Вы тут

Віктар АСЛЮК: «У дакументальным кіно столькі ж праўды, колькі ў ігравым»


Мы пагаварылі з самым тытулаваным і адным з найвыдатнейшых беларускіх кінематаграфістаў, гіперрэалістам, у асноўным дакументалістам Віктарам Аслюком. Перадаем прамой гаворкай.

24-37

Пра будучы фільм «Педагагічная паэма»

(аб двух маладых настаўніках, якія з'ехалі з Мінска ў невялікае мястэчка)

Я не думаў, што буду здымаць фільм на прапанаваную кімсьці тэму, але цяпер мне сапраўды сталі цікавымі гэтыя хлопцы. Апошнія некалькі гадоў у мяне як рэжысёра не было задач, звязаных з мноствам людзей, калектывам. Я скарачаўся, рабіў камерныя рэчы, дзе быў адзін чалавек, які жыў далёка ад грамадства. Таму ў гэтым праекце я бачу нейкі выклік.

Пра падрыхтоўку да здымак

На падрыхтоўчым этапе ўжо складваецца ўяўленне, якім будзе фільм у ідэале, прыдумваецца рэжысёрскі ход. Аднак дакументальнае кіно мае сваю асаблівасць — яно не да канца прадказальнае. Таму бывае так — умешваецца жыццё, і калі ты прыязджаеш на месца і сутыкаешся з рэальнасцю, дасканалыя тэарэтычныя схемы, нейкія ўдалыя драматургічныя канструкцыі, прадуманы падыход разбураюцца. Гэта такая заканамернасць, якую ты заўсёды маеш на ўвазе. Таму пэўныя развагі ў самым пачатку працы, задоўга да здымак, часта потым аказваюцца бессэнсоўнымі. Прыязджаеш да герояў, глядзіш на сітуацыю, назіраеш. І тады неяк спрабуеш зарыентавацца і, па магчымасці, выкарыстаць нешта з таго, што ты сам раней прыдумаў. І гэты працэс адаптацыі, арыентацыі на месцы — няпросты і не імгненны, ад яго потым шмат што залежыць, ён вызначае далейшае. Трэба пабыць з героямі патрэбны час, нічога не здымаючы, нават не дастаючы камеру — гэта можа быць тыдзень, можа, болей, некалькі месяцаў, па-рознаму бывае. Гэты момант збліжэння — вельмі важны, не менш важны, чым здымкі. Пакуль гэтая стадыя не будзе пройдзеная, нельга пачынаць здымкі. На жаль, гэта не заўсёды разумеюць чыноўнікі, ад якіх залежыць фінансаванне, яны маюць іншае ўяўленне: машына са здымачнай групай прыехала, трэба разгружацца, даставаць камеру і тут жа здымаць, не губляць часу. Так рабіць — гэта значыць дзейнічаць непрафесійна.

Пра пошук тэм

Тэма для будучага фільма шукаецца звычайна цяжка і пакутліва. А калі яна ўжо ёсць, пачынаецца іншы працэс, часта не менш складаны, — пошукаў фінансавання. І гэта можа цягнуцца вельмі доўга.

Бывае, пакуль ты заявіш сцэнарый, знойдзеш грошы, падрыхтуешся, глядзіш — сітуацыя ўжо іншая, людзі сышлі і здымаць няма сэнсу.

Часам рэжысёры бяруцца за цікавыя ім гісторыі, якія адбыліся ў далёкім мінулым. Гэтыя дыяфільмы, дзе паказваюцца фота і гучыць голас дыктара, не маюць дачынення да кіно, з імі выдатна спраўляецца тэлебачанне. Дакументалістыка ж у асноўным павінна быць пабудавана на жывым матэрыяле, калі падзеі адбываюцца тут і цяпер. І тады ў тэме ёсць патэнцыял для кіно. Зразумела, я тут абагульняю, насамрэч гэта не значыць, што нельга мець справу з гістарычнымі тэмамі.

