Вы тут

Ілья Конанаў: «Хочаш у тэлевізар? Працуй над сабой!»


Маладосць, памножаная на жаданне рэалізоўваць сябе, здатная адчыніць любыя дзверы. Прыклад Ільі Конанава якраз пацвярджае гэтае правіла жыцця. З дзяцінства хлопец займаўся футболам і марыў пра вялікую спартыўную будучыню. Аднак усё склалася па-іншаму: пасля траўмы спорт давялося пакінуць. І каб не губляць час, Ілья вырашыў паўдзельнічаць у расійскім рэаліці-шоу «Дом-2». Ужо пасля з'яўляецца мэта — працаваць на тэлебачанні. Шматлікія кастынгі прыводзяць Ілью спачатку на тэлеканал «БелМузТБ», дзе і сёння ён вядзе «Народны чарт». Потым здзяйсняецца яшчэ адна мара — стаць вядучым на «Беларусь 2». Яго праграма «Капейка да капейкі» выклікала інтарэс у гледачоў, што для самога вядучага — найлепшая ўзнагарода за працу.

24-321

— У 2012 годзе вы як вядучы «БелМузТБ» былі прадстаўлены ў намінацыі «Прыз глядацкіх сімпатый» на «Тэлевяршыні». Калі зноў апыняцеся сярод прэтэндэнтаў на тэлевізійны «Оскар», успрымеце гэта як прызнанне?

— Гэтая ўзнагарода куды важнейшая для маёй бабулі. Я нават запомніў, як сёлета на дзень народзінаў яна мне пажадала атрымаць «Тэлевяршыню». На што я адказаў: «Няўжо толькі ўзнагарода можа даказаць, што я добры прафесіянал?». Але ёй было б прыемна, а бабуля для мяне — самы дарагі чалавек на свеце. Сам я такога кшталту ўзнагароды ўспрымаю як свайго роду гульню, у якую, хочаш не хочаш, трапляюць усе тэлевядучыя. Таму атрымаць узнагароду — прыемна, але для мяне галоўнае, каб мае праграмы глядзелі людзі. Каб пісалі пісьмы, як гэта адбываецца з праграмай «Капейка да капейкі».

— І пра што пішуць вам гледачы?

— Хочуць паўдзельнічаць, а таксама пішуць, што праграма падабаецца. Ім цікава даведацца, ці ўсё ў нас «сумленна і без падкопаў». Мы тлумачым, што не можам гарантаваць іх удзел — тут усё вырашае выпадак. Хаця праект цяпер ужо на той стадыі, калі людзі нас чакаюць у гандлёвым цэнтры. Быў такі выпадак, падышла да нас жанчына і кажа: «Хачу ў вашай праграме паўдзельнічаць. Але давайце крыху пазней». Мы пачалі здымкі, а праз паўтары гадзіны яна вяртаецца: маўляў, зараз можна пачынаць гульню. Як аказалася, жанчына ўвесь гэты час бегала па паверхах з унучкай і рабіла пакупкі, замярала час і вось цяпер падрыхтавалася...

— Раскажыце, як узнікла праграма?

— Праект аўтарскі. Яго гісторыя пачалася тады, калі я сядзеў у гасцях маёй сяброўкі і калегі Ксеніі Фаміч і мы абмяркоўвалі новыя ідэі. Яна сказала, што вось бы зрабіць нешта такое, каб аб'яднаць і задзейнічаць усіх людзей. Было некалькі варыянтаў, а потым Ксенія ўзгадала, як была калісьці праграма, дзе трацілі грошы. Мы пад гэтую тэму прыдумалі сваю канцэпцыю праекта. Тады, праўда, нарадзілася толькі 20 працэнтаў таго, што вы бачыце сёння. Выніковы праект з'явіўся дзякуючы супрацоўніцтву многіх людзей, і сёння мы робім яе камандай прафесіяналаў.

— Ці адважваюцца нашы людзі траціць чужыя грошы і як часта выйграюць?

— Тут ніколі не ўгадаеш. Калі паглядзець нашы праграмы трохмесячнай даўнасці, дзе мы пачалі гуляць з гледачамі, то не ўсім удавалася выйграваць, нават з медыйных персон. (Многія думаюць: ага, раз людзі вядомыя — значыць, будуць выйграваць.) Ці адважваюцца на траты грошай? Спачатку было вельмі складана знаходзіць герояў. Магчыма, таму, што не ўсе верылі ў сумленную гульню. Некаторыя яшчэ і камеры баяцца. Таму за кадрам ахвотнікаў паўдзельнічаць хапае, а прыязджаем у ЦУМ — і там рэальныя людзі. Некаторыя з іх праграму ні разу не бачылі. І яны ўспрымаюць усю сітуацыю з насцярожанасцю: а раптам пачнуць пытаць пра нешта і як наогул усё будзе адбывацца? Асноўная праблема ў тым, што не многія вераць у сур'ёзнасць нашага праекта. Разам з тым сарафаннае радыё працуе. І людзі не адмаўляюцца ад магчымасці паўдзельнічаць у праграме і патраціць грошы.

24-311

— Ці лёгка вы самі траціце грошы?

