Вы тут

Картка стала сейфам


Гэтае сцвярджэнне дзейнічае толькі тады, калі трымальнік карткі дакладна выконвае ўмовы дагавора з банкам-эмітэнтам аб яе выкарыстанні

У нашу рэдакцыйную пошту працягвае паступаць шмат розных пытанняў, якія тычацца безнаяўных разлікаў. Сумесна з фінансавымі экспертамі наша выданне працягвае кансультацыі па самых актуальных напрамках гэтай сферы. На пытанні чытачоў «Звязды» адказвае выканаўца абавязкаў дырэктара акцыянернага таварыства «Плацежная сістэма «БелКарт» Уладзімір Гусараў.

24-541

Прэзумпцыя невінаватасці «па-банкаўску»

Алена Грэчка, г. Орша.

— Я працую ў банку. Прынцып нулявой адказнасці ўзаконіў Нацыянальны банк краіны адпаведным дакументам. Як гэта паўплывае на бізнес фінансавых устаноў?

— Пастанова Нацбанка краіны №843 адназначна станоўча паўплывае на развіццё айчыннага рознічнага банкаўскага бізнесу. Раней, да выхаду гэтага рашэння рэгулятара, усе недахопы тэхналогій у галіне аперацый з банкаўскімі карткамі фактычна аплачваў кліент-трымальнік банкаўскай карткі, калі з яго рахунку несанкцыянавана спісваліся грашовыя сродкі.

Цяпер, у выніку рашэння Нацыянальнага банка, грашовыя сродкі кліента юрыдычна абаронены, калі чалавек выканаў усе ўмовы дагавора з банкам-эмітэнтам па выкарыстанні карткі. Рэпутацыя банкаў і давер да іх як пастаўшчыкоў фінансавых паслуг, безумоўна, сёння павысіцца. Але трымальніку карткі таксама важна разумець і тое, што ён абавязаны дакладна выконваць умовы падпісанага дагавора. На мой погляд, сёння лозунг «захоўвайце грошы ў банку» напоўніўся яшчэ большым эканамічным сэнсам на карысць кліентаў.

— Як гэтая пастанова паўплывае на трымальніка карткі, у якога сапраўды былі спісаныя сродкі? Што кліент банка павінен рабіць, калі выявіў несанкцыянаванае спісанне сродкаў? — спрабуе ўдакладніць сваё пытанне спадарыня Алена.

— Новая рэдакцыя інструкцыі аб парадку здзяйснення аперацый з банкаўскімі плацежнымі карткамі дае адназначныя адказы для трымальнікаў картак аб парадку іх дзеянняў пры выяўленні фактаў несанкцыянаваных аперацый спісання грошай з іх рахункаў. Так, пры выяўленні ашуканскіх аперацый па рахунку кліент павінен у 30-дзённы тэрмін з моманту атрымання інфармацыі аб змене астатку па рахунку, да якога выпушчана банкаўская картка, звярнуцца з пісьмовай заявай у банк, які выпусціў картку, з апратэставаннем не санкцыянаваных ім расходных аперацый.

Банк, у адпаведнасці са сваёй унутранай працэдурай, прааналізуе плацежную гісторыю кліента, каб пераканацца ў непарушэнні ім правіл выкарыстання карткі і іншых дзеянняў, якія можна было б кваліфікаваць як парушэнне дагавора. Пры выкананні дагаворных адносін, трымальнік карткі атрымлівае кампенсацыю грашовых сродкаў, несанкцыянавана спісаных з яго рахунку.

Па тэрмінах падобнае мерапрыемства выглядае так: вяртанне грошай кліенту па аперацыях на тэрыторыі нашай краіны адбываецца на працягу 45 каляндарных дзён, для аперацый за мяжой — 90 каляндарных дзён з даты звароту кліента з пісьмовай заявай у банк. Тут трэба асобна адзначыць, што кампенсацыя грашовых сродкаў банкам ажыццяўляецца толькі пасля пісьмовага звароту трымальніка карткі ў фінансавую ўстанову.

Хітрыкі з карткамі каштуюць дорага

Алесь Лісіца, г. Мінск.

— Не сакрэт, што сярод уладальнікаў картак бываюць і нячыстыя на руку дзялкі. Якім чынам банк будзе выяўляць такіх махляроў, што будуць спрабаваць падмануць банк і казаць пра незаконна спісаныя сродкі? Якое пакаранне чакае такіх «крэатыўных» трымальнікаў?

— Трэба адзначыць, што, згодна з агучанай пастановай № 843, калі банк атрымаў адпаведную пісьмовую заяву ад трымальніка карткі, то ён абавязаны пакрыць сродкі ў вызначаныя тэрміны, а ўжо потым завяршыць расследаванне аб несанкцыянаваным спісанні сродкаў. Калі ў выніку расследавання праваахоўнымі органамі высветліцца факт махлярства з боку трымальніка карткі, то такі нядобрасумленны кліент не толькі панясе адказнасць перад банкам, але і можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па артыкуле 209 КК Беларусі «Махлярства». Зразумела, што калі па выніках расследавання будзе выяўлены факт махлярства з боку кліента, то сума грашовых сродкаў, якую банк кампенсаваў яму, згодна з пастановай рэгулятара, будзе вернута чалавекам банку. Прынамсі, зыходзячы з практыкі выконвання трымальнікамі дэбетавых і крэдытных картак патрабаванняў заканадаўства, можна адзначыць, што ўзровень законапаслухмянасці грамадзян нашай краіны вельмі высокі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».