Часам бярэшся за тэму, прыдуманую журналістамі. У мяне было некалькі такіх выпадкаў. Аднойчы я паверыў газетным артыкулам і паехаў здымаць ва Украіну — без падрыхтоўкі, без яснага разумення сітуацыі — пра дзеда, у якога быццам было тры жонкі адначасова. На самой справе ніякага гарэма не было. Жонка звар'яцела, муж пашкадаваў здаваць яе ў спецустанову, з яе згоды прывёў маладую жанчыну, якую муж-п'яніца выгнаў на вуліцу. Да гэтай жанчыны прыехала сястра, таксама няшчасная. Так гэтыя жанчыны існавалі ў адной хаце з дзедам, разам выжывалі. Калі я прыехаў, звар'яцелая ўжо памерла, а сястра з'ехала. Фільм незапланавана стаў драматычнай гісторыяй, але гэта аказалася жыццёвая драма, а не любоўная.

24-36

Пра адбор і ілюзіі

У нас паступова знікае прафесійнае кінаасяроддзе. Хто памёр, хто пайшоў на пенсію, хто проста адышоў ад кінавытворчасці. Малодшыя проста не прыйшлі. То бок яны быццам ёсць, але іх мала хто ведае. Іх прафесійная падрыхтоўка вельмі слабая. Гэтая тэндэнцыя яшчэ і стымулюецца сучасным развіццём відэатэхнікі, якая дае ілюзію лёгкасці і даступнасці кінапрацэсу. Якімі б ілюзіямі аўтары сябе не цешылі, агульная і спецыяльная адукацыя вырашае многае. Ёсць адзінкі, проста адораныя людзі, якія справяцца і без гэтага, але яны з'яўляюцца выключэннем.

Людзей для працы ў кіно трэба адбіраць. Калі ў прыродзе няма адбору — вы ведаеце, што атрымліваецца. У нашым кіно яго якраз няма, таму што гэтая прафесія робіцца маргінальнай, сервільнай. З яе не толькі цалкам знікае творчасць, яна і на жыццё не дае зарабіць. Нашы ігравыя фільмы ператварыліся ў поўны трэш, цяпер і дакументальныя кіруюцца у гэты бок.

А калі няма запатрабаванасці і творчай, свабоднай атмасферы — тады няма канкурэнцыі. У любой прафесіі ёсць людзі, якія прэтэндуюць на тое, каб выйсці з шэрасці, але ў нашай дакументалістыцы сёння, мне здаецца, зашмат невыразных фільмаў.

Рэжысёр павінен быць асобай — мець грамадзянскую пазіцыю, сфарміраваны светапогляд, шчырую цікавасць да чалавека. Гэта чалавек, які бачыць жыццё глыбей і шырэй, чым іншыя.

Пра сябе як рэжысёра

У кожным маім фільме, акрамя прахадных, паказваецца маё стаўленне да рэальнасці — праз прыроду, даўжыню плана, нейкую дэталь. Я часам пазбягаю слова ў кіно, без яго мне камфортней, таму што ўвогуле люблю цішыню на здымачнай пляцоўцы, пустэльныя месцы, руіны, нешта старое і закінутае. Люблю прыроду за тое, што яна розная і адначасова аднолькавая.

Часам я думаю: можна ўсё жыццё здымаць фільмы пра знікненне традыцыйнай вёскі і не тлуміць сабе галаву — і гэтага хопіць.

Сёння мая праблема як рэжысёра — у пэўнай тэматычнай абмежаванасці. Каб гэта змяніць, трэба пазбягаць выпрацаваных штампаў і мілай мне сістэмы існавання ў дакументалістыцы. Я нават спакойна кажу, што, магчыма, не буду займацца кіно. Калі ты доўга жывеш адной прафесіяй, часам становіцца цяжка працаваць толькі таму, што ты ўжо ведаеш, як гэта рабіць і глядзіш на працэс прызвычаеным поглядам — няма азарту. Трэба скінуць гадоў 15-20 і пачаць усё нанова, а паколькі я гэтага не магу, трэба далей рабіць, як рабіў, але спрабаваць па-іншаму. Толькі наіўна думаць, што па-новаму — значыць лепш. Я разумею, колькі трэба ўкласці працы ў асобныя праекты, не жыць нічым, акрамя фільма. Для мяне гэта подзвіг. Таму кіно — справа маладых, гатовых на гэтыя подзвігі. Але ж і я яшчэ не стары...

