Вы тут

НАДЗЕЙНЫ ПАДМУРАК СУПРАЦОЎНІЦТВА


Развіццё беларуска-грузінскіх палітычных і эканамічных адносін адпавядае інтарэсам абедзвюх краін

Беларусь і Грузія могуць стварыць трывалы фундамент для будучых адносін, заснаваны на моцных гандлёва-эканамічных сувязях. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Тбілісі са сваім грузінскім калегам Георгіем Маргвелашвілі, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

24-61

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў палітыцы нашых краін няма супярэчнасцей. Таксама ён сказаў, што ні разу не быў у Тбілісі, і дадаў: «Напэўна, даўно трэба было пабываць тут, тым больш што з даўніх часоў наш народ заўсёды меў глыбокую павагу да грузінскага народа».

Візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Грузію пачаўся з ускладання вянка да магілы Невядомага салдата. «Гэта таму, што нашу Беларусь вызвалялі тысячы грузін. У нас таксама загінулі сотні, а можа і тысячы вашых салдат, таму я аддаў даніну павагі напярэдадні важнай даты ўсім грузінам, усім савецкім воінам, якія загінулі ў гады вайны», — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі назваў візіт Аляксандра Лукашэнкі вельмі значным для абедзвюх краін і двухбаковых адносін. «Ваша асабістае стаўленне і да Грузіі, і да грузін — гэта цудоўны фундамент для таго, каб развіваць адносіны», — лічыць Прэзідэнт Грузіі. — Такім чынам, мы пачынаем вельмі добры і цікавы шлях у будучыню, да будучага супрацоўніцтва».

Кіраўнікі дзяржаў абмяняліся думкамі па актуальных міжнародных і рэгіянальных праблемах, усебакова абмеркавалі шырокі спектр пытанняў і перспектыў беларуска-грузінскіх адносін.

У прыватнасці Беларусь і Грузія дамовіліся аб перспектывах узаемнага тавараабароту ў памеры $200 млн. Кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу, што аб'ём узаемнага гандлю хоць і склаў па выніках мінулага года $64 млн, але захаваўся на ўзроўні 2013 года. «Зразумела, гэта не тыя лічбы, якія могуць нас задаволіць. Таму падчас перагавораў мы надалі значную ўвагу развіццю гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі», — адзначыў беларускі лідар. Ён нагадаў, што, нягледзячы на выхад Грузіі са складу СНД, у беларуска-грузінскіх адносінах захаваны рэжым свабоднага гандлю.

Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што вытворчая кааперацыя будзе асноўнай у двухбаковых адносінах. «Проста гандляваць — гэта проста, а вось стварыць сумеснае прадпрыемства, якое будзе вырабляць патрэбную прадукцыю і гандляваць па ўсім свеце, — гэта больш складана, але рэальна», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Бакі дасягнулі дамоўленасці аб рэалізацыі пілотных праектаў па стварэнні ў Грузіі зборачнай вытворчасці беларускіх ліфтаў, трактароў розных мадыфікацый. Беларускі лідар выказаў упэўненасць, што ўрады дзвюх краін «будуць працаваць эфектыўна і рэалізоўваць нашы дамоўленасці, уклад Беларусі ў развіццё Грузіі будзе відавочны і неаспрэчны».

Беларусь гатова таксама забяспечыць грузінскіх партнёраў неабходнымі сельскагаспадарчай, камунальнай тэхнікай, гарадскім пасажырскім транспартам, лекавымі сродкамі, а таксама прадуктамі харчавання. Пра гэта ўжо ёсць канкрэтныя дагаворанасці. Прэзідэнты Беларусі і Грузіі дамовіліся, што на ўзроўні ўрадаў будуць прапрацаваны канкрэтныя праекты, якія істотна павысяць двухбаковы гандлёва-эканамічны патэнцыял. Наша краіна гатова падзяліцца з Грузіяй і вопытам вядзення сельскай гаспадаркі, «пачынаючы ад стварэння доследнага сельскагаспадарчага кааператыва ва ўмовах Грузіі да вырашэння праблемы харчовай бяспекі».

Закранаючы палітычныя адносіны, Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў канструктыўны ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін на міжнародных перагаворных пляцоўках, у тым ліку ў АБСЕ і ў фармаце ініцыятывы «Усходняе партнёрства». На сустрэчы прэзідэнтаў было разгледжана пытанне пра адкрыццё беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Грузіі. «Мы таксама выступаем за актывізацыю міжпарламенцкага дыялогу паміж нашымі краінамі, разлічваем на падрыхтоўку парламентарыямі Беларусі і Грузіі заканадаўчых прапаноў, накіраваных на стымуляванне вытворчай кааперацыі», — сказаў беларускі лідар.

