Вы тут

На экзамен — без букета?


Практыку арганізацыі выпускных экзаменаў у школе, калі бацькі рыхтуюць кветкі для экзаменатараў, накрываюць ім сталы (клапоцяцца пра цукеркі, бутэрброды, ваду), трэба выкараняць, як лічыцьначальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Святлана Уклейка.

24-56

24-56

 

«Гэта менавіта той выпадак, калі традыцыя не зразумела чаму ўзнікла і як стваралася. Такога ў прынцыпе нельга рабіць. У нашай краіне ўжо досыць шмат устаноў, якія ў сябе гэтую сітуацыю прынцыпова агаворваюць, — падкрэсліла Святлана Уклейка. — Прыём экзаменаў для настаўніка — гэта праца, што прапісана службовымі абавязкамі і правіламі ўнутранага працоўнага распарадку. Усё адбываецца ў рамках працоўнага часу».

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі паведаміла, што ў гэтым навучальным годзе на базе асобных устаноў адукацыі праходзіў эксперымент па ўкараненні незалежнай атэстацыі за базавую школу.

Як вядома, абавязковая адукацыя ў Беларусі — дзевяцігадовая базавая. Але, напрыклад, у Мінску 67—68% выпускнікоў базавай школы пераходзяць на старшую яе ступень незалежна ад сваіх здольнасцяў, памкненняў і жадання вучыцца. Менавіта таму падчас абмеркавання будучых паправак у Кодэкс аб адукацыі гучалі прапановы ўстанавіць на ўваходзе ў старшую школу пэўны бар'ер.

Варыянты прапаноўваліся розныя. Напрыклад вырашыць праблему адбору найлепшых зацвярджэннем кантрольных лічбаў прыёму ў 10-ты клас. Ці ўвесці нейкі «прахадны» бал (сярэдні бал атэстата), каб тыя, у каго вынікі вучэбнай дзейнасці за дзявяты клас будуць ніжэйшыя, задумаліся над выбарам прафесіі. Але ж самі педагогі канстатуюць, што «вага» адных і тых жа адзнак, якія выстаўляюцца ў розных школах, можа быць рознай. Яны, на жаль, часта бываюць суб'ектыўнымі. І гэта не зусім правільна, што дзяцей атэстоўваюць тыя ж людзі, якія іх і навучаюць.

Між іншым, у многіх краінах свету праводзіцца знешні дзяржаўны экзамен, што з'яўляецца адным з крытэрыяў для паступлення на больш высокі ўзровень адукацыі. Магчыма, і нам трэба вырашаць далейшы лёс выпускнікоў базавай школы на падставе дзяржаўнай знешняй атэстацыі, вынікі якой не будуць залежаць ні ад настаўніка, ні ад школы, ні ад інтарэсаў таго ці іншага рэгіёна.

Да таго ж з мінулага года пры паступленні ў ССНУ на аснове базавай адукацыі адменены ўступныя іспыты і абітурыентаў цяпер прымаюць па сярэднім бале дакумента аб агульнай базавай адукацыі. Такім чынам, ёсць рэальная пагроза, што ўстановы адукацыі можа захліснуць «працэнтаманія» добрых адзнак.

Міністэрствам адукацыі быў зацверджаны пералік інавацыйных пляцовак для апрабацыі незалежнай знешняй атэстацыі.

— У кожным рэгіёне былі ўзяты па дзве ўстановы. Эксперымент мы свядома праводзілі менавіта падчас навучальнага года, каб мінімізаваць дыскамфорт пры здачы экзаменаў, — патлумачыла Святлана Уклейка. — Апрабавалі арганізацыю незалежнай атэстацыі і на ўзроўні раёна, і на ўзроўні горада. Ва ўсіх установах прысутнічалі спецыялісты Нацыянальнага інстытута адукацыі. Плюс апрабавалі сам змест экзаменаў. Адпрацоўваліся розныя варыянты. Эксперымент праходзіў у два этапы: у першым паўгоддзі па двух прадметах і яшчэ па двух прадметах — у другім паўгоддзі. Цяпер старанна аналізуем вынікі і ўсе тыя пытанні, заўвагі, пажаданні, прапановы, якія паступілі з месцаў — ад настаўнікаў, старшыняў камісій, начальнікаў аддзелаў адукацыі, дырэктараў школ. Казаць, што з наступнага года мы ўвядзём незалежную атэстацыю паўсюдна, не будзем, таму што гэта вельмі сур'ёзны крок і пытанне яшчэ трэба прапрацаваць.

Між іншым, пасля пераносу вуснага экзамену па гісторыі Беларусі з базавай у сярэднюю школу задача незалежных экспертаў, безумоўна, спрасцілася...

Дарэчы, выпускнікам базавай школы не пашкодзіць ведаць, што з гэтага года залічэнне ў профільныя 10-я класы будзе ажыццяўляцца на аснове конкурснага адбору. Ён будзе праводзіцца па сярэднім бале дакумента аб базавай адукацыі. У ахвотных вучыцца ў профільных класах сярэдні бал пасведчання павінен быць не ніжэйшы за 6 балаў, а па профільных прадметах адзнакі не могуць быць ніжэйшыя за 7 балаў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.