— Я вельмі люблю хадзіць па крамах. Плануючы адпачынак, перш за ўсё вывучаю размяшчэнне крам, буцікоў. Нават мора і сонца не падкупляюць мяне так, як шопінг і смачная ежа. І не кожная дзяўчына здатная вытрымаць мае шматгадзінныя паходы па магазінах. Таму ў гэтай праграме я як рыба ў вадзе. Мабыць, каб аказаўся на месцы сваіх герояў, патраціў бы ўсё да капейкі, але пакупкі рабіў бы абдумана. Я досыць рэдка купляю нешта спантанна. Цікава было б паўдзельнічаць у сваёй жа праграме.

— Вы ўмееце эканоміць? І на чым, па-вашаму, не варта гэтага рабіць?

— Я транжыра, але кожную сваю пакупку доўга абдумваю. Заўсёды думаю пра заўтрашні дзень. Ніколі не пакіну ў краме ўсё да капейкі, каб потым не ведаць, на што купіць неабходнае. Кажучы пра эканомію грошай — нельга эканоміць на якасных прадуктах. Да гэтага дадаў бы здароўе і дзяцей. Мець зберажэнні і ўкладаць грошы ў нешта — гэта таксама пра мяне. Паколькі ўвесь час стаўлю сабе новыя мэты ў жыцці, то, як правіла, заўсёды знаходжуся ў стане «трэба пазбіраць». А потым спантанна магу адправіцца ў водпуск!

— Можаце згадаць свой першы сур'ёзны заробак? На што патрацілі тыя грошы?

— Мне было 14 гадоў, тады я падпісаў кантракт з футбольным клубам «Мінск». Першая зарплата — 100 долараў, што па тым часе былі немалыя грошы. Патраціў іх на падарунак бабулі (купіў карціну) і на арганізацыю святочнага стала з гэтай нагоды. Карціна дагэтуль вісіць на кухні. Калі гляджу на яе, успамінаю нялёгкія моманты свайго жыцця.

— Вы часта згадваеце ў размове бабулю...

— Яна і дзед займаліся маім выхаваннем. Так склалася, што мае бацькі разышліся, і паколькі кожны з іх будаваў сваё жыццё, то я апынуўся ў бабулі. І з часам мне так там стала камфортна, што бабулю стаў успрымаць як маці. З дзедам ездзіў на футбольныя трэніроўкі. Я заўсёды меў свабоду дзеянняў. Бабуля з дзядулем мне нічога не забаранялі, але яны ў любой сітуацыі падтрымлівалі і былі побач. А рашэнні я прымаў самастойна.

— Удзел у рэаліці-шоу «Дом-2» быў авантурным учынкам. Не шкадуеце?

— Калі вярнуць час, то зрабіў бы ўсё, як і тады, бо інакш я не апынуўся б там, дзе знаходжуся цяпер. Той праект стаў добрым штуршком для мяне ў жыцці. Я быў проста футбалістам, які з траўмай сядзеў дома. Як вядома, любое дзеянне лепш, чым бяздзеянне. І я паехаў на той праект, хоць і сёння не ведаю, чым быў абумоўлены мой учынак. А цяпер гляджу на хлопцаў, з якімі мы пачыналі ў спорце, і разумею, як па-рознаму склаліся нашы лёсы...

Мяне заўсёды вабіла тэлебачанне. І я задумваўся пра тое, каб трапіць у кадр. Мабыць, думкі матэрыяльныя. Таму сёння я працую на «Беларусь 2», а футбол застаўся ў маім жыцці як хобі для падтрымання формы і як магчымасць узгадаць, якімі пачуццямі быў напоўнены той час.

— Як сёння распазнаць «талент» сярод шматлікіх работнікаў тэлеэфіру?

— Цяпер такі час, што ўсе хочуць на экран. Я быў на кастынгу праекта «Хачу ў тэлевізар». Калі задавалі прысутным пытанне: «Навошта вам гэта?», то чулі ў адказ: «Хачу, і ўсё тут». Людзі часта не разумеюць, наколькі цяжкая ў нас праца. Мне, напрыклад, не адзін год спатрэбіўся, каб трапіць у кадр. Я займаўся з выкладчыкамі, працаваў рэпарцёрам. А сёння такое ўражанне, быццам людзям дастаткова ўласнай знешнасці, а да парад прафесіяналаў мала хто прыслухоўваецца. Не заўсёды ў навічкоў ёсць жаданне расці і працаваць над сабой.

— Якія ўражанні пакінуў праект «Хачу ў тэлевізар»?

— Праект цудоўны, бо ён дае магчымасць маладым людзям праявіць сябе. Пераможца атрымае кантракт з тэлеканалам. Калі б такое было раней, то я начаваў бы на Белтэлерадыёкампаніі. Наогул, той, хто хоча працаваць на тэлебачанні, павінен згаджацца на любую працу. А людзі часта хочуць прыйсці з вуліцы і стаць вядучымі рэйтынгавага праекта. Такіх цудаў у жыцці не бывае. Таму праект кшталту «Хачу ў тэлевізар» патрэбен, каб людзі бачылі, што ўсё рэальна, але для гэтага трэба працаваць над сабой.

Алена ДРАПКО.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.