Вы тут

Могільнік для Мурзіка


Чаму гаспадары свойскіх жывёл вымушаны хаваць гадаванцаў у гарадскіх лясах і парках?

Неяк у вёсцы глядзелі ўвечары тэлевізар. Па адным з каналаў, як заўсёды, ішла чарговая скандальна-крымінальная перадача кшталту «Вы не паверыце!». Расказвалі пра жанчыну, што пахавала свайго любімага ката на чалавечых могілках. Гараджане абураліся: як так, жывёлам сярод людзей не месца (хаця, здаецца мне, справа не толькі ў гэтым: стала сорамна, што дагледжаная магілка з гранітным помнікам чатырохногага выглядала нашмат лепш, чым недагледжаныя магілы іх сваякоў). Магчыма, у нечым яны мелі рацыю. Аднак куды падзець памерлых гадаванцаў, калі афіцыйнага месца для іх пахавання няма? У вёсцы прасцей, можна выкапаць яміну на ўскраіне ўчастка. А што рабіць жыхарам буйнога горада? Не на сметніцу ж выкідаць таго ката ці сабаку, які за пражытыя пад адным дахам 10, а то і 15 гадоў стаў блізкім сябрам.

24-60

Небяспека для людзей

У Мінску ўзаконеных могілак для хатніх гадаванцаў няма, затое стыхійныя — бадай, у кожным раёне. Ва Уруччы, напрыклад, самаробны могільнік знаходзіцца ў невялікім ляску цераз дарогу ад рынку. Месцы пахавання Рыжыкаў і Бобікаў акуратна абкладзены каменчыкамі, упрыгожаны кветкамі і лампадамі. На некаторых могілках стаяць крыжы з фотаздымкамі і драўляныя шыльды. Нават дарагія гранітныя помнікі сустракаюцца. Асабліва клапатлівыя гаспадары прынеслі гумовыя цацкі і міскі для ежы — каб гадаванцам і на тым свеце добра жылося. Сярод «нябожчыкаў» не толькі каты і сабакі, але і папугаі, марскія свінкі. Гарадскіх сабачнікаў, якія непадалёк выгульваюць сваіх любімцаў, такое суседства не бянтэжыць. Гаспадыня лабрадора, пакуль яе гадаванец бегаў сярод дрэў, расказала, што гаспадары памерлых жывёл часам наведваюць гэтыя могілкі, каб навесці парадак ці падправіць агароджу.

— Ці нармальна гэта? А чаму не? — мяркуе яна. — Ніхто ж не кідаецца ў крайнасці кшталту памінальных службаў з адпяваннем. А помнік... Гэта шчыры знак падзякі любімай жывёлцы.

Праўда, такая неафіцыйная «форма ўдзячнасці» не ўхваляецца не толькі законам (згодна з артыкулам 15.47 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, за ігнараванне правілаў утрымання сабак ці катоў могуць выпісаць штраф да 15 базавых велічынь), але і экалагічнай службай.

— Невядома, якія жывёлы там пахаваныя. Думаю, і хворыя ёсць. Паколькі гэтыя могілкі неглыбокія і неацынкаваныя, вірус ці трупны яд з вадой або дажджом можа трапіць у грунтовыя воды, — тлумачыць небяспеку падобных пахаванняў намеснік старшыні Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна АЎРАМЧЫК.

Узбуджальнікі інфекцый, праз якія загінуў гадаванец, часам захоўваюцца ў глебе на працягу стагоддзяў. І не факт, што стыхійныя могілкі не раскапаюць, напрыклад, грызуны і не распаўсюдзяць хваробу. У такім выпадку, дарэчы, калі самавольства гаспадара нанесла шкоду здароўю людзей, паводле таго ж артыкула Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, гараджаніна чакае больш жорсткае пакаранне — штраф у памеры ад 10 да 30 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.

Упраўленне гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама ствараць афіцыйныя могілкі для катоў і сабак у бліжэйшы час не збіраецца. Зямля ў сталіцы занадта дарагая.