Пра крытыку

Ацэнка іншымі таго, што ты робіш — умоўнасць. Гэта, вядома, важна. Але часам я бачу, што чалавек, напрыклад, на нейкіх сустрэчах, хваліць мяне беспадстаўна. Бывае, гэта ідзе ад глыбокага неразумення фільма, і мне тады робіцца няёмка.

Як рэжысёр я сам лепей за астатніх ведаю недахопы і добрыя бакі майго фільма. Але кожны рэжысёр, які шмат здымае, мае права на няўдачу. Часам яна бывае не ад таго, што ты няздольны, а ад таго, што так збягаюцца абставіны. Гэта такая прафесія. Тут не бывае прамога шляху ад добрага да яшчэ лепшага.

Увогуле, пры тым, што ў нас ёсць прафесійныя, сур'ёзныя крытыкі, мне іх шкада: яны не могуць паўнавартасна існаваць, бо цяпер няма беларускага кіно як з'явы.

Пра камерцыйны падыход у кіно

Адна з прычын сённяшнага стану кіно заключаецца ў дзяржаўнай стратэгіі на гэты конт. З аднаго боку, дзяржава быццам разумее важнасць нацыяльнага кіно самога па сабе і фінансуе яго. Аднак, варта адзначыць, што гэта ў той ці іншай форме робіцца ва ўсіх без выключэння цывілізаваных краінах, гэта неабходнасць. З другога боку, у нас цяпер жупелам робіцца тэрмін «самаакупнасць». У адпаведнасці з такім падыходам кіно, у тым ліку і дакументалістыка, і анімацыя, разглядаюцца толькі як рыначны прадукт, яго каштоўнасць вымяраецца грашамі, якія на ім можна зарабіць. Пры тым, што кінавытворчасць — гэта бізнес, чыста матэрыяльным складнікам тут справа вычэрпвацца не можа. Сапраўднае кіно мае дачыненне да мастацтва, да культуры, да агульных нацыянальных каштоўнасцяў народа. Урэшце, геніяльная паэзія, якая апавядае пра ўніверсальнае — каханне, смерць, чалавечае жыццё — далёка не камерцыйны прадукт, ён не прыносіць прыбытку.

Такім чынам, пры панаванні голага камерцыйнага падыходу ігнаруюцца нейкія сутнасныя рэчы, звязаныя з прыродай кіно. У выніку, забіваецца сама сутнасць прафесіі рэжысёра. Пры такіх умовах ні пра якія творчыя памкненні гаворка ісці ўжо не можа.

Мы вымушаны існаваць у кімсьці прыдуманых тэматычных рамках. А гэта аснова правалу. Рэжысура ў такіх абставінах робіцца прыкладным рамяством, якое не можа вырабляць хоць што-небудзь вартае. Фатальна для нашага кіно, што гэта не ўсведамляецца на ўзроўні тых, хто прымае рашэнні па фінансаванні беларускай кінавытворчасці.

Пра беларускасць у кіно

Беларускасць пакуль не можа праяўляцца ў нашым кіно. З самага пачатку існавання наша кінематаграфія была адной з самых русіфікаваных сфер. Так сталася, што ў савецкія часы ў нас працавалі многія выдатныя рэжысёры, якія прыехалі з іншых рэспублік. Некаторыя з іх для Беларусі зрабілі больш, чым самі беларусы. Але ўсё ж такі беларускасць у кіно — гэта справа найперш беларусаў, то бок людзей з сучасным мысленнем, у якім нацыянальнае шмат значыць. Толькі праз беларускую прызму мы можам глядзець на свет, і гэтым мы цікавыя і сабе, і іншым. Я перакананы, што глабалізаванае грамадства непазбежна будзе стымуляваць нацыянальныя тэндэнцыі ў мастацтве.

Што такое мастацтва кіно?

Для мяне гэта лепшыя фільмы Таркоўскага, Бергмана, Брэсона, Пелешана, Сакурава і некаторых іншых рэжысёраў. Сама размова пра мастацтва кіно бясконцая.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.