбалка, магу і ў футбол пагуляць, і на ровары пакатацца, і ў машыне пакалупацца, нешта пакруціць, парамантаваць. Я ж наогул электрык,
10 гадоў адпрацаваў на прыборабудаўнічым заводзе. Пастраляць у ціры? Не, гэта занадта сумна (смяецца).

Мая мара

— Выступаць на Алімпіядах, на чэмпіянатах свету, наведаць розныя краіны. Потым, магчыма, стаў бы трэнерам. Хацеў бы вазіць дзяцей на спаборніцтвы, вучыць іх галоўнаму — ісці да сваёй мары і ніколі не адступаць. Спартсмен павінен быць моцным і духам, і целам.

Дар'я Лабажэвіч

Чытаць інтэрв'ю на рускай мове

Даведка

На Алімпійскіх гульнях разыгрываецца 4 камплекты медалёў і толькі ў класічным луку, на дыстанцыі 70 метраў:

• асабістыя спаборніцтвы (мужчынскія і жаночыя);

• камандныя (мужчынскія і жаночыя), у камандзе 3 удзельнікі.

У кваліфікацыі каманды кожны з трох членаў робіць па 72 стрэлы і па выніках 12 камандаў рассейваюцца ў сетку 1/8 фіналу, далей вызначаюць пераможцу па алімпійскай сістэме (адзін на адзін па 8 стрэл х 3 члены каманды = 24 стралы).

У асабістых спаборніцтвах у кваліфікацыі спартсмены робяць па 72 стрэлы і па іх выніках рассейваюць 64 удзельнікі ў сетку 1/32 фіналу, і далей вызначаюць пераможцаў па алімпійскай сістэме (адзін на адзін па 12 стрэл).

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.