Вы тут

Апошняя рэпетыцыя ЦТ


Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў вырашыў падоўжыць яшчэ на месяц трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання. Але ў маі прайсці яго можна будзе толькі непасрэдна на базе самога інстытута ў Мінску.

— Мы праводзім рэпетыцыйнае тэсціраванне кожны дзень. І калі пашанцуе, то абітурыент можа зарэгістравацца на яго «дзень у дзень» або «сёння на заўтра», — расказаў журналісту «Звязды» дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Анлайн-рэгістрацыя ажыццяўляецца на нашым сайце www.rіkс.bу. Пры рэгістрацыі абітурыенту неабходна будзе пацвердзіць аплату аперацыі. Дзякуючы гэтаму верагоднасць таго, што чалавек сапраўды прыйдзе на іспыты, павялічваецца.

Заключны, трэці этап рэпетыцыйнага тэсціравання, як правіла, прыцягвае найбольшую ўвагу абітурыентаў, паколькі праходзіць ужо заўсёды з улікам новай спецыфікацыі тэстаў. Да таго ж у красавіку ўжо засвоена ўся школьная праграма і гэта самы зручны час, каб здзейсніць «разведку боем». У гэтым навучальным годзе падчас усіх трох этапаў «рэпетыцыі» экзаменацыйных выпрабаванняў было здадзена ўжо каля 200 тысяч чалавека-тэстаў, з іх 80 тысяч тэстаў было напісана менавіта падчас трэцяга этапу — у сакавіку—красавіку.

Мікалай Фяськоў патлумачыў, што абітурыенты могуць прайсці як традыцыйнае рэпетыцыйнае тэсціраванне на бланку, так і камп'ютарнае тэсціраванне. Апошнім часам штодня ў інстытут прыходзяць каля 50 чалавек: прыкладна палова з іх ідзе на звычайнае тэсціраванне, а другая на камп'ютарнае. Каштуе камп'ютарны тэст столькі ж, колькі і рэпетыцыйнае тэсціраванне на бланках, — 50 100 рублёў.

Існуюць тры рэжымы камп'ютарнага тэсціравання. У трэніровачным рэжыме ўдзельнік не абмежаваны ў часе праходжання тэста, а таксама ў любы момант ён можа скарыстацца падказкай камп'ютара. У кантрольным рэжыме на рашэнне тэста адводзіцца такі ж час, як і на ЦТ, і выконваецца ён без падказак. Самы ж набліжаны да ўмоў ЦТ — кантрольны рэжым на бланку: тут таксама абмежаваны час, адсутнічаюць падказкі, але правільныя адказы трэба ўносіць у электронную версію бланка, які цалкам адпавядае арыгіналу бланка ЦТ.

Перавага камп'ютарнага тэсціравання ў тым, што абітурыент адразу даведваецца пра свой вынік, а таксама ў яго ёсць магчымасць зрабіць работу над памылкамі, убачыць сваё рашэнне задачы і правільныя адказы. Тэсты, якія выконваюцца на камп'ютары, адрозніваюцца па змесце заданняў ад тых, што рыхтаваліся для пунктаў тэсціравання. Таму абітурыенты, якія ўжо прайшлі папяровае рэпетыцыйнае тэсціраванне, могуць яшчэ раз праверыць свае веды ўжо на камп'ютары.

— Трэба мець на ўвазе, што пры падліку балаў на рэпетыцыйным і камп'ютарным тэсціраваннях выкарыстоўваецца тая ж методыка, што і на ЦТ. А гэта значыць, што якую б форму тэсціравання для праверкі сваіх ведаў абітурыент ні абраў, на яго тэставы бал гэта ніяк не паўплывае, — тлумачыць Мікалай Фяськоў.

У працоўныя дні тыдня рэпетыцыйнае тэсціраванне распачынаецца ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў у 14 гадзін, а па суботах — у 11 гадзін.

Сёння літаральна на кожным кроку можна сустрэць прапановы падрыхтаваць абітурыентаў да цэнтралізаванага тэсціравання, так бы мовіць, у экстранным парадку. Мы вырашылі пацікавіцца меркаваннем Мікалая Фяськова наконт эфектыўнасці такой падрыхтоўкі.

— Многія абітурыенты памыляюцца, калі думаюць, што можна якасна падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання за паўгода ці ўвогуле за некалькі месяцаў, толькі бясконца рашаючы тэсты. На жаль, такога меркавання прытрымліваюцца і некаторыя настаўнікі, якія вучаць дзяцей па тэстах. Але ж гэта няправільна! Мы не стамляемся паўтараць, што нашы заданні адпавядаюць школьнай праграме, але тэсты не перадаюць усёй паслядоўнасці таго ці іншага курса, а таму рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання трэба не па тэстах, а па падручніку. Тэст — гэта, найперш, сродак дыягностыкі, — падкрэсліў Мікалай Фяськоў. — Вядома, абітурыенты павінны мець навык работы з тэстамі, але я маю на ўвазе тэхналогію запаўнення бланкаў, псіхалагічную падрыхтоўку, уменне разлічыць час на выкананне тэставых заданняў. З гэтай мэтай мы і праводзім рэпетыцыйнае тэсціраванне. Дарэчы, часцяком менавіта няведанне абітурыентам тэхнічных нюансаў становіцца прычынай зніжэння яму агульнай адзнакі. Авалодваць гэтай «навукай» падчас сапраўднага экзамену, калі трэба супакоіцца, сабрацца з думкамі і паказаць неабходныя веды, азначае губляць каштоўны час.

Што тычыцца прапаноў рэпетытараў, то яны могуць дапамагчы прывесці ў сістэму веды, атрыманыя выпускніком у школе. Але ўжо пазнавата раздаваць абітурыентам нейкія абяцанні. Каб атрымаць высокі вынік на ЦТ, патэнцыяльным студэнтам трэба было шмат працаваць, прычым не толькі ў выпускным класе.

Між іншым, у Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў вынікі тых, хто ўдзельнічае ў некалькіх этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, уважліва адсочваюць і адзначаюць станоўчую дынаміку ў тых, хто звяртаўся да дыягностыкі сваіх ведаў не адзін раз. Зразумела, што толькі ўдзел у рэпетыцыі не дазваляе спадзявацца на стапрацэнтны поспех на цэнтралізаваным тэсціраванні. Але абсалютна відавочна, што і псіхалагічная, і тэхнічная падрыхтоўка будзе для абітурыентаў зусім не залішняй.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.