«Беларусь нязменна разглядае Грузію як дружалюбную і вельмі блізкую нам краіну. Развіццё беларуска-грузінскіх палітычных і эканамічных адносін адпавядае інтарэсам абедзвюх краін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Грузія з'яўляецца для нас патэнцыяльна перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам у рэгіёне Закаўказзя».

Па выніках перагавораў на найвышэйшым узроўні быў падпісаны пакет з 15 дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва дзвюх краін.

У прыватнасці былі заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне турызму, аховы інтэлектуальнай уласнасці, аб прадухіленні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў на даходы і капітал, аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах і ў сферы барацьбы са злачыннасцю, аб рэадмісіі.

Таксама бакі падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве ў галіне аховы здароўя і медыцынскай навукі, у сферы адукацыі, паміж гандлёва-прамысловымі палатамі.

Размаўляючы па выніках перагавораў з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Грузія знойдуць такія варыянты супрацоўніцтва, каб у партнёраў у ЕАЭС і ЕС не было прэтэнзій.

«Мы маем пэўныя абавязацельствы ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, Грузія мае пэўныя абавязацельствы, падпісаўшы пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам, але яны ніколькі не супярэчаць нашым узаемаадносінам», — сказаў беларускі лідар. На думку Прэзідэнта Беларусі, калі гэтым вялікім саюзам патрэбны больш працяглы час, каб прыйсці да пагаднення, то паміж дзвюма краінамі, якія ўваходзяць у іх, гэта зрабіць вельмі проста.

«Ніякіх тут перашкод быць не можа. Мы разумныя народы, разумныя дзяржавы і знойдзем схему і варыянты супрацоўніцтва так, каб нашы партнёры ў ЕАЭС, ЕС не мелі да нас прэтэнзій. У гэтым вы можаце быць упэўнены», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што краінам неабходна максімальна выгадна выкарыстоўваць удзел Беларусі ў ЕАЭС і рэалізацыю Грузіяй пагаднення аб асацыяцыі з ЕС.

Прэзідэнт Грузіі таксама ўпэўнены, што для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва не існуе ніякіх праблем. «Новыя саюзы — гэта новыя магчымасці, а не новыя бар'еры», — падкрэсліў Георгій Маргвелашвілі.

Прэзідэнт Беларусі лічыць таксама пераадольным неразуменне паміж Грузіяй і Расіяй на палітычным узроўні. «Думаю, у найбліжэйшы час мы знойдзем хаця б адзін адказ на маленькае пытанне, які зрабіць крок, каб не толькі спыніць гэтую рыторыку, а зблізіць пазіцыі дзяржаў і жыць у адной сям'і, як некалі было. Бо няма супярэчнасцей паміж грузінскім народам, беларусамі, расіянамі. Ёсць неразуменне на палітычным узроўні, яно пераадольнае, але трэба ставіць перад сабой канкрэтныя задачы і рабіць канкрэтныя крокі», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Пазней Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэм'ер-міністрам Грузіі Іракліем Гарыбашвілі, усклаў вянок да Мемарыяла героям, якія загінулі за адзінства Грузіі.

Прэзідэнт таксама сустрэўся з Каталікосам-Патрыярхам Усяе Грузіі, Архіепіскапам Мцхецскім і Тбіліскім, Мітрапалітам Піцундскім і Сухум-Абхазскім  Іліёй ІІ.

Нікому сёння не дазволена і не пад сілу разбурыць адзінства праваслаўных народаў, заявіў на сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. «Мы павінны глядзець у будучыню, і мы дамовіліся з вашымі кіраўнікамі, што ў бліжэйшы час прымем максімум намаганняў па лініі славянскіх народаў і нашага братняга грузінскага народа, каб пераадолець сумныя падзеі. Упэўнены, гэта нам пад сілу. Мы гэта зробім. Я магу вас у гэтым запэўніць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі перадаў самыя цёплыя пажаданні беларускага народа. «Памятаеце, што там, у цэнтры Еўропы, жывуць вашы родныя людзі, якія гатовыя па першым закліку прыйсці да вас на дапамогу. Мы заўсёды былі разам, гісторыя пра гэта сведчыць, і нікому сёння не дазволена, і нікому не пад сілу разбурыць гэта адзінства. Мы брацкія народы, мы былі разам і заўсёды будзем разам. Я хачу, каб вы гэта заўсёды памяталі», — сказаў беларускі лідар.

«Мы шмат добрага чулі пра вас і рады, што вы прыбылі ў Грузію і можаце падзяліцца сваім вопытам з нашымі кіраўнікамі, — сказаў Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі. — Мы добра ведаем Беларусь, яе гісторыю, культуру, дасягненні, якія адбыліся ў апошні час пад вашым кіраўніцтвам». «Думаю, ваш візіт — прадвеснік міру, і я ўдзячны, што гэта прынясе добрыя плады нашым дзяржавам, — адзначыў ён. — Жадаю, каб гэты візіт быў пачаткам цеснага супрацоўніцтва і братняга яднання нашых народаў».

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.