Непрывабная альтэрнатыва

Паступіць з памерлымі ўлюбёнцамі па законе, вядома, можна. У сталіцы іх пахаваннем займаецца «Фаўна горада». Паслуга каштуе каля 15 тысяч рублёў (за адну жывёлу, без уліку матэрыялаў). Калі хочаце, каб супрацоўнікі арганізацыі самі прыехалі да вас па цельца ката, трэба будзе даплаціць — прыкладна 9 тысяч за кіламетр прабегу аўто. Нядорага. У «Фаўне горада» кажуць, што гаспадары памерлых гадаванцаў тэлефануюць штодзень. За месяц праз прадпрыемства хаваюць дзесьці сотню жывёл. Звозяць іх у вёску Дзегцяроўка, што непадалёк ад сталіцы. Аднак, калі шчыра, не думаю, што кожны сабачнік пагодзіцца на гэтую афіцыйную альтэрнатыву самаробнай магілцы. На ўзгаданым жывёльным могільніку пабудаваны бетонныя калодзежы, куды скідаюць чатырохногія трупікі і заліваюць іх хімічным рэчывам, каб хутчэй гнілі. Пра экалагічнасць такога спосабу ўтылізацыі (а інакш гэта ніяк і не назавеш) ніхто не спрачаецца. А вось наконт астатняга... Залішне практычнае рашэнне ў дачыненні істоты, якая была табе сябрам шмат гадоў.

Абяцалі, праўда, неяк, што ў горадзе з'явіцца дзяржаўны крэматорый для жывёл, а на біятэрмічныя ямы нарэшце забудуцца. У «Фаўны горада» нават дагавор заключаны з «Экарэс» — камунальным унітарным прадпрыемствам па абыходжанні з адходамі, дзе ёсць печы для спальвання. Планавалася, што арганізацыя і прах Барсіка выдаваць на рукі будзе, і калумбарый пабудуе, дзе ў спецыяльнай ячэйцы дазволяць захоўваць гэты прах разам з фотаздымкам гадаванца. Да рэалізацыі справа пакуль не дайшла. Па словах намесніка дырэктара па будаўніцтве і развіцці «Экарэс» Віталя ПАСЮЦІНА, займацца жывёламі няма калі: разабрацца б спачатку з медыцынскімі адходамі па Мінску. Не дзіўна, што нішу рытуальных паслуг для сабак, катоў і хамякоў занялі прыватнікі. Так, фаніпальскі прадпрымальнік раз'язджае па заяўках на мабільным крэматорыі.

Утылізаваць не дазваляе сумленне

Рэакцыя кшталту «Няўжо ў грамадстве больш праблем няма?» ужо не здзіўляе. Чакаць іншага ад людзей, здольных выкінуць на сметніцу і жывых жывёл (і я не перабольшваю: у нашай вёсцы ў адным з кантэйнераў нядаўна знайшлі маленькіх шчанюкоў, ад якіх такім чынам вырашыў пазбавіцца «прадпрымальны» праезджы), не даводзіцца. Што зробіш, калі для некаторых сцвярджэнне, што сабака — самы лепшы сябар, значыць не больш за завучаны ў дзяцінстве выраз «Мама мыла раму»? Да большасці, на шчасце, яны не адносяцца.

Тое, што гадаванцы становяцца часткай сям'і (хоць і тут бываюць перакосы), лагічны вынік не столькі заходняга ўплыву, колькі адзіноты. У маім двары жыве пенсіянерка, якая заўсёды выходзіць пасядзець на лаўцы ў суправаджэнні свайго нязменнага сябра — маленькага белага сабачкі з чорнай плямай вакол вока. Такая бабуля ёсць, бадай, ці не ў кожным доме.

Свойскіх жывёл у сталіцы штогод большае. І натуральна, што патрэба ў прымальным і для экалогіі, і для гаспадароў варыянце пахавання гадаванцаў будзе толькі расці. Гэта ўжо частка сучаснай культуры, калі проста «ўтылізаваць» жывёлку сумленне не дазваляе. Толькі і гаспадарам трэба ведаць мяжу, каб не ператварыць культуру ў культ — з вычварнымі помнікамі за некалькі мільёнаў, ахвяраваннямі і абавязковым наведваннем магілы ў памінальныя дні. Такая паказушнасць не знойдзе паразумення: ёсць больш цяжкія страты. Для чалавека, які пахаваў сваякоў ці блізкіх сяброў і зведаў сапраўднае гора, гэты «рэквіем па кацяняці» будзе знакам непавагі. Могілкі для жывёл, калі для іх усё ж знойдзецца месца, павінны, вядома, выглядаць цывілізавана, але не быць падобнымі да апошняга прыстанішча людзей.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.